Вы тут

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне


З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі сталі ўтварацца партызанскія атрады. Пашырэнню партызанскага руху спрыяла ў тым ліку і вялікая колькасць лясных масіваў, балот, рэк і азёр. Калі да канца чэрвеня 1941 года на акупаванай тэрыторыі дзейнічалі чатыры партызанскія атрады, то ў жніўні — ужо больш за шэсцьдзясят.


...Клічаўшчына. Усакінскі лес. Чуткі пра баявыя поспехі клічаўскіх партызан даўно выйшлі за межы раёна. Першы партызанскі атрад на Клічаўшчыне быў арганізаваны ў пачатку ліпеня 1941 года, а да канца года ў лясной зоне сталі дзейнічаць яшчэ тры новыя партызанскія атрады, у склад якіх увайшлі мясцовыя жыхары і акружэнцы.

Трывожны і таямнічы Усакінскі лес на занятай ворагам зямлі. Хто ведае, якім жыццём ён жыве, каго хавае?.. Векавыя дубы, бярозы, елкі і сосны, шчыльныя зараснікі падлеску, балоты ўтварылі суцэльны непраходны масіў. Тут, у лясной глушы, было месца дыслакацыі партызанскіх атрадаў і злучэнняў, адсюль партызаны ішлі на штурм фашысцкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. Партызанскі атрад 277 (у 1943 годзе перайменаваны ў партызанскі полк), у якім знаходзіўся і мой бацька, Мота Сахрай, спачатку дзейнічаў самастойна, а ў красавіку 1942 года ўвайшоў у склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра і да мая 1943 года знаходзіўся ў складзе Клічаўскай брыгады.

З верасня 1941 года атрадам камандаваў Ігнат Ізох, які да вайны працаваў дырэктарам мясцовай сярэдняй школы. У лютым 1942 года атрад узначаліў А. Юркавец, а затым, перыядычна змяняючыся, камандзірамі партызанскага злучэння былі І. Рудаў, С. Мазур, С. Токараў. У снежні 1942 года атрад ізноў узначаліў І. Ізох. Гэта была магутная баявая адзінка, якая выконвала асаблівыя даручэнні Клічаўскага аператыўнага цэнтра па знішчэнні нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. Атрад дзейнічаў у Клічаўскім, Бялыніцкім, Быхаўскім, Кіраўскім, Шклоўскім раёнах Магілёўскай вобласці, а таксама ў Крупскім, Бярэзінскім раёнах Мінскай вобласці. Пасля, калі 28 чэрвеня 1944 года атрад злучыўся з часцямі Чырвонай арміі, гэта ўжо быў партызанскі полк, які складаўся з трох батальёнаў агульнай колькасцю 1257 байцоў.

У гераічным летапісе тых гадоў партызанам Клічаўшчыны належыць асаблівая старонка славы. Імі былі разгромлены паліцэйскія ўправы ў Ганчакскім і Далгоўскім сельсаветах, знішчаны шэсць паліцэйскіх участкаў. Вызвалены ад гітлераўцаў часткі Кіраўскага, Бярэзінскага і Бялыніцкага раёнаў. Першыя карныя атрады паліцаяў і фашысцкія тылавыя каманды недалічваліся многіх сваіх галаварэзаў. Смерць спасцігала здраднікаў і ў камендатурах, і дома. Партызаны кантралявалі дарогі, ратавалі народнае дабро.

Усакінскі лес пастаянна папаўняўся байцамі «зялёнага бастыёна», у вёсках з ліку мясцовых жыхароў фарміраваліся атрады самаабароны. Арганізатарамі атрадаў самаабароны і партызанскіх атрадаў былі члены падпольных райкамаў партыі.

У маі 1942 года разведчыкі 277-га атрада далажылі камандаванню, што на запасных пуцях раз'езда чыгуначнай магістралі Мінск—Гомель у эшалоне знаходзяцца гітлераўцы. Камандзір прыняў рашэнне атакаваць фашыстаў. На досвітку 30 партызан адправіліся на заданне. Трэба было прайсці каля сарака кіламетраў. Як на тое, пачаўся праліўны дождж. Адзенне і абутак байцоў хутка прамоклі, ісці стала цяжка. Прайшла гадзіна, другая — лівень не пераставаў. Людзі падалі з ног і тут жа засыналі на сырой зямлі... Ноччу наступнага дня група наблізілася да раз'езда.

Разведка данесла, што фашысты па-ранейшаму знаходзяцца ў эшалоне. Партызаны ўпотайкі падпаўзлі да вагонаў і залеглі. Потым у вагоны паляцелі гранаты і бутэлькі з запальнай сумессю. Аўтаматныя і кулямётныя чэргі прагрымелі сярод начной цішыні. Ад разрыўной кулі загарэлася бочка з бензінам, якая стаяла каля самага склада, агонь перакінуўся на вагоны, пачаўся пажар... Да світання гітлераўцы, якія збіраліся разграміць партызан, самі аказаліся разбітыя. Партызаны захапілі багатыя трафеі: шмат зброі, розны гаспадарчы інвентар і прадукты.

