Вы тут

Дэпутаты Магілёўскай вобласці пашыраюць супрацоўніцтва з прадстаўнікамі прадстаўнічай улады Кубані


Ні каранавірус, ні закрытыя граніцы не перашкаджаюць народным абраннікам Расіі і Беларусі ўмацоўваць масты сяброўства. Не так даўно адбылася анлайн-сустрэча паміж прадстаўнікамі Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і Асацыяцыі «Савет муніцыпальных утварэнняў Краснадарскага краю».


Сяброўскія адносіны Прыдняпроўскага рэгіёна з Кубанню пачаліся з V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Магілёве. З таго часу яны толькі паглыбляюцца. Падчас анлайн-сустрэчы ўдзельнікі выказалі спадзяванні на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. У магілёўскай асацыяцыі вопыт работы пакуль невялікі, але расійскія партнёры, якія стварылі сваю арганізацыю ў 2006 годзе, гатовыя падзяліцца практычнымі напрацоўкамі. За час свайго існавання Савет муніцыпальных утварэнняў стаў вельмі важнай структурай на Кубані, якая займаецца не толькі абаронай правоў і каардынацыяй работы яе ўдзельнікаў, але і актыўна ўзаемадзейнічае з рознымі ведамствамі і грамадскімі арганізацыямі.

— Узаемадзеянне з рэгіянальным парламентам — гэта адзін з найважнейшых кірункаў работы Савета, — адзначыў падчас перагавораў старшыня камітэта па мясцовым самакіраванні Заканадаўчага сходу Краснадарскага краю Сяргей Жыленка. — Прадстаўнікі асацыяцыі бяруць удзел у пасяджэннях рабочай групы камітэта Заканадаўчага сходу па пытаннях мясцовага самакіравання, а таксама ў рабоце Кансультатыўнага савета пры камітэце. Акрамя таго, сёння савет цесна ўзаемадзейнічае з Краснадарскім рэгіянальным аддзяленнем Усерасійскага савета мясцовага самакіравання, які я ўзначальваю. Сумесна абмяркоўваем актуальныя пытанні і прапрацоўваем шляхі іх вырашэння, падтрымліваем і распаўсюджваем найлепшыя муніцыпальныя практыкі.

Дарэчы, адзін з кірункаў, які актыўна развіваюць народныя абраннікі Кубані, — інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць. Савет муніцыпальных утварэнняў — заснавальнік і распаўсюджвальнік часопіса «Мясцовае самакіраванне Кубані». А летась яго сіламі была выдадзена кніга «Кубань 1941—1945. Малыя старонкі Вялікай Перамогі», дзе сабраная інфармацыя па ўсіх муніцыпалітэтах Краснадарскага краю.

За час анлайн-сустрэчы дэпутаты абгаварылі план узаемадзеяння і канкрэтныя мерапрыемствы, якія можна было б рэалізаваць у найбліжэйшым будучым. Па выніках сустрэчы было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў адукацыйнай, культурнай і турыстычнай сферах.

— Калегі запрасілі нас да сябе ў госці, і, як толькі знімуць усе эпідэмічныя абмежаванні, мы зможам напоўніць гэтыя сустрэчы практычным зместам, — падкрэсліла выканаўчы дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі Паліна Церашкова. — У найбліжэйшы час будзе распрацаваны план мерапрыемстваў, па якім мы збіраемся дзейнічаць.

— Такія сувязі вельмі патрэбныя для рэгіянальнага развіцця тэрыторый, — адзначыў старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін. — А яшчэ мы ўмацоўваем сувязі з Ленінградскай і Калінінградскай абласцямі. Зараз рыхтуем адпаведныя дагаворы. Паколькі ўмовы пакуль пандэмічныя, усе зносіны перанесены ў анлайн-фармат.

У перагаворах таксама ўзялі ўдзел член прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Глаз і выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Савет муніцыпальных утварэнняў Краснадарскага краю» Алег Навумкін.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскай асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў

Загаловак у газеце: На сувязі з Краснадарам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.