Вы тут

«Паўстанне» манікюршаў і «квэст» у краме. З-за чаго ў Латвіі пачаўся хаос?


Гандлёвыя абмежаванні ў Латвіі будуць дзейнічаць яшчэ на працягу гэтага тыдня — да 25 студзеня. Таксама на найбліжэйшыя выходныя распаўсюджваецца «каменданцкая гадзіна». Кабмін краіны на мінулым тыдні падоўжыў «вета» і адначасова пашырыў асартымент тавараў, якія можна купіць у крамах. Пералік дазволеных да продажу тавараў быў дапоўнены Міністэрствам эканомікі і ўхвалены на пасяджэнні ўрада. Акрамя зацверджанага раней мінімуму ў крамах дазволена прадаваць шкарпэткі, панчохі (рознага выгляду), а таксама шапкі, рукавіцы, рыдлёўкі і шуфлікі, электраабсталяванне для абагрэву памяшканняў. Аматары кулінарыі змогуць набываць пергаментную паперу для выпечкі. Таксама «дазволены» газавыя балоны, свечкі, запалкі, канверты, упаковачная папера, сродкі па доглядзе за домам, печы, замкі, ацяпляльныя катлы, артапедычныя прылады, слыхавыя апараты, запальніцы і... труны. З-за чаго ў Латвіі паўстаў хаос?


Позна спахапіліся

Каранавірус выклікаў заканадаўчую мітусню ў Латвіі: новыя правілы ўводзяцца і адмяняюцца амаль штотыдзень, пералік дазволеных да продажу тавараў вар'іруецца ад крамы да крамы, а для пакупкі бытавых дробязяў часам трэба ехаць у суседні горад, заўважае Бі-бі-сі. Балтыйская дзяржава змагаецца з распаўсюджваннем каранавіруса не так, як усе. Калі звычайна ў краінах Еўропы ўрад абавязвае прадпрымальнікаў зачыняць нехарчовыя крамы, то ў Латвіі гаворка ідзе пра забарону на продаж нехарчовых тавараў.

Выглядае гэта так: усярэдзіне адной крамы частка стэндаў адкрыта, частка — заклеена. Набываць тавар з адкрытых стэндаў можна непасрэдна на месцы. А вось «забаронку» прыходзіцца заказваць праз інтэрнэт або па тэлефоне. Каля касы вас могуць папрасіць выйсці з крамы, пазваніць па тэлефоне, зрабіць заказ, а ўжо потым вярнуцца па пакупкі.

Справа ў тым, што непасрэдны продаж большасці нехарчовых тавараў забаронены, а вось інтэрнэт-гандаль тымі ж таварамі дазволены. У выніку латвійскія гандляры масава пераводзяць кантактавы продаж на бескантактавы, але ў людзей гэта выклікае здзіўленне.

Увесну балтыйскія краіны адрэагавалі на пандэмію даволі аператыўна — рэжым надзвычайнай сітуацыі ў Латвіі быў уведзены ў сакавіку, калі ў краіне было зарэгістравана ўсяго 16 выпадкаў заражэння каранавірусам. Граніцы былі зачынены, школы перайшлі на «аддаленку», спартыўныя клубы зачыніліся, аднак гандлёвыя цэнтры, аб'екты грамадскага харчавання і салоны прыгажосці працягвалі працаваць. Не было ні лакдаўнаў, ні каменданцкай гадзіны, аднак вуліцы і крамы апусцелі самі сабой — людзі баяліся выходзіць з дому.

Нягледзячы на мяккія па еўрапейскіх мерках абмежаванні, першую хвалю Латвія перажыла з мінімальнымі стратамі — захваральнасць на піку была прыкладна ў дзесяць разоў ніжэй, чым, напрыклад, у Іспаніі. Аднак за паўгода — да пачатку лістапада — распаўсюджванне каранавіруса вырасла ў восем разоў. Спартыўныя клубы працавалі, самалёты лёталі, сістэма грамадскага харчавання працавала без абмежаванняў, спа-цэнтры прымалі наведвальнікаў. Урад абвясціў рэжым надзвычайнай сітуацыі толькі 9 лістапада, і вось тут у краіне пачаўся хаос, адзначае Бі-бі-сі.

