Вы тут

Радасць чарадзейных прыгод у навінках Выдавецкага дома «Звязда»


Прайсці касмічны квэст, здзейсніць вандроўку ў Сярэднявечча і знайсці безліч выпрабаванняў у небяспечным падарожжы — усё гэта дазваляюць зрабіць кніжныя навінкі Выдавецкага дома «Звязда». Тут шырокі выбар прыгодніцкай літаратуры для маленькіх чытачоў і школьнікаў, але і дарослыя знойдуць для сябе штосьці патрэбнае і важнае.


Ужо сёлета ў серыі «Казкі кніжнай феі» пабачыла свет выданне Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Палёт на Вухуцію» для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту.

Фантастычна-прыгодніцкая гісторыя расказвае пра касмічную вандроўку дзяўчынкі з Зямлі і хлопчыка з таямнічай Вухуціі. Пра тое, якая яна, далёкая планета, якое там жыццё, а таксама наколькі цікавае ці небяспечнае атрымаецца падарожжа, даведаюцца чытачы, якія тэлепартуюцца разам з галоўнай гераіняй на загадкавую планету. Да таго ж выданне ўтрымлівае «Вандрульню» (гульня, у якой могуць удзельнічаць два і больш гульцоў, нагадвае звучайную “настолку” з фішкамі і кубікам) і «Зорны квэст». Апошні прапаноўвае павандраваць па старонках і знайсці на малюнках адмысловыя схаваныя зорачкі. Для ўдзелу трэба зрабіць сэлфі з кнігай, размясціць фота з хэштэгам #вухуція на сваёй старонцы ў Інстаграм, якая павінна быць адкрытай, і напісаць у каментарыі пад публікацыяй, колькі зорачак знайшлося. За правільныя адказы і прыгожыя сэлфі стваральнікі абяцаюць даслаць электронную паштоўку з Вухуціі. Мастаком выдання выступіла Вольга Лапіна.


Яшчэ адну вандроўку прапануе здзейсніць Алена Свечнікава. Сюжэт яе «Чарадзейнай кнігі» (2020), напісанай у жанры фэнтэзі, разгортваецца ў рэаліях квазісярэднявечча. Прыгоды чараўніка, вынаходніка і бібліяфіла прыйдуцца даспадобы аматарам старажытнасці і чарадзейных казак.

Між тым некаторыя словы ў тэксце пазначаны зорачкай. Іх значэнне можна знайсці ў канцы выдання, дзе змешчаны «Чарадзейны слоўнік». Так, кніга адкажа на пытанні, чаму алхімія стала лічыцца тупіковым шляхам, як найстаражытнейшы міф пра аленя стаў самым жывучым у еўрапейцаў, чаму чалавецтву так і не наканавана ўбачыць Атлантыду і ў чым былі асаблівасці сістэмы індульгенцый. Ёсць у казцы і сучасныя адсылкі, напрыклад, да кінаантыўтопіі «Матрыца» (выбар паміж сіняй і чырвонай таблеткамі). Гумарыстычны твор прызначаны для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. У канцы аўтар звяртаецца да чытача: «Казка, нават самая фантастычная, заўсёды сплятаецца з ніцей рэальнасці. Калі казка “Чарадзейная кніга” была створана для вашага задавальнення і забавы, то “Чарадзейны слоўнік”, спадзяюся, стане нагодай паразважаць пра свет культуры, зацікавіцца асобнымі эпохамі і палюбіць гісторыю, а магчыма, нават тэорыю культуры».


Дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту павінна зацікавіць кніга Сяргея Давідовіча «Казкі і прыгоды» (2020).

Змест выдання складаюць такія творы, як «Лявон і мабільны тэлефон», «Адважны баязлівец», «Папараць-кветка», «Мара», «Знічкіны ласкі», «Сямёра казлянят і Воўк», «Волаты Белавежскай пушчы», «Стасік і іншапланецяне» ды іншыя. Усе яны вучаць дзяцей спагадлівасці, сумленнасці, шчырасці. Некаторыя казкі адсылаюць чытача да класічных твораў, як, напрыклад, «Кемлівы заяц», дзе расказваецца пра зайца-хітруна, які двойчы ўратаваўся ад ваўкоў і выратаваў ад такога ж лёсу свайго найлепшага сябра — Памяркоўнага зайца. Дарэчы, Сяргей Давідовіч выступае не толькі ў якасці пісьменніка, але і як прафесійны мастак. Сярод яго карцін — «Вясна», «Лагойшчына», «Карпілаўка», «Курапаты», «Чарнобыльская пастка», «Мама-выратавальніца»,         «Першамай-86»... Празаіку і паэту належаць такія кнігі, як «Нясу свой крыж», «Горкая кропля», «Спасцігнуў я тайну» ды іншыя.


Прыгодніцкую аповесць «Зорка Ракхігархі» (2020) прадстаўляе Алёна Беланожка, якая ў друку часцей выступае як паэтэса.

