Вы тут

Лукашэнка: У аснове павінны стаяць мэтазгоднасць, эканамічная эфектыўнасць і сацыяльная справядлівасць


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў.


У парадку дня пяць пытанняў: Дзяржаўная інвестыцыйная праграма, рэалізацыя асобных, найбольш значных інвестпраектаў, змяненне заканадаўства аб гаспадарчых таварыствах, рашэнні ў сферы электраэнергетыкі і аграэкатурызму.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на нараду запрошана шырокае кола ўдзельнікаў: ключавыя прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, якія адказваюць за сацыяльна-эканамічныя аспекты развіцця краіны. Ён дадаў, што ўсе разнапланавыя дакументы, якія вынесеныя на абмеркаванне (чатыры ўказы і закон) аб’ядноўвае адно — «актуальнасць для нашай дзяржавы».

«Перш, чым падпісваць гэтыя дакументы, я хацеў бы яшчэ раз пачуць вашы заключэнні па тых або іншых пытаннях, — сказаў ён. — І калі я выношу падобныя дакументы на разгляд такога кола, значыць, мне патрэбна дадатковая інфармацыя, перш чым падпісаць гэтыя дакументы».

Актуальнасць прапаноў для краіны азначае немагчымасць іх адкладання, звярнуў увагу Прэзідэнт.

«Гэта значыць, далей нельга. Трэба прымаць рашэнні, або мы замарудзім развіццё як мінімум на канкрэтным участку эканомікі. Тармажэнне на асобным канкрэтным участку — гэта тармажэнне ў цэлым. Гэтага быць не павінна. Але і памылкі быць не павінна», — падкрэсліў беларускі лідар.

Акрамя распрацоўшчыкаў прававых актаў Прэзідэнт прапанаваў заслухаць яшчэ і меркаванні тых, хто бачыць рашэнні з іншага боку, — людзей, якім трэба будзе іх выконваць, перш за ўсё, кіраўнікоў рэгіёнаў.

«Мае падыходы па большасці пытанняў вядомыя. Пры абмеркаванні прапанаваных тэм у аснове павінны стаяць мэтазгоднасць, эканамічная эфектыўнасць і сацыяльная справядлівасць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы прадугледжана будаўніцтва каля 130 аб’ектаў на суму больш за шэсцьсот мільёнаў рублёў, адзначыў Прэзідэнт. Сума невялікая для дзяржавы, але і тут павінна быць эканомія, запатрабаваў ён: неабходна вылучаць найбольш важнае і неабходнае для развіцця.

«Мяне цікавіць, наколькі вывераны і аптымальны гэты пералік, які мы ўносім у Дзяржаўную праграму? Ці няма ў ім празмернасцяў? Ці абгрунтавана фінансаванне кожнага аб’екта?» — задаў ён пытанне распрацоўшчыкам.

«Па камерцыйных праектах, разгляд якіх выносіцца на ўзровень кіраўніка дзяржавы, я таксама стаўлю аналагічныя пытанні, — пракаментаваў Прэзідэнт другое пытанне парадку дня. — Свабодных грошай няма, шалёных грошай няма. Тым больш для тых аб’ектаў, якія самі павінны прыносіць даход. А любое зацягванне тэрмінаў іх рэалізацыі — гэта фінансавыя страты, якія нехта будзе вымушаны аплаціць».

У сферы дзяржаўных інвестыцый трэба абавязкова дабудаваць тое, што распачалі. Калі немагчыма — адтэрмінаваць хаця б на год, бо наступны год абсалютна няпэўны і ніхто зараз не бярэцца сказаць, якім ён будзе. Рызыкаваць нельга, перакананы Прэзідэнт.

Пра карэкціроўку заканадаўства па пытаннях дзейнасці гаспадарчых таварыстваў Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае:

«Заканадаўства тым не менш не павінна часта змяняцца. І калі мы нешта дапаўняем, то павінны пераканацца, што ўсё ўлічана. Тым больш, што пытанні, якія рэгулююцца гэтым законапраектам, закранаюць большасць арганізацый краіны».

Новаўвядзенні ўтрымліваюць палажэнні, якія за кошт мер фінансавага аздараўлення дазволяць палепшыць эканамічнае становішча прадпрыемстваў, прыцягнуць дадатковы капітал, стымуляваць кіраўнікоў на эфектыўнае развіццё.

Прэзідэнт запатрабаваў больш глыбокую ацэнку таго, што гэта дасць прадпрыемствам.

«Пры гэтым хачу падкрэсліць: не дай бог вы мяне не разупэўніце, што паціху вось такім чынам падштурхоўваеце прыватызацыю, продаж прадпрыемстваў або такім чынам паступаеце, што потым мы не адыграем назад, — папярэдзіў беларускі лідар. — Па прыватызацыі мы канцэптуальна вызначыліся і гэта прынята народам. Калі ласка, поўная свабода развіцця прыватнай уласнасці, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, калі ласка, дзейнічайце. Але тое, што створанае народам — не кранайце».

На нарадзе абмяркоўвалася прапанова ўрада дазволіць вытворцам прадаваць лішкі электрычнай энергіі спажыўцам у любую вобласць краіны.

«Як такое рашэнне адаб’ецца на тарыфах? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Як улічана работа атамнай станцыі ў новых умовах?»

Галоўнае патрабаванне Прэзідэнта — захаванне адзінай сістэмы ў сферы электраэнергетыкі.

