Вы тут

Леанід Шчамялёў ― летапісец эпохі, пясняр прыгажосці


Не стала Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва, легенды нацыяльнага мастацтва, як называлі яго ў Саюзе мастакоў. Народны мастак Беларусі (1983), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1973), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982), лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010), Леанід Шчамялёў быў узнагароджаны ордэнамі «Айчыннай вайны» I і II ступені і меў шэраг іншых медалёў і знакаў. Вядома, што перад смерцю мастак цяжка хварэў. Пахавалі яго на Усходніх могілках Мінска.


Леанід Шчамялёў, 2003 год. Фота Кастуся Дробава

«Трагічныя рэчы ўсведамляць няпроста...»

Будучы народны мастак Беларусі нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску. У далёкія 1930-я гады ён паспеў паказаць свае першыя малюнкі Юдэлю Пэну і атрымаць яго благаславенне займацца мастацтвам. Але працягнуць справу перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна.

18 гадоў — Леанід Шчамялёў быў мабілізаваны ў войска менавіта ў гэтым узросце. Прайшоў усю вайну ад першага да апошняга дня, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. У кастрычніку 1943 года быў цяжка паранены ў баі пад Мазыром. Перамогу сустрэў у казачым корпусе на поўдні Украіны. Бацька Леаніда Дзмітрыевіча з вайны не вярнуўся, прапаў без вестак.

— Тое, што я бачыў у баі, у кіно не паказваюць. Трагічныя рэчы ўсведамляць няпроста. Сёння любяць здымаць так, каб шмат крыкаў, шуму, спецэфектаў. Але на нармальнага чалавека ўсё гэта не дзейнічае. Мне бліжэй тыя фільмы, дзе больш праўды. Вось «Ляцяць жураўлі». Сама абстаноўка рэальная і нагадвае тое, што было. Там вайна паказана праз жанчын. Як яны жылі ў тыле, што адчувалі, — успамінаў мастак.

Леанід Шчамялёў ніколі не выхваляўся сваімі ваеннымі ўзнагародамі. Для яго гэта была тонкая сакральная рэч, мабыць, не сціх боль, таму не хацелася адкрыта казаць пра гэта.

Адказваючы на шматлікія пытанні пра тэму вайны ў творчасці, ён заўважаў, што батальныя сцэны яго заўсёды мала цікавілі. Майстру былі важныя псіхалагічныя сюжэты пра тое, што здараецца з чалавекам на вайне, калі, рызыкуючы жыццём, ён ідзе абараняць Радзіму, пераадольваючы страх, боль, жах, пакуты, смерць. У яго карцінах — адмаўленне вайны як такой.

Шлях да ўнутранай свабоды

«Маё нараджэнне», 1967 г.

У 1952 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1959-м — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Леанід Шчамялёў — вучань народнага мастака Віталя Цвіркі. Вучоба ў яго дала мастаку шмат карыснага ў плане аднаўлення беларускасці ў светаўяўленні і творчасці, асабліва ў галіне колеравай пластыкі, адчування беларускага колеравага ландшафту ва ўсіх яго пластычных пералівах і выяўленнях. Віталь Канстанцінавіч перадаваў студэнтам тое, што і самому было вельмі дорага. Ён вывозіў іх на пленэры, якія працягваліся два і больш месяцаў. Малюючы, студэнты і самі паспявалі ўлюбіцца ў гарадзенскія, браслаўскія, нарачанскія, ракаўскія краявіды... Леанід Шчамялёў лічыў, што ў нашым мастацтве гэта была фігура буйная, неардынарная, і тое, што ён зрабіў для беларускай выяўленчай культуры, да канца яшчэ не ацэнена.

Работы Шчамялёва прыцягваюць увагу не ў апошнюю чаргу тым, што ён заўсёды адлюстроўваў асабісты погляд на сітуацыю, не адыходзіў ад уласнага меркавання. Быў перыяд, калі творцу крытыкавалі за фармалізм. Але мастак прытрымліваўся думкі, што твор павінен несці пазітыў і дабрыню. Калі глядач усё гэта адчуе, значыць, мэта дасягнута.

Знакавай у гэтым плане стала гісторыя з дыпломнай работай пад назвай «Вяселле» памерам 120x415 см. У гэтую карціну мастак уклаў тагачасны асабісты погляд і стаўленне да жыццёвых з’яў і людзей, а пасля і расчараванні. Калі карціну выставілі на дыпломным праглядзе, то частка выкладчыкаў яе катэгарычна не прыняла, хоць спачатку твор быў ухвалены камісіяй, выкладчыкамі і сябрамі, спецыялістамі з Масквы.

Тады аўтару палатна дасталася за буянства колераў, за памер, за адступленне ад той кампазіцыі, якой вучылі ў інстытуце, за ідэалогію (маўляў, гэта не камуністычнае «вяселле»). Паставілі заніжаную адзнаку, але работу залічылі. Праз некалькі гадоў Леанід Шчамялёў выпадкова знайшоў яе ў гаспадарчым памяшканні ТЮГа.

Мастацкі эпатаж, выяўленне асабістага «я» па прынцыпе: «Я так хачу, я так бачу!» — гэта замала для агульнай культуры, лічыў Леанід Шчамялёў. Пясняр прыгажосці, ён скептычна ставіўся да аднадзённых эксперыментаў і аматараў здзівіць любым спосабам. Майстар праслаўляў Беларусь, ствараючы ўзнёслыя, паэтычныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў, захапляўся краявідамі роднай краіны (адсюль панаванне блакітнага колеру ў работах). Галоўныя тэмы яго палотнаў — подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, чалавек-працаўнік, хараство роднай зямлі. Драматычныя падзеі вайны паўплывалі на яго творчасць, вызначылі стылявыя характарыстыкі і сэнсавую напоўненасць жывапісу.

