Вы тут

Новая выстаўка НЦСМ разбурае стэрэатыпы


Мы прызвычаіліся да таго, што музеі сучаснага мастацтва выводзяць нас з зоны камфорту: яны дэманструюць незразумелае і нязвыклае. Але новая выстаўка Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у нейкім сэнсе разбурае стэрэатыпы. У ім прадстаўлены работы беларускіх мастакоў — пейзажы, выкананыя ў рэчышчы акадэмічнага жывапісу.


Цікава, што, трапіўшы на выстаўку, кожны з гледачоў заўважыць нешта блізкае яму. Намаляваныя маладыя дрэўцы нібы такія ж, як ва ўласнай вёсцы, рачулка — ці не тая, каля якой бавіўся з вудай... Спрацоўваюць архетыпы, і на ўзроўні калектыўнага несвядомага мы раптам «пазнаём» знаёмыя з дзяцінства мясціны.

Мастакі, работы якіх увайшлі ў экспазіцыю «Сучасны беларускі пейзаж», нарадзіліся і пачалі сваю прафесійную адукацыю ў Мінску, Магілёве і Гомелі. Яны працягваюць традыцыі рускага акадэмізму, але надаюць сваім карцінам уласна беларускі, тутэйшы каларыт.

Міхаіл Мірошнікаў, куратар выстаўкі, распавядае:

— Наш лірычны пейзаж у маладым выкананні — гэта такі ж від мастацтва, як і іншыя кірункі, напрыклад, беларускі канцэптуалізм, сімвалізм або абстракцыянізм. На нашай тэрыторыі лірычны пейзаж — гэта складнік беларускай школы. Перш за ўсё гэтаму вучаць у гомельскіх, магілёўскіх і мінскіх установах адукацыі. Напрыклад, Гомельскае мастацкае вучылішча заўсёды было апірышчам пейзажу. Мастакі-ўдзельнікі выстаўкі — найбольш яскравыя прадстаўнікі розных кірункаў у стылістыцы падачы лірычнага пейзажу. Васіля Пешкуна пазнаюць ужо даўно па яркіх жывапісных палотнах, да яго падцягваюцца астатнія: Антон Вырва, Міхаіл Крот. Работы ствараліся на плэнерах, яны дыхаюць жывымі ўражаннямі.

Куратар экспазіцыі падкрэсліў, што для беларускага менталітэту характэрная ўстойлівасць звычак і традыцый, у тым ліку і ў мастацтве. Таму такія кірункі, як кніжная станковая графіка і той жа самы пейзаж, выдатна адчуваюць сябе да гэтага часу. Міхаіл Мірошнікаў лічыць, што яны і складаюць той самы феномен беларускай школы.

Трапіць на выстаўку можна будзе да 28 лютага.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Беларускі пейзаж як феномен: пазнай мясціны дзяцінства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?