Лакдаўн на выхадных

Спачатку ўсе крамы, дзе прадаюцца тавары не першай неабходнасці, павінны былі зачыняцца па выхадных. Сетка грамадскага харчавання працавала толькі на вынас, салоны прыгажосці зачыніліся, але цырульнікі працуюць.

Гэта выклікала здзіўленне сярод тых, хто больш не мог прымаць кліентаў: чаму стрыгчыся бяспечна, а рабіць манікюр — не. Работнікі індустрыі прыгажосці, у тым ліку спецыялісты па манікюры, пачалі збор подпісаў супраць абмежаванняў, правялі пікет каля парламента і дамагліся паслабленняў.

1 снежня ўрад дазволіў працаваць манікюршам і касметолагам, але адначасова ўвёў забарону на продаж цыгарэт, алкаголю і нехарчовых тавараў па выхадных днях. «Ключавая думка ў тым, што субота і нядзеля — не дні для пакупак, гэта не дні, калі мы можам дазволіць сабе адправіцца ў краму», — сказаў прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш.

У рэальнасці гэта азначала, што па выхадных днях прадуктовыя крамы адкрытыя, але стэнды з гаспадарчымі таварамі залепленыя плёнкай. Па выхадных нельга было купіць, напрыклад, вяхоткі, шкарпэткі, алкаголь і цыгарэты. У спіс дазволеных тавараў уваходзілі, напрыклад, магільныя свечкі, але не ўваходзілі звычайныя.

У выніку ўсім гэтым і многім іншым жыхары Латвіі на ўсялякі выпадак масава закупляліся ў пятніцу — той жа алкаголь набывалі незалежна ад таго, збіраліся яны выпіваць ці не. Тады ж была ўведзена забарона на масавыя мерапрыемствы. Гэта не перашкодзіла праціўнікам абмежаванняў сабраць у цэнтры Рыгі некалькі сотняў чалавек. Яны ўдзельнічалі ў двух пікетах, правёўшы без масак у цеснай кампаніі каля сямі гадзін.

Вечарынкі з... сабакамі

Да 17 снежня двухтыднёвы паказчык узроўню заражэнняў на 100 тысяч чалавек дасягнуў 453, хоць яшчэ ў пачатку зімы было 335. Абмежаванні, відавочна, не спрацавалі. Таму ўрад памяняў тактыку: закрыў салоны прыгажосці, дазволіў гандаль алкаголем па выхадных і распаўсюдзіў забарону на продаж нехарчовых тавараў на ўвесь рабочы тыдзень.

Латвія — пераважна лютэранская краіна, адпаведна, калядныя вакацыі прыпадаюць на снежань. Такім чынам, вечарам 17 снежня жыхары краіны ўсвядомілі, што ў іх ёсць паўтара дня, каб купіць не толькі падарункі на Новы год, але і ўсе нехарчовыя тавары, якія будуць забароненыя ў найбліжэйшы месяц. Поўнага спісу забароненых і дазволеных тавараў на той момант не было.

«Эксперыменты з «нелегальнымі» таварамі ўсё ж забаўляюць. У краме ўзяла фольгу і харчовую плёнку. На касе даведалася, што купіць магу толькі паперу для выпечкі. І гэта ўсё з той жа паліцы», — напісала ў «Твітэры» экс-міністр унутраных спраў Лінда Мурніецэ.

Да 29 снежня паказчык дасягнуў 501, і было відавочна, што ўведзеныя абмежаванні не даюць патрэбнага выніку. Урад ізноў змяніў тактыку: за два дні да Новага года палітыкі абвясцілі аб увядзенні каменданцкай гадзіны падчас свят і па выхадных днях. Пасля 22.00 належала знаходзіцца ў сябе дома, знаходжанне на вуліцы або ў гасцях — забаронена. Да аховы парадку былі прыцягнутыя пагранічнікі і народнае апалчэнне.

«Гэта значыць, 31 снежня ўрад прапануе прыходзіць у госці да 22.00 і заставацца да пятай раніцы? Лічыцца, што так будзе абмежавана распаўсюджванне віруса?» — напісаў у «Твітэры» экс-міністр адукацыі Вячаслаў Дамброўскі. На Новы год паліцыі ўдалося аформіць 1136 адміністрацыйных пратаколаў. «Уладальнікі дамоў, дзе праходзілі вечарынкі, спускалі сабак. У службовыя аўтамабілі ляцелі прадметы. Былі здзейснены напады [на вартавых парадку]», — распавяла на пасяджэнні парламенцкай камісіі сакратар МУС Сігне Балодэ.

