Вы тут

Комплекс дыхальных практыкаванняў для пацыентаў з COVID-пнеўманіяй распрацавалі ў БДМУ


Комплекс дыхальных практыкаванняў для пацыентаў з COVID-пнеўманіяй распрацавалі супрацоўнікі кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізіятэрапіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якой кіруе кандыдат медыцынскіх навук дацэнт Людміла Малькевіч. Такая інфармацыя размешчана на сайце медуніверсітэта са спасылкай на прэс-сакратара Аксану Курбека, паведамляе БЕЛТА.


Паводле слоў Людмілы Малькевіч, у інтэрнэце сёння можна знайсці мноства дыхальных комплексаў, якія пазіцыянуюцца іх стваральнікамі як «выратавальны круг» пры аднаўленні дыхальнай сістэмы арганізма пасля COVID-пнеўманіі. Аднак нярэдка такія практыкаванні не толькі не выклікаюць паляпшэння самаадчування пацыентаў, а, наадварот, — вядуць да яго пагаршэння, паколькі COVID-пнеўманія характарызуецца асаблівым патагенезам развіцця.

«У наш комплекс (які прайшоў папярэднія выпрабаванні) уваходзяць спецыяльныя заданні, якія можна выконваць як у востры перыяд захворвання, так і на этапе рэабілітацыі ў амбулаторных і дамашніх умовах. Калі пацыент пачынае дыхаць як трэба (дыяфрагмальнае, або рэгламентуемае дыханне), у яго павышаецца сатурацыя, нармалізуюцца дыхальныя працэсы, павышаецца адаптацыя да фізічных нагрузак і ў цэлым надыходзіць аблягчэнне стану, што ў выніку вядзе да паляпшэння і псіхалагічнага настрою, які адыгрывае далёка не апошнюю ролю ў барацьбе з хваробай», — адзначыла Людміла Малькевіч.

На першым этапе лячэння прымяняюць усяго некалькі практыкаванняў, прымаючы пад увагу цяжар стану хворага. На другім этапе адбываецца павелічэнне колькасці такіх заданняў на фоне пачатку выздараўлення, калі з’яўляюцца і фізічныя, і маральныя рэзервы. Да моманту выпіскі са стацыянара дабаўляюцца новыя практыкаванні, каб людзі маглі займацца імі дома, знаходзячыся на амбулаторным лячэнні.

У стацыянары гэтыя трэніроўкі праходзяць пад кіраўніцтвам інструктараў, метадыстаў-рэабілітолагаў, асістэнтаў кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізіятэрапіі БДМУ, пакуль пацыенты не асвояць іх методыку. Пры ўзнікненні любых пытанняў (нават пасля вяртання дадому) пацыенты маюць магчымасць звярнуцца па неабходную кансультацыю да сваіх трэнераў.

Навучальны курс «Кінезатэрапія як сродак медыцынскай рэабілітацыі ў працэсе аднаўленчага лячэння пацыентаў, якія перанеслі COVID-пнеўманію», разлічаны на 36 вучэбных гадзін, прайшлі студэнты-медыкі, якія зусім хутка стануць вучыць пацыентаў правільна дыхаць. Гэты праект рэалізуецца на базе сталічнай 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя М. Я. Саўчанкі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.