Вы тут

Што я магу зрабіць у барацьбе са зменай клімату?


Хто ў наш час не чуў пра парніковы эфект? Нябачныя парніковыя газы, накопліваючыся ў атмасферы, прапускаюць сонечныя прамяні да паверхні Зямлі, але не выпускаюць за межы атмасферы цяпло. Такім чынам цяпло назапашваецца, і паверхня нашай планеты паступова награваецца. Галоўны віноўнік змен – вуглякіслы газ. Асноўныя крыніцы вуглякіслага газу, які вырабляецца чалавекам, – сферы энергетыкі і транспарту, прамысловасці, а таксама сельскай гаспадаркі.


Фота Андрэя Феакцістава

Змена клімату – адзін з галоўных сучасных выклікаў. Яе прыродныя, эканамічныя і палітычныя наступствы вельмі глыбокія. Экасістэмы – ад гор да акіянаў, ад палюсоў да тропікаў – перажываюць хуткія змены, а надвор’е становіцца ўсё больш непрадказальным. Калі не распачаць рашучых дзеянняў сёння, то наступная адаптацыя да змены клімату запатрабуе вялікіх высілкаў і выдаткаў.

У кастрычніку 2018 года Міжурадавая група экспертаў па змене клімату (МГЭЗК) апублікавала Спецыяльны даклад аб глабальным пацяпленні на 1,5 °C. Гэта было зроблена з мэтай устанавіць навуковае разуменне наступстваў глабальнага пацяплення пры росце тэмпературы на 1,5 °C і больш. Вось толькі самыя асноўныя з іх:

  • павышэнне ўзроўня вады ў морах і акіянах за кошт яе пашырэння пры больш высокіх тэмпературах і раставанні леднікоў;
  • рост інтэнсіўнасці і частаты анамальных пагодных з'яў, такіх як ураганы, паводкі, засухі і штармы;
  • апустыньванне тэрыторый і зніжэнне ўраджайнасці ў сувязі са вычарпаннем запасаў вады;
  • пагроза для доўгатэрміновага планавання ўраджая і запасаў прадуктаў у цэлым з-за менш надзейных і непрадказальных змен сезонаў;
  • зніжэнне вылаву ў рыбнай прамысловасці і знішчэнне каралавых рыфаў з-за павышанай кіслотнасці вады ў Сусветным акіяне;
  • страта каштоўных асяроддзяў пражывання, біяразнастайнасці, важных экасістэм і розных відаў жывёл і раслін з-за адсутнасці магчымасці адаптавацца да ўмоў навакольнага асяроддзя, якія хутка змяняюцца;
  • змена геаграфічнага арэала некаторых відаў;
  • павелічэнне распаўсюджання хвароб, такіх як малярыя і ліхаманка Дэнге, з-за таго, што іх пераносчыкі – камары – змогуць выжываць на вялікіх тэрыторыях.

Краіны пачынаюць аднаўляць сваю эканоміку пасля крызісу ў сувязі з COVID-19. І планы яе аднаўлення могуць сфарміраваць эканоміку XXI стагоддзя такім чынам, каб яна стала чыстай, "зялёнай", здаровай, бяспечнай і больш устойлівай. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прапанаваў шэсць мер, звязаных з кліматам, якія могуць выканаць урады, калі яны прыступяць да аднаўлення сваёй эканомікі і грамадства:

  • пераход да "зялёнай" эканомікі: інвестыцыі павінны паскорыць пераход да менш вугляродаёмістай эканомікі для ўсіх яе аспектаў;
  • экалагізацыя працоўных месцаў і ўстойлівы і ўсёахопны рост;
  • павышэнне ўстойлівасці грамадстваў і людзей дзякуючы пераходу, які будзе справядлівым для ўсіх і нікога не пакіне без увагі;
  • інвеставанне ва ўстойлівыя рашэнні: неабходна спыніць субсідзіраваць вытворчасць і спажыванне выкапнёвых відаў паліва і прымусіць вінаватых у забруджванні плаціць за яго негатыўныя наступствы для навакольнага асяроддзя;
  • барацьба з усімі кліматычнымі рызыкамі;
  • супрацоўніцтва, паколькі ніводная краіна не зможа дабіцца поспеху ў адзіночку.

Што асобны чалавек можа зрабіць сам, каб замарудзіць і павярнуць назад працэс змены клімату?

Фота ААН (Крыстафер Гервіг)

Ёсць рэчы, якія можа змяніць у сваім жыцці кожны ўжо сёння. Вядома, не ўсё будзе давацца лёгка. Але заўсёды ёсць сэнс пачаць з прасцейшых крокаў, а ўжо потым ставіць амбіцыйныя мэты. Пачынайце з таго, што не патрабуе грашовых выдаткаў, і паступова прасоўвайцеся да больш дарагога.

