Вы тут

Адно з адкрыццяў выстаўкі «Фердынанд Рушчыц. Да 150-годдзя з дня нараджэння» — імя яго вучня


Мінулы, 2020 год, ЮНЕСКА аб'явіла годам мастака Рушчыца, першага дэкана Віленскага ўніверсітэта імя Стафана Баторыя, які належаў культуры чатырох краін — Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы. Да 26 студзеня 2021 года ў Мастацкім музеі праходзіць выстаўка «Фердынанд Рушчыц. Да 150-годдзя з дня нараджэння». Адно з адкрыццяў выстаўкі — імя яго вучня, Мар'яна Богуша-Шышкі, ураджэнца Астравеччыны.


Равеснік ХХ стагоддзя, ён памёр у Лондане ў 94 гады, пражыўшы амаль век, таму англійскі крытык Ньютан назваў яго «мастаком стагоддзя». Мар'яна Богуша-Шышку адкрыў для беларусаў Адам Мальдзіс, які парупіўся, каб на радзіму трапіла некалькі твораў гэтага незычайнага мастака, каб быў зроблены куток яго творчасці на яго радзіме ў Трокеніках пад Астраўцом. Зараз у родным доме Богуша — сельская бібліятэка-клуб. Там захоўваюцца жывапіс і некалькі шаўкаграфій з карцін творцы, якія падарыла яго ўдава лэдзі Цэцылія Саўндэрс у 1996 годзе.

Рушчыц часта згадваў Богуша-Шышку ў сваім дзённіку і ўспрымаў яго хутчэй не вучнем, а асістэнтам, памочнікам, калегам. Яны былі роўняй па паходжанні: Мар'ян багаты беларускі шляхціц (па матчынай лініі паходзіў з арыстакратычнага роду Козел-Паклеўскіх) з родавай сядзібай у Трокеніках пад Вільняй, з адпаведным выхаваннем — французскай гувернанткай і ўрокамі верхавой язды, паездкамі за мяжу. Ён вучыўся ў Рушчыца два гады і быў пасланы на стажыроўку ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў. Богуш скончыў Кракаўскую акадэмію ў майстэрні Ёзэфа Мехофера, меў навуковую ступень па матэматыцы, напісаў чатыры кнігі па гісторыі мастацтва, у тым ліку і пра Леанарда да Вінчы, і што для нас вельмі важна — не перакладзеную да гэтага часу кнігу пра мастацтва Вялікага Княства Літоўскага.

Богуш-Шышка, прыязджаючы на радзіму з Кракава, перадаваў Рушчыцу-дэкану пасылкі і нават узнагароды ад кракаўскіх калег. Менавіта ён у 1924 годзе адважыўся задаць настаўніку пытанне, якое мучыла многіх яго вучняў: чаму той пакінуў жывапіс у 40 гадоў і ці вернецца да яго пасля? І Рушчыц адказаў метафарычна, у сваёй манеры, запісаўшы адказ у дзённіку: «Гэта як пацеркі на ружанцы: яны розныя, але нітка адна». У 1939 годзе Богуш-Шышка павінен быў, на думку Рушчыца, прыняць кіраўніцтва кафедрай жывапісу ва ўніверсітэце імя Стафана Баторыя, але пачалася вайна.

«Мастак з моцным характарам» — назвала яго неяк крытыка. У 1927—1929 гадах жыў у Кобрыне на Палессі, дзе быў настаўнікам малявання. Ён адчуваў гэта як «культурную місію»: навучаць сельскіх дзяцей мастацтву. «Але калі прыехаў і пабачыў, як дзеці малююць, пераканаўся, што не я буду іх вучыць маляваць, а яны мяне», — успамінаў ён. Ад дзіцячай непасрэднасці і наіўнасці ён шмат чаго перанёс у сваю творчасць. А малюнкі палескіх дзяцей паказаў праз пяць гадоў на выстаўцы ў Варшаве ў Польскім інстытуце прапаганды. Гэта філасофія рушчыцавай школы: «мастацтва павінна быць усюды». Наступныя 10 гадоў Богуш пражыў у Гдыні. Да 1939 года меў 19 выставак — у Гдыні, Гданьску, Кракаве, Любліне, Чанстахове і Варшаве. Ён піша вытанчаныя партрэты, малафарматныя імпрэсіяністычныя пейзажы, у якіх натура патанае ў сонцы.

У 1939 годзе мастак добраахвотнікам пайшоў у армію, ваяваў у марской пяхоце і трапіў у палон да фашыстаў, прабыў у лагеры для інтэрніраваных ваеннапалонных чатыры з паловай гады. Яму было дазволена чытаць лекцыі па матэматыцы і весці студыю. Пасля вызвалення саюзнікамі ў 1945 годзе ўступіў у другі польскі корпус арміі Андэрса — часткі арміі Вялікабрытаніі, якая пасля заканчэння вайны дыслацыравалася ў Італіі. Яго дзядзька, вялікі чын у арміі Андэрса, пахадайнічаў, каб ён трапіў у мастацкі аддзел, які быў прызваны арганізоўваць вольны час афіцэраў — экскурсіі ў музеі, паездкі па памятных мясцінах. Шышка таксама арганізаваў мастацкую школу пад Рымам для былых мастакоў і ўсіх ахвотных. Год, праведзены ў Італіі, Богуш-Шышка лічыў роўным заканчэнню пяці акадэмій. Затым войска было пераведзена ў Англію, і мастак стаў эмігрантам. У Кракаве засталася любімая сям'я, якую ён падтрымліваў матэрыяльна. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе трэба было шукаць работу ў Англіі.

