Вы тут

Дзяцінства не для ўсіх


Дзяцінства не для ўсіх

Кажуць, што турма і псіхіятрычная бальніца шмат гавораць аб грамадстве. Я б дадаў яшчэ дзіцячыя дамы — яны спалучаюць у сабе рысы папраўчай сістэмы і ўстаноў для лекавання псіхічнахворых.

Тут можна пераказваць Фуко, але навошта, калі яго можна пачытаць і зрабіць свае высновы. Ды і спрабаваць падскочыць хаця б на вышыню галёнкі вялікага навукоўца — смешна. Таму паспрабуем падняць культуру публіцыстыкі ва Усходняй Еўропе ўласнымі сіламі.
«Дзяцінства — яно цёмнае і пастаянна стогне, як маленькая жывёла, зачыненая ў склепе і ўсімі забытая» (Тове Дзітлеўсен. Дзяцінства). Нават і не паспрачаешся. Усё ў чалавеку праграмуецца ў гэты час, а потым раз-пораз выскоквае і дапамагае або да болю замінае жыць.
Мне і маім бліжэйшым знаёмым пашанцавала — у нас было галоўнае, і нават больш: клопат з абдымашкамі ды іншым, дробязі ў выглядзе салодкага і ровар, за які не сорамна. І гэта здавалася нармальным, і думалася, што і ў астатніх усё так.

Не, у некаторых былі аплявушыны з разбітым носам, пошук бутэлек і ежы на сметніку і суровая барацьба за жыццё сярод падобных. Мы глядзелі на такі дарвінізм як на забаву, але гэта быў сапраўдны гвалт, які базаваўся на ледзь не крымінальнай іерархіі.
Такое траплялася, але мы асабліва пра гэта не думалі — успрымалі як норму. А цяпер успомніш — і страшна. Але мы далей жылі звычайным жыццём. Гулялі, насіліся, жартуючы біліся ды іншае. Памятаю, неяк глядзелі фільм пра скалалаза са Сталонэ і, нават не даглядзеўшы, пачалі штурмаваць вяршыню шафы, перакульваючы пры гэтым нейкія скрынкі з кардону ды іншыя рэчы на падлогу — весела, з грукатам. Дурэлі так, што і алкашня знізу была ў шоку. Цікава чуць наезды ад чалавека, якія збівае сваю бабулю і забірае ў яе пенсію. Але паладзіны ў выглядзе бацькі і суседа-міліцыянера нагадалі ім, што на меншых і слабейшых «скакаць» — гэта як бы «не па-пацанску». Ну, а тыя, вядома ж, лічылі сябе самымі «роўными на раёне» … Карацей, яны іх крыху пабілі.
Дасталіся заўвагі і нам, аднак было пачута галоўнае, я б сказаў, сакраментальнае:
— Здам у дзіцячы дом.
І ўсё. Настрой знікаў, нават плакаць хацелася. Мы не ведалі, што гэта, але яно было нечым страшным і дзейнічала пераканаўча. Калі спрабавалі высветліць, што за месца, галоўная характарыстыка зводзілася да таго, што ў нас там не будзе ўсяго таго, што цяпер ёсць, і будуць біць за так.
Пасля мы даведаліся — ад тых, хто хадзіў з намі побач, а потым апынуўся там і адтуль збег. Іх забіралі ад бацькоў-алкаголікаў. Яны траплялі ў турэмныя ўмовы без віны і ўвесь час знаходзіліся ў стане нейкага суцэльнага дурдома, з той розніцай, што ў такіх установах «кукуху» звычайна стабілізуюць, а тут працэс у адвароты бок.
Памятаю, прыбеглі такія двое. Адзін летам, другі ў лістападзе. Першага адразу вылавілі — сунуўся дадому. Летам можна збегчы проста са шкоднасці — не замерзнеш. Але што павінна было здарыцца, каб дзевяцігадовы хлопец бег практычна па снезе?
Худы і ашалелы, ён быў акружаны з усіх бакоў знаёмымі і проста цікаўнымі. Але не выдалі. Нешта хлопцы цішком вынеслі яму паесці. Што глытаў, а што ахайна клаў у кішэню і зашпільваў гузік. Павёў усіх на пустыр. Ну як павёў, ён сам рушыў, каб не «свяціцца», і ўсе за ім. Увогуле, ён не мог сядзець або стаяць на адным месцы — некуды рваўся. Некуды, а ісці асабліва няма куды. Да так званых бацькоў, дзе ўсё пракурана «Прымай» і пахне прэлай мачой? І ўвогуле, ці памятаюць там пра яго ў спіртавым угары?
Ён распавядаў пра рабункі і гвалт з боку старэйшых, стаянне ва ўпоры, вялізныя батарэйкі з ліхтарыка, якія закручвалі ў ручнік і білі. А потым нешта такое, што я ў шасцігадовым узросце не зразумеў, але выпадкова успомніў праз трынаццаць год — і ашалеў...
Ён потым пабег далей. Кажуць, што бегаў доўга і апынуўся ў нейкіх сваякоў. Факт, што больш яго тут не бачылі, але спадзяюся, што і туды не вярнуўся. Добра, калі атрымалася нарадзіцца такім рашучым і з нейкім жывёльным чуццём, але што астатнія?
Я разумею, што гэта прыватны выпадак, але што з тымі людзьмі цяпер? Канешне, добра, што ў нулявыя пачалі дэмантаваць гэтую канцлагерную сістэму, пераводзячы ўсё на дамы сямейнага тыпу, і ўсё гэта намаганнямі невялікай купкі людзей. А астатнія што? Самае гнюснае ў гэтым, што многія здагадваліся і прыкладна ўяўлялі, што адбываецца па той бок плота. І, як звычайна, не проста маўчалі, а выкарыстоўвалі наяўнасць гэтага гвалту, каб з дапамогай страху кіраваць дзецьмі. А нехта лічыў, што Баба Яга страшная.
Добра, калі адзіны страх з дзяцінства — старая жанчына з мяцёлкай. А калі ад дзяцінства засталася адна траўма, якая сядзіць недзе там, паміж тумбачак? І тое пакаленне нікуды не дзелася, тыя скалечаныя людзі — побач. Добра, калі нехта перамог і працягвае жыць. А хтосьці не перамагае, і дзяцінства, цеснае і жудаснае, бы яма ўначы, не адпускае — і ператвараецца ў сапраўдную магілу.
Дык да чаго гэта я? Ды зноў пра першакрыніцы ўсяго… Калі мы супраць гвалту, то павінны памятаць, што нічога не ўзнікае на пустым месцы — усё мае пачатак, але канец не заўсёды прывабны.
Чым самы маленькі псіхалагічны гвалт ці бяздзеянне адрозніваюцца ад гвалту фізічнага? Тым, што першыя яго і нараджаюць — вяртаюцца праз гады.
Мы не можам вярнуць усё назад, яшчэ вялікае пытанне, як гэтае «назад» выглядае. Толькі тэрапія — змяніць метабалізм, і тут кожны сам сабе тэрапеўт. Мы ж усе бачылі, як нельга? Таму не рабіце нават малога гвалту, каб потым не змагацца з вялікім.

Андрэй КУЛЕШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.

Грамадства

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Заснуць за 60 секунд. ​Што рабіць з бяссонніцай?

Сон — адна з асноўных патрэб чалавечага арганізма.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.