Вы тут

«Мама, пайшлі да «Марусі»!


Пра тое, як пры жаданні дэпутат можа парадаваць дзятву, заслужыць павагу з боку дарослых — і не толькі тых, хто за яго галасаваў.


Ігар Мядзведскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенце паразважаў наконт важнасці бесперапыннай сувязі з землякамі, прытрымлівання прынцыпу: паабяцаў — выконвай! Ён ужо не раз даказваў, што дэпутат — гэта той, хто рэальна можа дапамагчы вырашыць пытанне, якое хвалюе гараджан. Ігар Мядзведскі працуе намеснікам дырэктара Наваполацкага мантажнага ўпраўлення ААТ «Трэст Белсантэхмантаж № 1». А яшчэ ён быў адным з тых, хто збіраў прапановы магчымых змяненняў у Канстытуцыю.

На радасць дзятве!

— Прасцей давесці праблемную інфармацыю да адказных асоб выканкама і чакаць рэагавання. Але наўрад ці за такі падыход выбаршчыкі будуць паважаць, — перакананы суразмоўнік.

Калі параўноўваць колькасць зваротаў за два гады, іх стала больш. І самае цікавае, што да яго звяртаюцца жыхары і іншых акруг. У першую чаргу — па пытаннях добраўпарадкавання двароў.

— Вельмі рады, што ў мяне атрымалася дамагчыся асфальтавання дарогі ўздоўж дома № 99 на вуліцы Маладзёжнай. Жыльцы звярнуліся да мяне проста на вуліцы з просьбай паспрыяць у рамонце дарогі, я заўсёды з работы іду ўздоўж гэтага дома. Мяне пазналі і папрасілі дапамагчы, — распавядае дэпутат.

Калі ён балаціраваўся, паабяцаў пабудаваць дзіцячую пляцоўку. І дзякуе за аказаную матэрыяльную дапамогу дырэктару прадпрыемства, дзе працуе, Міхаілу Эляшэвічу, супрацоўнікам іншых арганізацый. Дэпутат прыдумаў назву гульнявому комплексу — «Маруся». Гэта фактычна міні-гарадок для дзятвы — з дзвюма горкамі, кольцамі, рукаходам, двайнымі арэлямі і лаўкай «Пчолка».

А хутка будзе ўсталявана яшчэ і карусель, дамоўленасць са спонсарам ужо дасягнута.

— Мой раён не новы і да гэтага слаба абнаўляўся. Ганаруся маленькім дасягненнем, асабліва прыемна сэрцу і вачам, калі праходзіш міма гульнявой тэрыторыі і бачыш там шчаслівых, вясёлых дзяцей. І часам чую, як дзеці просяць сваіх бацькоў: «Мама, пайшлі да Марусі!» Шмат тэлефануюць з іншых вуліц, каб і ў іх двары такое ж было, — расказаў Ігар Мядзведскі.

Танней? А як жа людзі?

Дарэчы, да будаўніка часам звяртаюцца з пытаннямі працаўладкавання як з Наваполацка, так і з Полацка. Ёсць тэндэнцыя: многія рабочыя вяртаюцца з Расіі і хочуць уладкавацца на радзіме. Ды і з прыватных арганізацый шмат званкоў. Дэпутат дапамог з работай у трэсце электрагазазваршчыку, які працаваў у Расіі, мантажніку санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, рабочаму агульнабудаўнічай спецыяльнасці і жанчыне, якая цяпер працуе ў ахове.

— На жаль, просьбы ўсіх не задаволяць. Дарэчы, нашы канкурэнты з прыватнай формай уласнасці, якія ўдзельнічаюць у тэндарах, практычна заўсёды не маюць рабочых у штаце, а наймаюць іх па дагаворах падраду. Адпаведна, і выдаткі ў іх іншыя, на тэндарах яны могуць знізіць кошт. У нашай жа арганізацыі ўсе супрацоўнікі ў штаце, у нас афіцыйная заработная плата (няма ніякіх «заробкаў у канвертах»), выдаецца спецвопратка, працуе служба аховы працы, мы спраўна плацім падаткі,— дзеліцца дэпутат. — Заўсёды пытаюся: колькі тых, хто працавалі ў прыватных будаўнічых арганізацыях, выйшла на пенсію? Ды іх практычна няма! З работнікаў у большасці прыватных будаўнічых арганізацый выціскаюць усе сокі, пакуль яны маладыя і поўныя сіл. А потым іх звальняюць, а прыбытак атрымлівае «гаспадар». І гэтыя людзі ідуць у цэнтр занятасці. У нас жа нават па дасягненні пенсійнага ўзросту, калі ёсць жаданне, працягваюць працаваць. А пенсіянерам аказваецца матэрыяльная падтрымка...

Каля 250 прапаноў

Дэпутаты нафтаграда правялі работу па зборы прапаноў ад насельніцтва па змяненнях у Канстытуцыю. Суразмоўнік быў адным з членаў камісіі, якая займалася гэтым пытаннем.

Прапановы накіроўваліся на электронную пошту: у гарсавет і гарвыканкам, у службу «Адно акно», выслухвалі і па
тэлефоне. Народныя абраннікі выязджалі для абмеркавання ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, праводзілі сустрэчы ў працоўных калектывах, ЖЭСах.

А з 15 кастрычніка да 12 лістапада штотыдзень па чацвяргах працавала грамадская прыёмная, у выніку было сабрана каля 250 прапаноў і просьбаў.

— Хачу падкрэсліць, што большая частка зваротаў грамадзян датычыцца не змяненняў у Канстытуцыю. Гараджан хвалююць штодзённыя праблемы: пытанні аховы здароўя, дзейнасці падраздзяленняў ЖКГ, добраўпарадкавання, магчымасці павышэння матэрыяльнага дабрабыту, — дзеліцца ўражаннямі Ігар Мядзведскі.

Сярод іншых прапаноў: адмена смяротнага пакарання, замацаванне паняцця шлюбу як выключна саюзу мужчыны і жанчыны; устанаўленне фіксаванай сумы па аліментах, якая не прывязваецца да заробку (гэта выключыць магчымасць хаваць даходы); не больш за два тэрміны дзеяння паўнамоцтваў кіраўніка краіны.

— Хачу адзначыць, што калі ў гараджан, якія прапануюць абмежаваць паўнамоцтвы Прэзідэнта, цікавіўся: а хто і як будзе выконваць дадзеныя функцыі, у адказ часта чуў «не ведаю». Гэта як з прапановамі вярнуць Канстытуцыю 1994 года. Калі пытаешся, а што менавіта варта вярнуць, — маўчанне. Гэта значыць, што людзі, якія падобнае прапануюць, на той час Асноўны Закон краіны не бачылі! — перакананы дэпутат.

Навапалачане таксама прапанавалі зрабіць парламент аднапалатным з тэрмінам паўнамоцтваў на пяць гадоў. Ёсць жадаючыя, каб усе выбары — ад мясцовых да прэзідэнцкіх — праводзіліся адначасова; каб работнікі выканкамаў пражывалі ў горадзе, дзе яны працуюць, каб гарадскія суддзі абіраліся Саветамі дэпутатаў.

Былі і просьбы вярнуць ільготы «чарнобыльцам», аб адмене падатку на дармаедства, кантрактнай сістэмы, дарожнага падатку для грамадзян Беларусі...

Аднак дэпутат не заўважыў ажыятажу з нагоды магчымых паправак у Канстытуцыю.

— Гэта, паўтаруся, пацвярджае наступны факт: сутнасць зваротаў у асноўным датычыцца штодзённага жыцця. Маё суб'ектыўнае меркаванне: гараджанам патрэбныя работа з дастойным заробкам, камфортнае жыллё, якасная медыцына. Вельмі запатрабаваная бяспека ў грамадскіх месцах, каб можна было спакойна выходзіць на вуліцы, а дзецям — гуляць у дварах! — рэзюмаваў дэпутат.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота з асабістага архіва Ігара МЯДЗВЕДСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».