Вы тут

Чаму некаторых мужчын і жанчын «перамыкае» на партнёры?


Каханне — гэта, безумоўна, вялікая сіла. Але разам з тым — слабасць. А часам яно бывае хваробай.


Чаму некаторых мужчын і жанчын «перамыкае» на партнёры? Якія людзі часцей за ўсё аказваюцца ў палоне пачуццяў, адкуль не могуць вырвацца? У якой дапамозе яны маюць патрэбу? Пра гэта наша размова з псіхолагам, гештальт-тэрапеўтам Аленай Гурынай.

— Алена Пятроўна, што такое любоўная залежнасць і чым, уласна кажучы, яна адрозніваецца ад кахання?

— У норме каханне — гэта пачуццё спелых асоб, якія будуюць адносіны, каб падзяляць паўнату жыцця. Яно мае на ўвазе і самапавагу, і павагу таго, хто побач. А для любоўнай залежнасці характэрныя фіксацыя на партнёры і на жаданні быць ім каханай(-ым), імкненне цалкам кантраляваць спадарожніка, ігнараванне ўласных інтарэсаў. Яна нараджаецца з адчування ўласнай непаўнавартасці і балючай патрэбы ў выбранніку. Гэта паталагічны эмацыянальны стан, які нельга лічыць нормай.

— Якімі рысамі і характарыстыкамі надзеленыя людзі, схільныя да такога роду адносін? Наколькі гэта распаўсюджаная з'ява?

— Часта такая паталогія характэрная для тых, хто рос у дысфункцыянальных сем'ях, дзе паміж дзецьмі і бацькамі не было цёплай эмацыянальнай сувязі. Многія бацькі і маці патрабуюць ад дзяцей адпаведнасці пэўнаму вобразу, не прымаюць іх такімі, якія яны ёсць, з іх асаблівасцямі і ўнікальнасцю. Калі дочкі і сыны не трапляюць у зададзеныя рамкі, то ім адмаўляюць у цяпле, спагадзе, падвяргаюць эмацыянальнаму ці нават фізічнаму гвалту. Напрыклад, дарослыя жадаюць бачыць сваю дзяўчынку паслухмянай, сціплай, гаспадарлівай, а яна расце актыўнай, бойкай і хоча займацца каратэ.

Каб атрымаць любоў, дзіця вымушана падладжвацца. Так зараджаюцца адчуванне ўласнай непаўнавартасці, прыніжанай самаацэнкі, імкненне дагадзіць, быць добрым і патрэбным — адметныя рысы схільных да любоўнай залежнасці людзей. Вялікая верагоднасць фарміравання гэтых асаблівасцяў у тых сем'ях, дзе пакутуюць на алкагольную, наркатычную залежнасць, дзе ёсць працаголікі, дзе не задавальняюцца патрэбы дзіцяці ў эмацыянальнай і фізічнай бяспецы, прыняцці, клопаце. У будучым такія мужчыны і жанчыны спрабуюць атрымаць ад свайго выбранніка ўсё тое, чаго недаатрымалі ў свой час ад бацькоў.

— Якіх партнёраў часцей за ўсё выбіраюць тыя, хто схільны да любоўнай залежнасці?

— Як правіла, падобных на бацьку ці маці — халодных, незацікаўленых у іх. Падсвядома яны адмаўляюцца ад цёплых і зразумелых адносін, у якіх няма драйву, напалу.

— Хто больш пакутуе ў такіх адносінах — самі залежныя ці іх выбраннікі?

— Пакутуюць і тыя, і іншыя. Залежным хранічна не хапае любові. Звычайна яны вельмі самааддана служаць партнёрам, ахвяруючы сваім часам і інтарэсамі і, вядома, хочуць, каб ім плацілі тым жа. А калі такога не адбываецца, зведваюць крыўду, трывогу, тугу, у іх расце адчуванне пакінутасці, непатрэбнасці, адзіноты. Такія мужчыны і жанчыны часта без падстаў раўнуюць сваіх спадарожнікаў, праяўляюць агрэсію, імкнуцца кантраляваць кожны крок, пастаянна парушаюць асабістыя межы. І гэта, зразумела, дастаўляе тым масу нязручнасцяў, пазбаўляе душэўнай раўнавагі і камфорту.