Сам Леанід Дзмітрыевіч лічыў сябе мастаком свайго часу, гісторыкам, крытыкам і назіральнікам адначасова. Унутраная свабода была для яго найгалоўнейшай каштоўнасцю.

Тое, што называецца стылем

«Мароз і сонца», 1999 г.

Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, творы майстра вылучаюцца свабоднай манерай, выкарыстаннем святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю, а партрэты — псіхалагічнай глыбінёй і шчодрасцю характарыстык. Асаблівай работай і для мастака, і для публікі стала палатно «Маё нараджэнне». Там закладзена ўсё, што прафесіяналы потым назвалі стылем, манерай Леаніда Шчамялёва, тое, чым аўтар адрозніваўся ад папярэднікаў і сучаснікаў. Карціна даволі незвычайная і ў нечым гіпербалізаваная, хвалюючая, суровая і бязлітасная.

Задума гэтай работы ўзнікла ў творцы адразу ж пасля заканчэння інстытута. Яна доўга сядзела ў галаве, вонкі не выходзіла — тады ў Леаніда Шчамялёва не хапала ўмення рэалізаваць ідэю ў яе вобразна-пластычнай і канструктыўнай значнасці. Так, час ішоў, мяняліся погляды на жыццё. Вядома, што мастак да выніку ідзе няспешна. І ён ішоў павольна.

— Увогуле кажучы, мне заўсёды падабалася не проста маляваць, а кампанаваць нешта ад сябе, — успамінаў Леанід Шчамялёў. — Працэс гэты займальны, як стварэнне верша. Паэт, калі піша верш, не думае пра тое, будзе ён надрукаваны ці не. Так і мастак. Дык вось, першы, чарнавы, накід будучага твора я зрабіў у пачатку 60-х. Дзеянне — нараджэнне дзіцяці — адбывалася ў горадзе. Потым зрабіў «кадр» буйным планам — без гарадскога антуражу, але сярод артылерыстаў. Усё было не тое. І аднойчы я сабе ўявіў, што нараджэнне чалавека магло адбыцца і на полі вайны, дзе маглі знаходзіцца і партызаны, і ўчарашнія кадравыя афіцэры, і простыя вясковыя мужыкі, што пакінулі свае дамы, каб са зброяй у руках змагацца з ворагам, і іх жанчыны, і дзеці. І ў 1965 годзе спыніўся на гэтым эскізе. Белы снег, цёмныя плямы людзей на белым фоне — холад, нягода, няшчасце. І раптам у гэтым неймаверным хаосе вайны, калі перамога яшчэ далёка, нараджаецца чалавек. Чалавек, які прыйдзе на змену пераможцам, што далі яму магчымасць жыць у новым, неазмрочаным, свеце. Гэта нараджэнне Асобы...

На 98-м кроку…

«Дажджлівы дзень у Мінску», 2001 г.

Штодзённая работа ў майстэрні была сэнсам яго жыцця. Жонка Святлана, з якой пражыў больш за пяцьдзясят гадоў, падтрымлівала мастака ва ўсім. Яна вызваліла яго ад абавязкаў па гаспадарцы, ад паходаў па крамах. Нават фарбы купляла сама і ніколі пры гэтым не памылялася.

Родныя Леаніда Дзмітрыевіча адзначалі, што ён мог панастальгіраваць. Легендарнай з’яўлялася яго знакамітая майстэрня насупраць ГУМа: яе дзверы заўсёды былі адчынены, туды завітвалі людзі, якіх сёння называюць гісторыяй беларускай культуры: Аляксандр Кішчанка, Альгерд Малішэўскі, Юрый Марухін... Жыццё не скупілася на сяброў. Сярод іх быў і Барыс Крэпак, у размове з якім Леанід Шчамялёў згадваў свае прыхільнасці ў літаратуры і музыцы. Ён любіў чытаць «Новую зямлю» Якуба Коласа, творы Уладзіміра Караткевіча і Сяргея Ясеніна, слухаў кампазіцыі Пятра Чайкоўскага і Уладзіміра Мулявіна. Але найбольш прывабным для сябе літаратурным героем лічыў Марціна Ідэна. Зараз толькі тыя, хто блізка ведаў майстра, могуць сказаць, ці шмат падобнага было ў персанажа Джэка Лондана і ў абліччы народнага мастака. Дакладна адно: ён дасягнуў усяго, чаго жадаў (магчыма, акрамя аднаго — смуткаваў, што татуіроўкі цяжка зводзяцца). Напрыканцы жыцця часта казаў, што пражыў як хацеў.

За больш як 70 гадоў творчасці майстар стварыў вельмі шмат. Творы Леаніда Шчамялёва вядомы за мяжой, іх набывалі буйныя галерэі і музеі. Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі... Амаль два дзесяцігоддзі таму, у 2003 годзе, у Мінску была заснавана дзяржаўная Гарадская галерэя твораў Л. Шчамялёва. У яе аснове — больш за 60 работ, якія мастак падарыў сталіцы. Але ўсё гэта, магчыма, толькі зыходны пункт на доўгім шляху асэнсавання творчасці народнага мастака.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент