Вы тут

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Жыццёвы шлях


Гэта ўжо значна пазней прызнаюць яго выключны ўклад у беларускую культуру, назавуць стваральнікам новай беларускай літаратуры і нацыянальнага тэатра, народным асветнікам і паэтам. Уладзіслаў Сыракомля з-за адданасці Дуніна-Марцінкевіча беларускай паэзіі параўноўваў яго з гладыятарам. У варожым атачэнні царскай улады і польскіх нацыяналістычных колаў ён сапраўды трымаўся, як мужны гладыятар.


Фізічна кволы (з-за хвароб ён гэтак і не скончыў навучанне ў Пецярбургскім універсітэце), Вінцэнт тым не менш валодаў моцным маральным духам і зайдроснай упартасцю, з якімі трывала пераносіў жыццёвыя і творчыя нягоды. Фенамен Дуніна-Марцінкевіча сапраўды незвычайны і нават парадаксальны, як ён сам пісаў:

Я не сніў такога цуду,
Каб вырасшы між літвінаў,
Палюбіў беларусінаў!

Гэта толькі на першы погляд дзіўна, бо і літвіны, і беларусіны — дзве назвы аднаго і таго ж народа, сучасных беларусаў. І тое, што Вінцэнт пісаў на «мужыцкай мове», цяпер не выклікае здзіўлення, бо гэта беларуская мова, на якой тады і размаўлялі сяляне. Натуральна, што Дунін-Марцінкевіч, адчуваючы духоўную еднасць з народам, і пісаў для народа на яго мове. Гэта і выклікала цкаванне паэта, як з боку царскіх улад, гэтак і з боку польскай шляхты.

Не маючы добрай адукацыі, апроч бабруйскай павятовай школы і віленскай базыліянскай бурсы, гэты юнак родам з фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета праз самаадукацыю здолеў стаць не толькі адметным літаратарам (а пісаў ён і па-польску і на палескай (пінскай) гаворцы), але і выдатным культурным дзеячом, адным з рухавікоў нацыянальнага адраджэння. Пэўны час у дзяцінстве ён выхоўваўся ў свайго дзядзькі па маці, мітрапаліта рымска-каталіцкай царквы ў Расіі Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. Суровы ўклад у доме мітрапаліта быў не па душы жывому хлопчыку. Вельмі паказальна, што ён не скарыстаўся высокай апекай дзядзькі і не спаквапіўся на сытны царкоўны паёк. Не маючы багатай спадчыны, асудзіў сябе на гібенне бедным чыноўнікам у розных мінскіх установах (кансісторыі і крымінальным судзе). Тым не менш ашчаднасць Вінцэнта дазволіла адкласці такую-сякую суму і набыць у 1840 годзе невялічкі маёнтак Люцынка каля Івянца. На той час Дунін-Марцінкевіч быў ужо сямейным чалавекам, абцяжараны клопатам утрымання сям’і. Вось і дзіўна, што ён пачынае сур’ёзна займацца літаратурнай творчасцю. Канечне, гэта не адбылося проста так, ні з таго, ні з сяго, пэўна, наспела духоўная патрэба.

Асноўнымі матывамі ў творчасці Дуніна-Марцінкевіча былі маралізатарскія ідэі класавага міру (паны добра ставяцца да сваіх сялян, а тыя ўдзячна іх любяць). Аўтар не быў арыгінальным, бо папулярную «тэорыю маральнага самаўдасканалення» прапагандавалі многія тагачасныя творцы. Вядома, утапічнасць поглядаў Дуніна-Марцінкевіча відавочная. Але, пэўна, ён быў чалавекам з добрым сэрцам і чуйнай душой, і верыў у лепшае. Хоць праз налёт ідэалагічных карцінак праступае і жорсткая рэчаіснасць. Вось герой «Ідыліі», адкрыта прызнаецца аб панскім прыгнёце: «...яны з-пад ногця кроў нам высасаюць і, як з гадам, з мужыком абходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, што б на іх прыхаці зарабіць». Увогуле творчасць Дуніна-Марцінкевіча каштоўныя для нас не ідэямі, не сюжэтам, а каларытнымі народнымі вобразамі, моўным багаццем, фальклёрнымі дыяментамі — гэта ўсё жывы дакумент жыцця беларуса-селяніна, яго духоўных скарбаў. 

Асаблівая заслуга Дуніна-Марцінкевіча ў тым, што ён распрацоўваў беларускую літаратурную мову, як вобразна сказаў яго вучань Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): «каваў ... беларускую жывую мову». «Усе творы Вінцука Дунін-Марцінкевіча напісаны прыгожай каранастай мінскай гутаркай беларускай мовы, малююць яны надта жыва і абразова жыццё і думкі-паняцці беларусаў, і да гэтай пары некаторыя з твораў жывуць у вуснах народа. Асабліва папулярна паміж сялянамі вершаваная аповесць «Гапон», часці каторай пераходзяць ад старога пакалення да маладога, з вуснаў у вусны», — пісаў на пачатку ХХ стагоддзя Рамуальд Зямкевіч. Творчасць беларускага дудара знайшла свой водгук у народа! 
Апроч літаратурнай творчасці, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прысвяціў свой талент культурнай дзейнасці. Ён быў душой культурнага жыцця Мінска. У яго доме збіраліся сапраўды слынныя асобы: мастакі Адам Шэмеш і Ян Дамель, бібліёграф і паэт Ігнат Легатовіч, які таксама пісаў і па-беларуску, знаны ў горадзе калекцыянер і гуманіст Юрый Кабылінскі, граф Канстанцін Тышкевіч, Аляксандр Валіцкі, які падпісваў свае беларускія творы прозвішчам Місьцюк, Аляксандр Ельскі, мінскі епіскап і шчыры беларус Міхаіл Галубовіч, яшчэ юны, а пасля славуты кампазітар Станіслаў Манюшка і іншыя.

З апошнім Дуніна-Марцінкевіча звязала творчае супрацоўніцтва. Пачалося яно ў 1841 годзе, калі Вінцэнт напісаў лібрэта апярэты «Еўрэйскі рэкруцкі набор» на музыку Станіслава Манюшкі. Яна была паказана 23 верасня 1841 годзе ў гарадскім тэатры. Сам Вінцэнт сыграў адну з галоўных роляў і быў «усіх пацяшэйшы». А пасля творчы дуэт стварыў апярэты «Спаборніцтва музыкаў» і «Чарадзейная вада», якія карысталіся поспехам у мінскага гледача. На жаль, ні лібрэта, ні нот апярэтаў не захавалася, так што яны сталі толькі фактам культурнага жыцця Мінска. Што не скажаш пра знакамітую оперу «Ідылію», або «Сялянку». Аўтары доўга, аж з 1844 года не маглі яе паставіць, і толькі 9 лютага 1852 года ў Мінскім тэатры адбылася яе прэм’ера. Опера стала сапраўдным карнавалам беларускага музычнага фальклёру — гучалі народныя спевы, артысты ліха танчылі «Мяцеліцу». Жывасць оперы надаваў персанаж войта Навума Прыгаворкі, у ролі якога выступіў сам Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, ён сыпаў народнымі прыказкамі і прымаўкамі, сакавітымі слоўцамі. Вось за беларускае слова царскія ўлады і забаранілі «Ідылію». Яе тайна паказвалі ў іншых гарадах і ў Люцынцы. Яна пайшла з вялікай сцэны, каб трыумфальна вярнуцца на яе ўжо ў наш час. Дуніну-Марцінкевічу ўдалося надрукаваць кнігі «Гапон», «Вечарніцы» і «Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар Беларускі, або Усяго патроху» (1857), пераклад на мову 2 быліц з «Пана Тадэвуша» (1859) Адама Міцкевіча. Астатнія творы Дуніна-Марцінкевіча пабачылі свет ужо ў больш спрыяльны час, а шмат загінула падчас пажару дома ў Люцынцы.

Засталася невысветленай роля Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў паўстанні 1863–1864 гадах. Улады не без падстаў лічылі яго аўтарам рэвалюцыйнай «Гутаркі старога дзеда». Падазравалі яго ў падтрымцы паўстанцаў, пашырэнні сярод сялян «вредных для правительства идей». Даказаць прыналежнасць Вінцэнта да паўстання следству не ўдалося, але год састарэлы пісьменнік прасядзеў у Мінскай турме, сумнавядомым Пішчалаўскім замку. Дуніна-Марцінкевіча выпусцілі, і як да нядобранадзейнага прыставілі паліцэйскі наздор, па-сутнасці пасадзілі пад хатні арышт. Яго дачку Камілу, таленавітую піяністку, саслалі ў далёкі Салікамск. У такіх неспрыяльных умовах Вінцэнт не адчайваўся, арганізаваў у Люцынцы сялянскую школку, дзе вучыўся і будучы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., шмат пісаў, і хаваў напісанае ў вялікі куфар, запоўнены яго рукапісамі. З гэтай багатай спадчыны да нас дайшлі славутая «Пінская шляхта» з яе вострай сатырай на шляхецкія норавы, жыццярадасныя «Залёты», паэма «З-пад Іслачы, або Лекі на сон». 

«Удзячна і сардэчна ўспомняць яго некалі, як пасталеюць, наступныя беларускія пакаленні», — прароча адзначаў Аляксандр Ельскі ў некралогу на смерць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Так і сталася.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент