Вы тут

Дэлегат сходу: Нам патрэбны новыя падыходы ў грамадзянска-патрыятычным і маральным выхаванні моладзі


Квасоўская сярэдняя школа Гродзенскага раёна — адна з нямногіх школ у краіне, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. І такі падыход тут захоўваецца ўсе 95 гадоў, колькі існуе сама школа. Алег Хрыптовіч вось ужо 15 гадоў узначальвае Квасоўскую сярэднюю школу. Рашэннем сесіі Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў ён абраны дэлегатам на VІ Усебеларускі народны сход.


Алег Каліставіч паведаміў, што для яго як дэпутата абласнога Савета і педагога вельмі пачэсна і разам з тым адказна ўпершыню браць удзел у такім важным мерапрыемстве, як Усебеларускі сход. Народны форум, што праходзіць раз у пяць гадоў, заўсёды быў пунктам новага адліку. Менавіта тут краіна вызначае праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Сёлетні сход стане яшчэ больш эпахальным, бо на ім будуць разгледжаны і важныя грамадска-палітычныя пытанні, у тым ліку канстытуцыйнае будаўніцтва, лічыць дэлегат.

Важнай перадумовай для правядзення сходу сталі дыялогавыя пляцоўкі. Алег Каліставіч як іх удзельнік заўважыў, што там абмеркавана нямала актуальных прапаноў, якія таксама знойдуць сваё выражэнне падчас работы сходу. Нямала слушных заўваг паступае ад жыхароў падчас прамых ліній і прыёму грамадзян. Агучаныя пытанні, упэўнены гродзенскі дэпутат, не застануцца па-за ўвагай форуму. Яны будуць улічаны і акумуляваны ў рэзалюцыі Усебеларускага народнага сходу.

— Наколькі мне вядома, у арганізацыйны камітэт ужо паступіла
17 тысяч прапаноў ад жыхароў Беларусі. Гэта пытанні як мясцовай праблематыкі, так і агульнадзяржаўнага ўзроўню. Сярод іх ёсць і такія, што патрабуюць змен у кіраванні і самакіраванні краіны, Выбарчага кодэкса, размеркавання паўнамоцтваў паміж структурамі ўлады, — адзначыў дэлегат.

На думку Алега Хрыптовіча, дыялог павінен быць цікавы і мусіць адпавядаць часу. Пачаўся новы год пяцігодкі, перад краінай стаіць задача выпрацаваць сучасныя, эфектыўныя, сапраўды дзейсныя механізмы, якія будуць спрыяць эканамічнаму росту. Таму перад удзельнікамі сходу стаіць у тым ліку і задача выпрацаваць курс на пераадоленне праблем і крызісаў, каб падтрымаць дабрабыт нашых грамадзян, палепшыць якасць іх жыцця.

— Як кіраўніка ўстановы адукацыі і педагога мяне хвалююць пытанні далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі, — падкрэсліў суразмоўца. — А гэта і замацаванне ў Канстытуцыі краіны права на агульную сярэднюю адукацыю, зацвярджэнне і ўступленне ў дзеянне абноўленага Кодэкса аб адукацыі, выпрацоўка эфектыўнай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў, змяненні па пытаннях выніковай атэстацыі вучняў і ўступнай кампаніі. Таксама варта перагледзець падыходы да грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Чаму так важна звярнуць увагу на сістэму адукацыі? — задаецца пытаннем дэлегат. На яго думку, гэта зразумела, бо гаворка ідзе пра будучае пакаленне. Разам з тым школа — не толькі месца, дзе можна атрымаць адукацыю. Гэта свет штодзённага адкрыцця, зносін з аднагодкамі, магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і захапленні. Для настаўнікаў гэта не проста работа, а цэлае жыццё. Саюзам прафесіяналаў называе свой педагагічны калектыў дырэктар Квасоўскай школы.

— Вось ужо 95 гадоў наша беларускамоўная школа кожны дзень гасцінна расчыняе свае дзверы. Мы ганарымся добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай, навучальнымі, спартыўнымі і творчымі дасягненнямі сваіх вучняў і педагогаў. Школа наладзіла цесныя сувязі з усімі аб'ектамі соцыуму, адчувае важкую падтрымку з боку вытворчага кааператыва імя В. І. Крамко. Таксама радуе, што ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі ўсяго Гродзенскага раёна. За апошнюю пяцігодку ў яе развіццё ўкладзена больш як сем мільёнаў рублёў, — паведаміў Алег Хрыптовіч.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з сайта Квасоўскай сярэдняй школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?