Вы тут

Цудоўная сямёрка і пейзаж. У Мінску адкрылася новая выстава


21 студзеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава «Сучасны беларускі пейзаж». 

На ёй прадстаўлены работы сямі мастакоў: Віталя Гуназы, Антона Вырвы, Міхаіла Крота, Уладзіслава Пятручыка, Васіля Пешкуна, Рамана Коршунава і Васіля Чатнеўцава. Нягледзячы на тое, што іх аб’ядноўвае жанр пейзажу, кожны аўтар мае сваю адметнасць, непаўторны почырк, характэрныя стыль і палітру. Яны па-рознаму перадаюць настрой і эмоцыі.


Наведвальнікаў НЦСМ запрашаюць павандраваць па Беларусі, не прыкладаючы намаганняў. У адным месцы знаходзяцца маляўнічыя мясціны сталіцы, Мінскай вобласці, Гомельшчыны і Магілёўшчыны.

Экспазіцыя падзяляецца на дзве залы з пейзажамі рознага часу, пор года, надвор’я. Адны карціны паказваюць рэальную, такую розную пад пэндзлямі аўтараў зіму: чыстую, снежную, шэрую ці срэбную... Іншыя вяртаюць у яркую восень, перадаюць прадчуванне хуткай вясны, пагружаюць у цеплыню лета, пад цень высокіх дрэваў ці на бераг ракі, каб убачыць захад сонца. Паказваюць тыя прыродныя з’явы, якія немагчыма заўважыць сярод гарадской мітусні…

Як распавёў куратар выставы Міхаіл Мірошнікаў, дадзеныя карціны — гэта мастацтва сённяшняга дня, якое стала архетыпічным. Лірычны краявід усё яшчэ актуальны. Ён з’яўляецца візітнай карткай нашай рэспублікі.

— Пры выбары прац я абапіраўся на яркія індывідуальнасці асоб мастакоў, якія на самой справе малююць адно і тое ж, але зусім па-рознаму, — адзначыў куратар. — Напрыклад, Васіль Пяшкун, арыентуецца, перш за ўсё, на ўласныя перажыванні. І, мабыць, на маскоўскі жывапіс 50-х гадоў 20 стагоддзя, дадатковыя, небеларускія яркія ўсходнія фарбы. Міхаіл Крот, здаецца, больш на стыль, які нагадвае Вітольда Бялыніцкага-Бірулю. А Антон Вырва — чалавек універсальны.

Міхаіл Мірошнікаў.

Выстава не мае камерцыйнага характару, запэўніў Міхаіл Мірошнікаў: «Чыста мастацтвазнаўчы падыход — прадставіць мастакоў паступова знікаючага стылю».

Адметна, што на выставе няма карцін жанчын-пейзажыстак. Хоць у тэорыі маглі б заняць ганаровыя месцы.

«Напрыклад, Кацярына Сумарава, Юлія Мацура... Такіх мала, — рэзюмаваў куратар. — Ды і пішуць яны зусім па-іншаму. Чамусьці пейзажам займаецца мужчына. Лічыцца, што жанчыны больш эмацыйныя. Яны лепш перадаюць, скажам так, пачуццёвы фон. А вось мужчыны ў нас такія рамантычныя...»

Творы Васіля Пешкуна.

Пры праглядзе карцін выключаюцца рэальныя гукі, гоман людзей, гул машын за акном. Вакол — толькі прырода. Ціха, спакойна, утульна. У той жа час на палотнах бачна, як віруе жыццё, пульсуе аўтарская энергія.

«Пейзаж — мой самы любімы жанр, — падзяліўся Антон Вырва. — Прырода — невычарпальная. Ужо не першае стагоддзе мастакі адкрываюць у ёй штосьці новае, чэрпаюць натхненне. Прырода — вечны настаўнік. На мой погляд, каб дасягнуць чагосьці ў пейзажы, гэтаму, здавалася б, сціпламу жанру варта прысвяціць усё жыццё».

Васіль Чатнеўцаў.

Самы малады ўдзельнік выставы — 29-гадовы Васіль Чатнеўцаў — адзначыў, што для яго гонар выстаўляцца разам са сваімі настаўнікамі — Раманам Коршунавым і Антонам Вырвам.

«Яны адыгралі выключна станоўчую ролю ў маім жыцці, — сказаў ён. — Ёсць меркаванне, што калі мастак добры, то ён дрэнны чалавек і наадварот. Але Рома і Антон сапраўдныя сябры і выдатныя творцы».

Васіль яшчэ мала даследаваў Беларусь. Яго работы напісаны ў Мінску ці на радзіме, у Касцюковічах. Адна з яго яскравых карцін на выставе — «Батанічны сад», выкананая нядаўнім летам у сталіцы. Мужчына кажа, што яму заўсёды прыемна працаваць на пленэрах. «Нават у шэрай гаме, якая цяпер на вуліцы, таксама штосьці ёсць, нейкая прыемная танальнасць», — прыкмеціў ён.

«Галоўная алея. Батанічны сад» Васіля Чатнеўцава.

...Подпісы да карцін могуць зацікавіць не менш за самі работы. Напрыклад, вока чапляецца за назву «Дом, якога няма»... Якая тут гісторыя? Яе аўтар, Віталь Гуназа, распавёў, што калісьці на сталічнай вуліцы Дружнай стаяў будынак. Цяпер жа на яго месцы — плошча... Дом, якога няма, застаўся навечна на палатне.

Віталь Гуназа.

Сам мастак нарадзіўся ў Пскоўскай вобласці, але даўно жыве ў Беларусі. На яго рахунку — нямала выяў нашых мясцін. Таму Віталь займае ганаровае месца на выставе «Сучаснага беларускага пейзажа» і з’яўляецца яе яркім прадстаўніком.

На творах мастака — самыя розныя пачуцці і станы, на якія ўплывае сама прырода. Напрыклад, у рабоце «Дзесьці красавік» перададзены пераходны момант абнаўлення і чакання. «Заўсёды прыемна, калі змяняецца пара года, — лічыць мастак. — Яшчэ няма гэтых зялёных лісточкаў, але ты адчуваеш: зараз-зараз яны з’явяцца. Становіцца цяплей...»

Карціны Віталя Гуназы «Дом на рагу» і «Дзесьці красавік».

У Беларусі вельмі шмат прыгожых месцаў, адзначае творца. «Куды ні прыедзь — усюды можна стаць і пісаць» — заўважыў Віталь.

У НЦСМ прадстаўлена і сёлетняя карціна мастака, якую ён скончыў прыкладна тыдзень таму. Пейзаж напісаны ў вёсцы Гранічы Маладзечанскага раёна. Туды ён пераехаў жыць — мясціны спадабаліся.

...Каб пабыць сам-насам з прыродай, адчуць спакой, схавацца ад гарадскога шуму, выставу «Сучасны беларускі пейзаж» можна наведаць да 28 лютага.

Юлія АДАМОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.