Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Рашэнні прыняты, але неабходна сканцэнтравацца на іх рэалізацыі


Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц далажыў Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнка аб развіцці рэгіёна.


Прэзідэнт адзначыў, што яшчэ пры назначэнні на пасаду галоўнай задачай губернатара Магілёўшчыны было вывесці вобласць на годны ўзровень, каб рэгіён «не плёўся ў хвасце». Па словах кіраўніка краіны, вобласць «не надта ірванула», але ўсё ж дадала па ВУП за мінулы год.

«Адзіная, мабыць, вобласць, — ды і ў свеце мала дзяржаў, якія б па ВУП дадалі за мінулы год. Усюды падзенне. Кітай 2,5 працэнты дадаў, але не 7–8 працэнтаў, як гэта было раней», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што Магілёўшчына па валавым рэгіянальным прадукце спрацавала на 101%. «Нядрэнны паказчык, і ў гэтых адносінах трэба аддаць належнае, але ўсе астатнія паказчыкі ў нас жадаюць быць лепей. Таму бачыць толькі станоўчае і не звяртаць увагі на тое, дзе трэба напружвацца, будзе няправільным. Значыць, мы проста спынімся ў развіцці», — дадаў кіраўнік краіны.

Ён падкрэсліў, што мінулы год ва ўсім свеце не з’яўляецца эталонам для таго, каб рабіць вынікі —  неабходна глядзець у будучыню.

«Але тое, што вам удалося магіляўчан расштурхаць, — гэта неаспрэчны факт. Па многіх напрамках былі прыняты на рэспубліканскім узроўні рашэнні, што тычыліся Магілёўшчыны. Да прыкладу паўднёвы ўсход Магілёўшчыны — адпаведныя прэферэнцыі, падтрымка, праекты па прадпрыемствах, падтрымка ў сацыяльнай сферы. Як кажуць, наверсе рашэнні прыняты, але неабходна сканцэнтравацца на іх рэалізацыі», — заявіў Прэзідэнт. — Хацеў бы пачуць ад губернатара ўражанні за перыяд працы на пасадзе і што неабходна зрабіць, каб вобласць яшчэ дадала ў развіцці».

«Прашу мець на ўвазе, Леанід Канстанцінавіч, як я ўчора (на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў. — «Зв.») казаў — 2021 год асаблівы. Асаблівы тым, што абсалютна невыразны. Вызначанасцей ніякіх няма. Мы не ведаем, як будзе развівацца сусветная эканоміка, вельмі вялікае падзенне. Мы не ведаем, як будзе развівацца пандэмія, якая ўплывае не толькі на розум людзей, але і, бачым, на эканоміку. Мы не ведаем, як глабальныя працэсы ў свеце пойдуць. Вы бачыце, якая турбулентнасць нават у аплоце дэмакратыі», — выказаў думку Прэзідэнт.

Ён папрасіў у працы ўлічваць не толькі гэтыя фактары, але і абмежаванасць сродкаў, ціск на краіну звонку ды знутры.

«Мы канечне, на калені не ўстанем, не рухнем, гэта адназначна. Але ў развіцці павінны гэта ўлічваць. Трэба мабілізаваць усё тое, што ёсць, а потым брацца за нешта. Будзем зыходзіць з гэтага», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Сярод асноўных тэм для абмеркавання на сустрэчы таксама будаўніцтва сацыяльна значных аб’ектаў у вобласці і пытанні сельскай гаспадаркі (набыццё азотных угнаенняў, рэалізацыя інвестпраектаў па рэканструкцыі свінаводчых комплексаў і будаўніцтве свінаводчага рэпрадуктара ў ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў»).

Каментарый у тэму

Па словах старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леаніда Зайца, валавы рэгіянальны прадукт у памеры 100,9 % — самы лепшы вынік па краіне. Пры гэтым сельская гаспадарка забяспечыла рост — 105,5 % ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, сельгаспрадпрыемствы — 108,8 %, прамысловасць — 103, 4%, гандаль — 100,7 %. Усё гэта дало магчымасць павысіць заробкі ў рэгіёне на 13%.

«Канечне, гэта недастаткова, яшчэ шмат рэзерваў. Мы гэта бачым, усе недахопы. Усе ўпушчэнні з’яўляюцца нашымі рэзервамі для павелічэння і колькасных, і якасных паказчыкаў. Уся наша наступная дзейнасць усіх аграрнікаў, прамыслоўцаў, усіх жыхароў Магілёўскай вобласці будзе накіравана на паляпшэнне паказчыкаў», — сказаў журналістам Леанід Заяц.

Ён расказаў і пра дасягненні паўдёвага ўсходу Магілёўшчыны, развіццю якога надаецца асаблівая ўвага. Губернатар падкрэсліў, што гэтыя тэрыторыі добра працавалі ў земляробстве і прыраслі па зерню ў 1,4 раза, у 1,6 раза — па рапсе, нарыхтавалі больш кармоў, павялічылася выручка на аднаго рабочага на 20,3%, выраслі заробкі.

«Але гэтага ўзроўню развіцця недастаткова, каб можна было зраўняцца нават з сярэднімі абласнымі паказчыкамі. Таму праграма, якая прынята і тыя нормы ўказы, што закладзены, дазволяць нам на працягу будучай пяцігодкі выраўняць паказчыкі і па некаторых нават выйсці наперад», — паведаміў Леанід Заяц.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.