Вы тут

Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах падвяла вынікі сваёй дзейнасці за мінулы год


І вызначыла задачы на бягучы.

Як паведамілі ў профільнай камісіі, на пасяджэнні, якое прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі, былі вызначаны мэтавыя арыенціры і планавыя мерапрыемствы на 2021 год, а таксама разгледжаны некаторыя прапановы па ўдасканаленні заканадаўства.


— Нягледзячы на пандэмію, мы досыць часта праводзілі пасяджэнні Пастаяннай камісіі, — звярнула ўвагу старшыня профільнай камісіі Таццяна РУНЕЦ, якая пазітыўна ацаніла вынікі работы камісіі за мінулы год, — Усяго такіх пасяджэнняў летась было 14. Прычым на парадку дня кожнага з іх былі тыя ці іншыя законапраекты, якія мы прадметна абмяркоўвалі, фармулявалі свае прапановы для спецыялістаў, трымалі на кантролі ход распрацоўкі законапраектаў.

Яна выказала ўпэўненасць, што такі сапраўды актыўны, ініцыятыўны і — самае галоўнае — прадукцыйны характар дзейнасці захаваецца і ў бягучым годзе. Так, падчас пасяджэння сенатары дэталёва разгледзелі і прааналізавалі вынікі дзейнасці камісіі па розных кірунках: ад нарматворчай дзейнасці да работы са зваротамі грамадзян.

Напрыклад, што датычыцца нарматворчай дзейнасці і ініцыятыўных прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, у 2020 годзе былі падрыхтаваны заключэнні па сямі законапраектах, якія сенатары падтрымалі на пасяджэннях сесіі Савета Рэспублікі. У прыватнасці, гаворка ідзе аб законах «Аб змяненні законаў па пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю», «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2019 год», «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва за 2019 год», «Аб змяненні законаў па пытаннях гаспадарчых таварыстваў», «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на 2021 год», «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2021 год» і, нарэшце, «Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь».

Акрамя таго, была працягнута работа над законапраектамі на розных стадыях іх падрыхтоўкі. Праведзены круглыя сталы, пашыраныя пасяджэнні Пастаяннай камісіі па ключавых законапраектах, якія ўжо ў найбліжэйшай перспектыве будуць ствараць прававы ландшафт нацыянальнай эканомікі і фінансавай сферы. Гэта датычыцца аплатных сістэм і аплатных паслуг, вырашэння неплацежаздольнасці і самарэгулявальных арганізацый.

У цэнтры ўвагі членаў профільнай камісіі таксама былі вынікі іх дзейнасці ў складзе рабочых груп, камісій, саветаў і іншых міжведамасных утварэнняў, міжнародная дзейнасць (у тым ліку на інтэграцыйным трэку), работа са зваротамі грамадзян. Так, летась членамі Пастаяннай камісіі было разгледжана 627 зваротаў грамадзян, іх прадстаўнікоў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Людзі звярталіся па пытаннях утрымання жыллёвага фонду і арганізацыі работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пытаннях гандлю і рэгулявання спажывецкага рынку, сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння. Па многіх зваротах былі прынятыя станоўчыя рашэнні.

Акрамя таго, сенатары сустракаліся з працоўнымі калектывамі: летась адбылося 447 сустрэч, дзе абмяркоўваліся ключавыя прыярытэты сацыяльна-эканамічнай палітыкі і законы, што прымаюцца для рэалізацыі гэтых прыярытэтаў.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».