(Аповед пра гэты бой я чуў ад Якава Іванавіча Зайца, сакратара Клічаўскага падпольнага райкама партыі, аднаго з арганізатараў партызанскага руху на Клічаўшчыне.)

Толькі за кастрычнік-лістапад 1941 года партызанскія падрыўнікі пусцілі пад адхон шэсць варожых эшалонаў з гітлераўцамі і боепрыпасамі. Напярэдадні кастрычніцкіх свят 277-ы партызанскі атрад здзейсніў налёт на вёску Заполле. Партызаны ўзарвалі бронетранспарцёр, спалілі дзве аўтамашыны, захапілі два кулямёты, сем вінтовак, некалькі пісталетаў, знішчылі больш за дваццаць гітлераўцаў і без страт вярнуліся на сваю базу.

20 сакавіка 1942 года быў вызвалены Клічаў і прылеглая да яго тэрыторыя. Пастановай Клічаўскага падпольнага райкама партыі і выканкама раённага Савета дэпутатаў ад 3 красавіка абвяшчалася, што на тэрыторыі Клічаўскага раёна адноўлена савецкая ўлада. У раёне было абвешчана ваеннае становішча. Да канца 1942 года пад кантролем партызан аказалася шэсць зон, раёнаў і краёў Беларусі. У 1942 годзе была зацверджана пасада галоўнакамандуючага партызанскім рухам на акупаваных тэрыторыях СССР. Гэты пост заняў маршал Савецкага Саюза Клімент Варашылаў. (Пазней пасада была скасаваная.)

У 1941—1944 гадах на акупаваных тэрыторыях СССР дзейнічала звыш 6200 партызанскіх атрадаў і злучэнняў. Колькасць партызанаў і падпольшчыкаў дасягала мільёна чалавек.

Магілёўскае партызанскае злучэнне да 1943 года налічвала больш за 34 тысячы байцоў. У склад злучэння ўваходзілі дзевяць раённых ваенна-аператыўных груп, дзесяць палкоў, 12 брыгад і 50 асобных атрадаў.

Летам 1943 года фашысты задумалі знішчыць партызанаў ва Усакінскім лесе. У атрадах і злучэннях падрыхтаваліся да бою. «Няхай увойдуць у лес, — сказаў камандзір 277-га партызанскага палка Ігнат Ізох сваім сябрам, — а потым мы іх зловім». Як толькі карнікі апынуліся ў лесе, іх з усіх бакоў атакавалі партызаны. Эсэсаўцы кідаліся з боку ў бок, але іх усюды сустракаў агонь партызанскіх аўтаматаў і кулямётаў. У гэтым баі партызаны знішчылі больш за шэсцьдзясят гітлераўцаў, шмат хто з апошніх быў паранены.

Пра гэты бой расказаў былы баец 277-га партызанскага палка Якаў Лагун: «Мне добра запомніліся ўцёкі гітлераўцаў. Наперадзе карнікаў несліся, падціснуўшы хвасты, аўчаркі... Цыбаты эсэсавец імкнуўся не адстаць ад іх, але партызанская куля прымусіла яго ткнуцца ў зямлю...»

Весткі пра баявыя справы партызанаў, пра вызваленыя ад гітлераўцаў населеныя пункты абляцелі ўсе акупаваныя вобласці Беларусі. Глухімі сцежкамі, а зімой — па глыбокім снезе, галодныя і напаўголыя, абыходзячы фашысцкія заставы, да партызанаў з усіх бакоў ішлі савецкія людзі. Ішлі ў адзіночку і групамі, цэлымі сем'ямі, часта са скарбам, і знаходзілі ў партызанаў прытулак і дапамогу.

У 1943 годзе партызаны рабілі асноўны ўпор на ўдары па камунікацыях ворага. Асабліва вызначыўся ў гэтым партызанскі атрад № 752 пад камандаваннем Віктара Лівенцава. З усакінскіх лясоў, пасля прарыву блакады, атрад перабазіраваўся ў Асіповіцкі раён, месцам яго дыслакацыі сталі ўжо асіповіцкія лясы. Дзясяткі байцоў-падрыўнікоў атрада пранікалі далёка за межы раёна і ні ўдзень, ні ўначы не давалі фашыстам спакою. На чыгунцы пастаянна дзяжурыла некалькі дыверсійных груп. Ні платформы з пяском наперадзе паравоза, ні ціхі ход лакаматыва, ні іншыя ахоўныя меры ворага не ратавалі становішча — склады з баявой тэхнікай, жывой сілай і боепрыпасамі бесперапынна ляцелі пад адхон. У 1943 годзе атрад Героя Савецкага Саюза Віктара Ільіча Лівенцава загадам Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў ператвораны ў 1-ю Бабруйскую партызанскую брыгаду.

3 ліпеня 1944 года падчас аперацыі «Баграціён» савецкія войскі вызвалілі Мінск ад фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень святкуецца як Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі дзейнічалі 213 брыгад і 1255 партызанскіх атрадаў, з якіх 997 уваходзілі ў склад брыгад і 258 змагаліся самастойна.

Генадзь САХРАЙ

Ізраіль, г. Ашкелон

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загаловак у газеце: Старонка славы ў гераічным летапісе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.

Грамадства

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Сон — адна з асноўных патрэб чалавечага арганізма.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.