Рушчыц у апошнія гады жыцця лічыў сваёй місіяй педагагічную дзейнасць, выхаванне мастакоў — патрыётаў свайго краю. Богуш-Шышка стаў яго верным пераемнікам: у Лондане заснаваў Акадэмічнае таварыства ўніверсітэта імя Стафана Баторыя са студыяй станковага жывапісу па праграме Віленскага ўніверсітэта. Богуш быў актыўны і пладавіты мастак, выстаўляўся ў Лондане і Парыжы. Ён працаваў у розных тэхніках — жывапісу, акварэлі, гуашы і малюнка, з якіх друкаваліся яго вытанчаныя эстампы-шаўкаграфіі.

На адкрыцці сваёй выстаўкі ў Лондане ў 1963 годзе майстар пазнаёміўся з англійскай арыстакраткай, баранесай лэдзі Цэцыліяй Саўндэрс, якая была апанаваная марай стварэння шпіталя паліятыўнай дапамогі — хоспіса ў імя святога пакутніка Хрыстафора.

Яна падтрымала мастака купляй карцін для капліцы хоспіса. Адна з іх — «Святы Хрыстафор»: захоўваецца ў Лондане, графічны адбітак з яе — у Трокеніках.

У гэтым творы адчуваецца, што Богушу вядомыя шматлікія драўляныя народныя скульптуры ў касцёлах радзімы. Чалавечыя сілуэты тут ненатуральна выцягнутыя і моцна стылізаваныя. Ён маляваў пастозна, грубавата і наносіў фарбу доўгімі мазкамі пэндзля.

Паступова сустрэчы і дзелавыя адносіны лэдзі і мастака перараслі ў любоўныя, якія доўжыліся некалькі гадоў. Верны шлюбнай клятве, Богуш ажаніўся з лэдзі Саўндэрс толькі пасля пяці гадоў жалобы па нябожчыцы-жонцы. Баранесе быў 61 год, яму 80.

Пара пражыла душа ў душу больш за 15 гадоў. Увесь гэты час майстар жыў і працаваў у хоспісе, стаўшы, як ён выказаўся, «мастаком па месцы жыхарства». Заканчэнне жыцця ў хоспісе, у прыгожым садзе яго жонка трактавала як час роздумаў, спакою і адпачынку, пошуку сэнсу існавання. «Прыгажосць — найлепшы сродак, які загойвае боль», — лічыла яна. У хоспісе былі тэатр, мастацкая студыя, праходзілі канцэрты вядомых музыкаў. Богуш стаў яе верным паплечнікам: пісаў карціны на евангельскія тэмы, арганізаваў і там мастацкую студыю, дзе выкладаў пацыентам жывапіс — выдатны сродак арт-тэрапіі. Мастак тады канчаткова парваў з рэалізмам на карысць сінтэтычнай і сімвалічнай формы выказвання, стаў экспрэсіяністам.

Незвычайнае яго жывапіснае палатно «Цуд у Кане» (1960), упершыню выстаўленае ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выстаўцы, прысвечанай 150-годдзю Рушчыца. Гэта падарунак музею ад удавы мастака. Карціна напісана па знакамітым сюжэце першага з 35 цудаў Ісуса Хрыста — ператварэння вады ў віно на вяселлі ў Кане Галілейскай. Гэта прыхаваная алегорыя: падобна таму, як вада ўтойвала віно, Хрыстос быў схаваны ад свету на працягу шасці біблейскіх стагоддзяў. Віно, якое ў Богуша нагадвае кроў, ліецца ў збаны магутным патокам. Творы Богуша-Шышкі з хрысталагічнага цыкла далёкія ад прымірэння і рэлігійнай сузіральнасці: яны дынамічныя, рэзкія і трывожныя, часам нават драпежныя і агрэсіўныя.

Карціны Богуша паступова напаўнялі палаты хоспіса. З часам гэта «мясціна міласэрнай смерці» ператварылася ў незвычайны манаграфічны музей Богуша-Шышкі. Адзін з вядомых яго твораў «Птушка» — гэта і душа, якая ўзнімаецца ўверх па залатых аблоках, і Святы Дух, і голуб міру — парафраза з вялікага Пікаса.

Цяпер у хоспісе святога Хрыстафора каля 60 карцін Богуша-Шышкі. Ён навучыўся быць побач з тымі, хто памірае, іх блізкімі, і падтрымліваць іх, захоўваючы асабістую раўнавагу. Ён разумеў, што неўзабаве і сам апынецца на месцы сваіх вучняў. Памёр у хоспісе, у якім жыў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, акружаны клопатам сясцёр міласэрнасці і сваёй жонкі. Яго атачалі яго карціны.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Загаловак у газеце: Мастак, лэдзі і хоспіс. Мар'ян Богуш-Шышка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.