Яшчэ адно пытанне нарады датычылася аграэкатурызму.

«Дзякуючы створаным у апошнія гады ўмовам, з’явіўся новы сектар эканомікі, які атрымаў магутнае развіццё, — адзначыў беларускі лідар. — За 14 гадоў колькасць аб'ектаў аграэкатурызму вырасла ў 80 разоў (з 34 да амаль трох тысяч). У мінулым годзе яны прынялі больш за паўмільёна гасцей».

Пры гэтым паслугі турызму сталі вельмі папулярнымі як сярод гасцей нашай краіны, так і ў беларусаў, асабліва ў перыяд пандэміі, калі большасць краін для падарожжаў закрыліся, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на рост попыту на этнаадпачынак ва ўсім свеце, які, відавочна, працягнецца. Прапанова беларускага ўрада — падоўжыць дзеючыя ўмовы для аграэкасядзіб, а льготнае крэдытаванне захаваць да 2030 года.

«Я не супраць падтрымліваць. Тым больш, гэта было маё рашэнне і я стаяў ля вытокаў аграэкатурызму. З чаго сыходзіў — трэба вёсцы даць дадатковы глыток паветра», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Патрабаванне Прэзідэнта — не выходзіць у прыняцці адпаведных рашэнняў за межы пяцігодкі і не дапускаць у гэтай сферы злоўжыванняў. Ён даручыў ураду дасканала вывучыць функцыянаванне аграэкасядзіб, каб выключыць ільгатаванне тых, хто не мае ў тым патрэбы і тых, хто займаецца іншымі відамі дзейнасці пад шыльдай экатурызму.

Прэзідэнт падкрэсліў: важна, каб такі адпачынак быў запатрабаваны беларусамі і быў даступны для іх.

Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на праблеме сыходу ад падаткаў.

«Капітальная задача для ўсіх прысутных, для парламента перш за ўсё, і для ўрада, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады. — Унясіце самыя жорсткія меры па парушэнні заканадаўства па падаткаабкладанні. Унясіце „амерыканскія законы“, якія дзейнічаюць у Злучаных Штатах Амерыкі. Давайце прымем іх, ніхто крытыкаваць не будзе, яны (ЗША — «Зв.») — „апора дэмакратыі“. Там падаткаабкладанне рэгулюецца жорстка, і за нявыплату падаткаў там шалёныя тэрміны — да 15 і больш гадоў (зняволення — «Зв.»)».

У Беларусі цэлыя галіны сыходзяць у цень ад падаткаабкладання, сказаў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым, яшчэ адно праблемнае пытанне — так званыя «заробкі ў канвертах».

«Самае жорсткае пакаранне, — запатрабаваў ён. — Вазьміце гэта да выканання неадкладна!»


У тэму

Эканамічная нарада ў кіраўніка дзяржавы праходзіла на фоне глабальнай нестабільнасці, звярнуў увагу міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, калі падводзіў вынікі абмеркавання праектаў дакументаў для журналістаў.

«Змяняецца сітуацыя, змяняюцца адносіны, яны датычацца не толькі іншых краін, але і ў некаторай ступені закранаюць наша грамадства, — сказаў ён. — Мы, як дзяржава і эканоміка дастаткова адкрытыя, таксама павінны ісці ў нагу і дастаткова актыўна рэагаваць на змяненні, якія адбываюцца на знешнім контуры».

Праект Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы будзе перагледжаны ўрадам праз прызму эфектыўнасці рэсурсаў, якія накіроўваюцца на вытворчасць і ў сацыяльную сферу. Застануцца тыя праекты, якія ў бліжэйшы час дадуць рэальную аддачу ў плане стварэння новых працоўных месцаў, паступлення падаткаў у мясцовыя бюджэты, падтрымаюць развіццё раёнаў, якія адстаюць.

«У цэлым, калі характарызаваць вынікі ў адносінах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, яна павінна стаць эфектыўнай у адносінах да ўкладзеных дзяржаўных рэсурсаў», — падсумаваў міністр.

Рэсурсы скацэнтруюць у сферах аховы здароўя, транспартнай інфраструктуры, энергетыкі і меліярацыі, дадаў Аляксандр Чарвякоў.

Журналісты спыталі кіраўніка ведамства, які працэнт ВУП, па меркаванню спецыялістаў, недаатрымлівае краіна ад бізнесу, які незаконна пазбягае падаткаў.

«Гэта лічба (недаатрыманы ВУП з-за «шэрага» бізнесу. — «Зв.») вар’іруе ў дастаткова вялікіх межах, — адказаў ён. — Па ацэнках нашых вучоных, гэта каля 12 %, па ацэнцы міжнародных арганізацый даходзіць да 18 %, недзе разглядаецца лічба каля 20 %. Таму плаціць падаткі трэба. Гэта абавязак любога бізнесу. Але павінен быць баланс. Калі мы робім больш жорсткай падатковую сістэму, то на вагах павінны быць іншыя паслабленні».

Аляксандр Чарвякоў таксама пракаментаваў дакумент, які датычыцца пралангацыі льгот для аграэкатурызму. Ён не сумняваецца, што развіццё гэтага кірунку мае добры патэнцыял.

«Мы павінны выкарыстоўваць прыродныя багацці, каб ствараць працоўныя месцы там, дзе не заўсёды можна паставіць буйную вытворчасць», — лічыць ён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.