Дзе логіка?

Тым часам урад вызначыўся са спісам забароненых тавараў. Напярэдадні Новага года ў краме можна было купіць ёлку, але нельга было купіць ёлачныя цацкі. Можна было купіць пральны парашок, але не шкарпэткі. Можна было купіць прадукты, але не патэльню.

Гандаль у інтэрнэце не быў абмежаваны, таму шкарпэткі і ёлачныя цацкі можна было замовіць анлайн. Сістэма дастаўкі апынулася перагружаная, любую бытавую дробязь трэба было чакаць у сярэднім тыдзень. У многіх магазінаў з'явілася опцыя замовіць анлайн і забраць на касе.

Некаторыя крамы пайшлі далей: забароненыя тавары можна было замовіць проста ў краме. Логіка ў наступным: калі можна прадаць тавар праз інтэрнэт, то можна і па тэлефоне, а калі ўрад не сказаў выразна, за колькі гадзін да куплі яго трэба замовіць, значыць, зрабіць заказ можна хоць за некалькі хвілін да пакупкі.

Алгарытм работы гаспадарчай крамы наступны: пытаецеся на касе, якім чынам можна набыць «забаронены» крэм для абутку, вам тлумачаць, што яго можна замовіць па тэлефоне, і выдаюць нумар тэлефона. Тэлефанаваць з крамы нельга, трэба выйсці. Выходзіце, тэлефануеце ў тую ж краму, тлумачыце, што хочаце купіць, другі раз (!) ідзяце на касу, называеце сваё імя, аплачваеце і забіраеце тавар.

Кнігарня паступае прасцей. Падыходзіце да касы, пытаецеся, як купіць кнігу. Касір тлумачыць: на месцы купіць нельга, трэба зрабіць заказ. Калі не ведаеце, што хочаце, можна прайсці па краме і выбраць, гартаць кнігі таксама можна. У краме тлумачаць: нельга браць кнігу ў рукі і несці на касу. Замест гэтага трэба паклікаць прадаўца, пазначыць патрэбную кнігу і назваць сваё імя. Прадавец сам бярэ кнігу і адносіць яе на касу. Потым на касу ідзе пакупнік, аплачвае тавар і забірае яго.

Магазін касметыкі прапануе купляць крэмы праз месенджар. Прыходзіце ў краму, просіце крэм, вам прыносяць тавар і кажуць, што купіць яго адразу нельга, трэба замовіць. Для гэтага вы фатаграфуеце тавар і яго штрых-код, затым адпраўляеце паведамленне. Крама адказвае ў месенджары: праз шэсць хвілін тавар можна забраць на касе. Падыходзіце, аплачваеце, забіраеце заказ.

Гэтыя абмежаванні таксама не далі патрэбнага выніку: на 5 студзеня двухтыднёвы кумулятыўны паказчык захворвання на 100 тысяч чалавек дасягнуў 581. Прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш адпраўляе ў адстаўку міністра аховы здароўя Ілзэ Вінкеле. Фармальная прычына — план вакцынацыі рыхтуецца занадта павольна, урад атрымаў яго толькі 5 студзеня, заўважыла Бі-бі-сі.

Прэм'ер і кіраўнік Міністэрства аховы здароўя праводзяць дзве паралельныя анлайн-прэс-канферэнцыі: Карыньш аб'яўляе аб адстаўцы Вінкеле, Вінкеле прэзентуе план вакцынацыі. На той жа прэс-канферэнцыі Карыньш заяўляе, што абавязкі кіраўніка Міністэрства аховы здароўя часова будзе выконваць... кіраўнік Мінабароны Арціс Пабрыкс.

«Сёння я здзіўлены ўдвая. Спачатку праз дэмісію (адстаўку) міністра аховы здароўя Ілзэ Вінкеле, потым — праз маё нібыта прызначэнне выконваючым абавязкі кіраўніка Міністэрства аховы здароўя. Лічу, што ва ўмовах крызісу, звязанага з распаўсюджваннем COVІD-19, гэтыя абавязкі павінен узяць на сябе кіраўнік урада», — напісаў Пабрыкс у «Твітэры».