— Гэта значыць, што падобныя шлюбы, саюзы непрацяглыя?

woplan.net

— Нягледзячы на пакуты і незадаволенасць з абодвух бакоў, такія адносіны могуць захоўвацца доўга. Схільныя да любоўнай залежнасці маюць патрэбу ў інтэнсіўных, экстрэмальных эмоцыях: ім неабходны моцныя эмацыянальныя шалі — ад эйфарыі да адчаю. І часта партнёры не знаходзяць сіл развітацца. Прынцып жыцця такой пары — разам невыносна, а паасобку — немагчыма. Доўгі час я працавала з тымі, хто пакутуе на наркатычную і алкагольную залежнасць, пераважна з прадстаўнікамі моцнага полу. У многіх іх спадарожніц назіралася відавочная любоўная залежнасць.

Мяне вельмі дзівілі прызнанні ў тым, як мужчыны кідаюцца на іх з нажом, б'юць, марнуюць сямейны бюджэт на наркотыкі або гульні, а раніцай соты раз клянуцца, «што такога больш не паўторыцца», і жанчыны зноў і зноў даруюць і працягваюць клапаціцца аб такіх партнёрах, нават не думаючы расставацца з імі.

Вядома, ёсць тыя, хто хоча пераадолець сваю «фіксацыю», разарваць разбуральныя адносіны, але зрабіць гэта самастойна часта не атрымліваецца. Не хапае ўнутраных рэсурсаў. Такія людзі маюць патрэбу ў падтрымцы спецыялістаў, якія дапамагаюць убачыць негатыўныя наступствы падобных адносін, дапамагаюць знайсці іншыя крыніцы цяпла, інтарэсы, сферы прыкладання сваёй энергіі, здольнасцяў.

— Ці праўда, што залежныя ад кахання, пазбавіўшыся ад дакучлівай фіксацыі на чалавеку, часцей за ўсё ўпадаюць у іншую залежнасць — алкагольную, наркатычную, працагалізм?

— Гэта можа адбыцца ў выпадках, калі балючыя адносіны былі спыненыя без усведамлення таго, што выклікала такую цяжкую прыхільнасць. Але больш верагодны зваротны сцэнарый. Пазбавіўшыся ад хімічнай залежнасці, людзі, хутчэй за ўсё, будуць будаваць эмацыянальна залежныя адносіны. Механізмы, асаблівасці фарміравання, сімптомы розных фіксацый падобныя.

Тая ж канцэнтрацыя на аб'екце прыцягнення, тое ж імкненне быць як мага больш з прадметам страсці, страта іншых інтарэсаў і патрэб, няздольнасць адчуваць радасць і задавальненне без прысутнасці чалавека або рэчыва.

— Хто часцей схільны да залежнасці ад кахання — жанчыны ці мужчыны?

— У большай ступені, мабыць, жанчыны. Гэта звязана з тым, што доўгі час у грамадстве жаночы ідэал меў на ўвазе характэрныя для любоўнай залежнасці рысы: ахвярнасць, падпарадкаванне сваіх інтарэсаў і жаданняў партнёру, клопат пра яго. Хоць хапае і мужчын, якія маюць такія ж асаблівасці.

— Якая дапамога найбольш эфектыўная для гэтых людзей?

— Псіхатэрапеўтычная. Часам яна досыць працяглая. Калі пара імкнецца захаваць адносіны, прадугледжваецца работа з абодвума партнёрамі. Медыкаментозная падтрымка гэтай катэгорыі патрабуецца ў тых выпадках, калі псіхалагічныя праблемы прыводзяць да саматычных наступстваў — павышэння ціску, галаўных і сардэчных боляў, бяссонніцы.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: На табе сышоўся клінам белы свет

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.