Карыстайцеся грамадскім транспартам

Выбар сродкаў перасоўвання ў горадзе аказвае прыкметнае ўздзеянне на ўзровень выкідаў парніковых газаў. Вы можаце адмовіцца ад асабістага аўтамабіля на карысць хадзьбы, язды на веласіпедзе ці грамадскім транспарце. Калі ў вас няма іншага выбару, акрамя выкарыстання аўтамабіля, выбірайце электрамабілі, вядзіце машыну плыўна, а ў далёкія паездкі адпраўляйцеся на цягніку, а не на самалёце. Каб значна скараціць звязаныя з транспарціроўкай патрэбнасці ў энергіі, можна пераехаць жыць бліжэй да месца працы, а яшчэ працаваць дома і дыстанцыйна.

Эканомце энергію

Фота ААН (Лаура Хіносэс)

Выключайце электрапрыборы, не пакідайце іх у рэжыме чакання. Сыходзячы з пакоя, гасіце святло. Выбірайце энергазберагальныя лямпы, замяніце састарэлыя электрапрыборы. Падчас кіпячэння вады накрывайце каструлю накрыўкай. Выкарыстанне эканамічных халадзільнікаў, кандыцыянераў і іншых прыбораў можа паменшыць рахункі за электрычнасць, а цеплазберагальныя аконныя блокі - за ацяпленне.

Не выкарыстоўвайце выкапнёвае паліва

Адмоўцеся ад спальвання вугля, нафтапрадуктаў і з часам – прыроднага газу. Там, дзе ёсць магчымасць выбару крыніцы энергіі, варта выбіраць альтэрнатыву – біядызельнае паліва, аднаўляльную энергетыку.

Думайце, што ясце

Ужывайце як мага больш мясцовай і расліннай ежы. Рыхтуйце і захоўвайце ежу эканомна, пазбягайце яе неабгрунтаванага расходавання. Паменшыце колькасць мясных і малочных прадуктаў на стале. Гэта не азначае, што вы абавязкова павінны стаць вегетарыянцам. Замест таго, каб рыхтаваць вялікі кавалак мяса, зрабіце мясны соус ці запяканку з меншай яго колькасцю і г. д. Аддавайце перавагу прадуктам з экалагічнай маркіроўкай. Вырошчвайце гародніну і зеляніну на падваконніку/балконе, на агародзе ці ў садзе.

Беражыце дрэвы

Выкарыстоўвайце менш паперы і аддавайце перавагу вырабам з дрэва і паперы з маркіроўкай FSC. Пасадзіце дрэвы ў сваім двары.

Эканомце ваду

Прымайце душ, а не ванну. Збірайце дажджавую ваду для палівання агароду. Насіце з сабой бутэльку з вадой і піце вадаправодную ваду.

Навучайце і адукоўвайцеся

Фота moya-shubka.ru

Навучыце сваё дзіця эканоміць энергію і рэсурсы.

Ёсць шмат літаратуры, як мастацкай, так і навуковай, прысвечанай тэме змены клімату. Так, Стэфан Каста ў сваім творы "Зялёны круг" (2010) расказвае пра клімат, які моцна змяніўся на планеце, пра тое, як ліўні і паводкі змяняюцца страшнай засухай, аднак чалавецтва па-ранейшаму не жадае задумацца пра будучыню.

Леанарда Дзі Капрыа, амбасадар міра ААН па праблемах клімату, бярэцца за галоўную ў сваім жыцці ролю ў дакументальным фільме "Выратаваць планету" (2016). Падарожнічаючы ад пустэч Грэнландыі да лясоў Суматры і залаў Ватыкана, ён вывучае ўплыў кліматычных змен на нашу планету і шукае адказ на пытанне: што мы можам зрабіць, пакуль не стала занадта позна?

Самы просты спосаб зменшыць свой унёсак у змену клімату - проста купляць менш. Ад чаго б вы ні адмовіліся - ад аўтамабіля ці ад пластыкавага пакета, любое спажывецкае ўстрыманне вядзе да памяншэння колькасці паліва, якое спальваецца на планеце, каб вырабіць і перавезці тавары.

Пералічаныя спосабы падыходзяць не ўсім. Нейкія з іх могуць быць ужо часткай вашага жыцця, а нейкія аказацца зусім непрымальнымі. Але ажыццяўленне нават часткі з іх магло б штосьці змяніць да лепшага.

Змена клімату немагчыма спыніць, але змякчыць яе негатыўныя наступствы можна. Бяздзейнасць абыйдзецца нам значна даражэй.

Вікторыя КАНЬКОВА,

малодшы навуковы супрацоўнік аддзела міжнароднага навуковага супрацоўніцтва РУП “Бел НДЦ “Экалогія”

Друкуецца ў часопісе “Родная прырода”

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент