Вы тут

Кніжны гасцінец


Ваўчыца з Чортавай ямы. 25 апавяданняў пра жывёл. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020

Ці не самыя кранальныя літаратурныя творы — тыя, што пра жывёл... «Кліч продкаў» Джэка Лондана, «Халстамер» Льва Талстога, «Белы пудзель» Купрына, «Каштанка» Чэхава, «Рыкі-Цікі-Таві» Кіплінга... Ёсць падобныя і ў беларускай літаратуры, найлепшыя з іх сабраны ў прыведзеным зборніку. Часам гэта забаўна, часам — уражальная трагедыя... Як апавяданне Барыса Сачанкі, якое дало назву зборніку, прысвечанае, дарэчы, Івану Мележу. Малады вясковец Іван знаходзіць логава з ваўчанятамі і забірае ўсіх семярых... Спачатку гадуе, потым, напалоханы нараканнямі аднавяскоўцаў, здае ў лясгас... Другая частка апавядання — вачыма маці ваўчанят, якая шукае, бядуе, а пасля жорстка помсціць... А ў культавым апавяданні Міхася Стральцова «Смаленне вепрука» згаданы вяпрук робіцца сімвалам, філасофскім вобразам, а роздум тут ідзе пра душу беларуса. Уладзімір Караткевіч напісаў «Лясную гісторыю» пра забойства апошняга ў лесе лася. Атрымалася эпічна. «Сябры мае, у той вечар мы яшчэ раз атрымалі горкі доказ таго, што прагнасць нічога не шкадуе. Крычаў лось, скардзіўся на самоту пад вялізным месяцам. І раптам цішыню прарэзаў далёкі-далёкі стрэл. І адразу стала цішыня, як быццам памерла нешта вельмі важлівае на зямлі. Памерла сумленне». Забойца атрымлівае пакаранне — пагарду людзей. А заканчваецца ўсё запаветам — «Мір вам, звяры. І мір вам, людзі». Думаю, гэтае ж цалкам каляднае выслоўе маглі прамовіць і іншыя аўтары зборніка — Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Алена Васілевіч, Уладзімір Дамашэвіч, Алег Ждан, Аляксей Карпюк, Іван Пташнікаў, Янка Маўр, Іван Навуменка ды іншыя выдатныя майстры слова. Зімовымі вечарамі вельмі карысна паразважаць на тэму спачування і адказнасці за іншых.

Юкіа Місіма. Марак, якога разлюбіла мора. Масква, «Азбука-Классика», 2020

Місіма — не той аўтар, якога можна параіць, каб прыемна пабавіць час за чытвом.

Як немагчыма аднесці словы «прыемнае чытво», скажам, да «Уладара мух» Голдынга. Адзін з нядаўніх чытачоў занатаваў: «Кніга відавочна не для людзей са слабымі нервамі... Але чытаць неабходна, каб не было «лёгка жыць з заплюшчанымі вачыма». А вось яшчэ адзін водгук: «Чалавек, які не чытаў гэтай кнігі, не мае права лічыць, што ён нешта ведае пра самурайскі дух і прыгажосць смерці».

Магчыма, для лепшага разумення таго, што пісаў Місіма, які тройчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію і чые творы шматкроць забараняліся, трэба трохі ведаць ягоную біяграфію. Жорсткі бацька, ізаляцыя ад равеснікаў, хваравітасць. У юнацтве, спалучаючы чыноўніцкую работу і літаратарскую, давёў сябе да знясілення так, што страціў прытомнасць на платформе чыгункі і зваліўся на рэйкі. Захапленне самурайскімі ідэямі. Бодзібілдынг. Скандальная слава. А ў 1970-м — спроба бессэнсоўнага паўстання дзеля аднаўлення манархіі, захоп вайсковай базы, зварот з балкона да жаўнераў і харакіры. Смерць мусіць быць прыгожай. Гэты лейтматыў гучыць і ў рамане «Марак, якога разлюбіла мора». Кожны павінен імкнуцца стаць героем... А як выбіраеш звычайнае панылае існаванне — усё, не варты жыцця... Гэтак перакананы падлетак Набару, чый бацька загінуў, і яго групоўка. Мілыя дзеткі з паспяховых сем'яў ненавідзяць свет, зладжаны няправільна, яны імкнуцца пазбавіцца пачуццяў, таму што праз пачуцці дарослыя імі маніпулююць. «Школа — гэта калька з грамадства... Вось чаму нам увесь час загадваюць. Прычым загадваюць нам сляпыя, якія нават не падазраюць пра нашы бязмежныя магчымасці», — вяшчае Правадыр групоўкі. Марскі афіцэр Рудзі, які заляцаецца да маці Набару, спачатку ўспрымаецца хлопчыкам як герой. Рудзі сапраўды незвычайны чалавек, самотны, замкнёны, мройлівы, перакананы ва ўласнай абранасці. «Бо калі ты мужчына, дык аднойчы, калі ў цемры перад узыходам сонца прагучыць самотны празрысты горн, нізка апусцяцца густыя аблокі і далёкі цвёрды голас назаве тваё імя, ты пакінеш усё і пойдзеш насустрач твайму лёсу». Яшчэ Рудзі лічыць, што на шляху да найлепшай жанчыны абавязкова стаіць смерць... Уласна кажучы, так і выйшла. Марак знаёміцца з Фусако, маці Набару, якая загадвае крамай і вельмі практычна глядзіць на жыццё. Абодва разлічвалі на раман без абавязацельстваў. Абодва перажываюць жарсць і адважваюцца на шлюб. Рудзі вырашае адмовіцца ад мора і дапамагаць Фусако ў краме. Ну і, вядома, стаць бацькам для Набару. А для падлетка Рудзі — злачынец, бо адмовіўся быць героем, адрокся ад гульні са смерцю. Значыць, ператворыцца ў нуднага дарослага, які будзе вучыць жыць. І падлеткавая кампанія прыгаворвае будучага айчыма Набару да смерці. І, будзьце ўпэўненыя, яны гэта здзейсняць — прадумана і рытуальна.

Жорсткасць сюжэту — і дасканалая прыгажосць мастацкага ўвасаблення. Місіма — самы чытаны ў свеце японскі пісьменнік, апярэджвае нават Муракамі... А гэта пра штосьці гаворыць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прапанаваныя кніжным магазінам «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.

Загаловак у газеце: Пра самурайскі дух, прыгажосць смерці і неабходнасць спачування

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».