«Катастрафічная камунікацыя. Нават поўныя ідыёты, перад тым як скінуць міністра, ну хоць бы ў якім-небудзь парламенцкім буфеце дамаўляліся з наступным, — заявіў латвійскі рэкламшчык Эрык Стэндзеніекс. — Ну, і эпічная адсутнасць якой-небудзь павагі да лідара». Міністэрства аховы здароўя Латвіі ўзначаліў экс-міністр эканомікі Даніэль Паўлютс.

Небяспечны штам

Сітуацыя ў латвійскіх медустановах стабілізавалася, ёсць магчымасць шпіталізаваць усіх пацыентаў з COVІD-19, якіх неабходна лячыць у стацыянары, заявіла кіраўнік Службы неадкладнай медыцынскай дапамогі (СНМД) Ліене Цыпуле. Аднак тут ёсць адзін важкі нюанс. Як заўважаюць спецыялісты, не выключана, што распаўсюджванне каранавіруса ў Латвіі не запаволіцца, а паскорыцца ў сувязі са з'яўленнем новага, больш небяспечнага штама, які ўпершыню быў выяўлены ў Вялікабрытаніі, а цяпер знойдзены і ў Латвіі. Прагнозы на выпадак распаўсюджвання гэтага штама сумныя, піша Neatkarіga.

Па даных СНМД, доля занятых ложкаў, прадугледжаных для хворых з каранавірусам, вагаецца ад 79 да 83 працэнтаў. Ёсць бальніцы, дзе занятыя ўсе такія месцы. У цэлым у Латвіі прадугледжана 1132 ложкі для пацыентаў з COVІD-19, тэарэтычна можна перапрафіляваць яшчэ 82. З пачатку гэтага года колькасць пацыентаў з каранавірусам у шпіталях не апускалася ніжэй за адзнаку ў тысячу. Калі новы штам ковіда будзе распаўсюджвацца так, як у Вялікабрытаніі, колькасць шпіталізаваных ужо да лютага можа дасягнуць 1369, а да канца наступнага месяца — ужо 5099! У гэтым разе наступствы будуць проста катастрафічныя.

Актуальныя эпідэміялагічныя даныя паказваюць, што каранавірус «б'е» і па дзецях, хоць за школьныя парты яны так і не вярнуліся, паведаміў Цэнтр прафілактыкі і кантролю захворванняў (SPKC). У часткі малых узнікае спецыфічны сіндром — мультысістэмнае запаленне.

За апошнія два месяцы колькасць інфіцыраваных COVІD-19 у латвійскіх цэнтрах сацыяльнага догляду вырасла да чатырох тысяч. Такая інфармацыя была агучана ў праграме de facto на LTV. Амбудсмен Юрыс Янсанс заявіў, што з-за недзеяздольнасці Міністэрства дабрабыту і самакіраванняў жыцці людзей, якія пражываюць у цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, падвяргаюцца небяспецы. У кастрычніку толькі 1,6 працэнта ўсіх зарэгістраваных выпадкаў COVІD-19 былі звязаны з цэнтрамі сацыяльнай апекі. У лістападзе гэты паказчык дасягнуў 7,4 %, а ў мінулым месяцы — ужо 13,4 %.

Чаму так адбываецца? Эксперты звязваюць такую сітуацыю з некампетэнтнасцю ўлады. Латвійскай дзяржавай кіруюць людзі, абсалютна адарваныя ад рэальнага жыцця, мяркуе незалежны эканаміст Яўгенія Зайцава. «Цяперашні ўрад [Крыш'яніса] Карыньша, міністр фінансаў, які ў нас ёсць, — яны не разумеюць ні тое, што разгортваецца рэальны крызіс, або, можа быць, чуюць словы, што крызіс ёсць, але не разумеюць яго глыбіні і наступстваў. І, адпаведна, не ведаюць, што рабіць. Усё, што яны ўмеюць рабіць, — вырашаць свае праблемы для таго, каб пакрыць выдаткі дзяржавы, у першую чаргу, выдаткі дзяржавы на ўтрыманне дзяржапарату», — заўважыла Baltnews эксперт.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.