У кнізе распавядаецца пра маладую авантурыстку Аліну і яе сяброў: яны аказваюцца ўцягнутымі ў дэтэктыўную гісторыю вакол магутнай старажытнай зброі, здольнай знішчыць увесь свет. Героі аповесці трапляюць у небяспечныя прыгоды, здзяйсняюць навуковыя адкрыцці і становяцца дзеючымі асобамі прыгожай любоўнай гісторыі. Кніга адрасавана маладзёжнай аўдыторыі, а таксама ўсім прыхільнікам «масалы». Гэта жанр індыйскага кіно, які тычыцца асабліва балівудскіх і паўднёва-індыйскіх фільмаў і абазначае стужкі, дзе спалучаюцца некалькіх розных жанраў, напрыклад, баявік, камедыя, драма і меладрама. Большасць з гэтых фільмаў, як правіла, яшчэ і мюзіклы, якія ўключаюць музычныя сцэны, што здымаюцца ў розных маляўнічых месцах. Сюжэт некаторых можа здацца гледачу нелагічным і непраўдападобным. Жанр атрымаў сваю назву ў гонар масалы — індыйскай сумесі спецый.


Таксама для аматараў прыгодніцкіх твораў — чарговы раман Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі», што выйшаў летась у серыі «Святло мінуўшчыны».

У шостай кнізе сагі, дзеянне якой адбываецца ў XVIII стагоддзі, чытач зноў сустрэнецца з улюбёнымі героямі — адважным шляхціцам Пранцішам Вырвічам і вучоным доктарам Баўтрамеем Лёднікам. Іх уцягваюць у палітычныя інтрыгі апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай. Так, персанажам давядзецца абараняць камень з кароны Карла Вялікага, вандраваць па падземнай рацэ, ажыўляць механічнага шахматыста, удзельнічаць у страшнай гульні Святога Пятра і пазнаёміцца з Чорнай Меланхоліяй. Людміла Рублеўская — аўтар больш як трыццаці кніг, сярод якіх зборнікі паэзіі «Крокі па старых лесвіцах», «Замак месячнага сяйва», «Рыцарскія хронікі», «Шыпшына для Пані», зборнікі прозы «Сэрца мармуровага анёла», «Пярсцёнак апошняга імператара», «Ночы на Плябанскіх Млынах», «Сутарэнні Ромула», кніг гістарычных эсэ «Рыфма цаной у жыццё», «Рыцары і дамы Беларусі» і гэтак да­лей. Але самы папулярны яе твор — сага аб Пранцішы Вырвічы.


Прадстаўляе выдавецтва і паэтычны зборнік Леаніда Дранько-Майсюка пад назвай «Скарб» (2021), куды ўвайшлі як новыя, так і добра вядомыя тво­ры пісьменніка: «Калі ўзыходзіў на Акропаль...», «Ты ведаеш “калі” і “што” сказаць...», «Сон залаты не менее ў цане...», «Я зведаў найкароткае спатканне...», «У майстэрні, дзе ружам не месца...», «Я перамог антычную галечу...», «На вуліцы Сухой у змроку радасным. », «На Кальварыйскай», «Віцебск. 1922» і многія іншыя.

Леанід Дранько-Майсюк — аўтар васямнаццаці кніг паэзіі і прозы. Сярод іх — «. Натуральны, як лінія небасхілу» (аповесць пра Максіма Тан­ка), «.Усе бачылі нястачу віна. » (аповесць пра Адама Станкевіча). Апошняя па часе кніга творцы — альбом пра Давыд-Гарадок «Кветкавы край Беларусі» — выйшла летась. Аўтар нарадзіўся ў гэтых мясцінах, таму шмат вершаў прысвячае менавіта гэтаму гораду: «Між Украінай і Расіяй, // А Польшчу маючы наводдаль, // Шукаў я словы — толькі тыя, // Што беларускі мелі водар. II Я словы родныя знаходзіў // У цёмнай бацькавай адрыне, // У светлым матчыным гародзе, // На Прыпяці і на Гарыні...»


Другое, стэрэатыпнае, выданне «Таму што так вырашылі мы»: паводзінная эканоміка Беларусі і яе раскадзіраванне» пад навуковай рэдакцыяй прафесара, доктара эканамічных навук Кірыла Рудага — найбольш грунтоўны твор з падборкі.

«Гэтая першая пасвойму кніга звязвае нацыянальныя асаблівасці мыслення беларусаў з эканамічным і сацыяльным развіццём. Ад шматвекавой “памяркоўнасці” да праблем з прыцягненнем інвестыцый. Дапаможнік пра тое, як перакадзіраваць грамадства», — заўважае ў невялічкім каментарыі да выдання прафесар фінансаў і дырэктар аспірантуры Арызонскага дзяржаўнага ўніверсітэта Юрый Царлюкевіч. Кніга — міждысцыплінарнае даследаванне паводзіннай эканомікі, у якім узялі ўдзел эканамісты, сацыёлагі і юрысты, і адначасова працяг дру­гой калектыўнай манаграфіі пад назвай «Фінансавая дыета: рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі».

У змест выдання ўвайшлі такія пытанні, як беларуская культурная матрыца, культурны, эканамічны, фінансавы коды Беларусі, інвестклімат, эксперыментальная база (на прыкладзе індустрыяльнага парка «Вялікі камень»), інстытут даверу і эканамічны рост і гэтак далей.

Выданне прызначана для чытачоў, якія імкнуцца разгадаць беларускі менталітэт і паводзінную мадэль беларусаў у эканоміцы, шукаюць новы пункт гледжання на старыя спосабы эканамічнага развіцця і чакаюць творчай дыскусіі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў выданні «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».