Вы тут

85-гадовы майстар прызвычаіўся плесці адной рукой лазовыя кошыкі


Мар'ян Дагіль з аграгарадка Індура ў спісах народных майстроў не пазначаны. Ён сам па сабе. Затое ў вёсцы і наваколлі яго добра ведаюць. Нярэдка Мар'яна Пятровіча можна ўбачыць каля аўтобуснага прыпынку, куды ён выносіць на продаж свой тавар. Прадае танна. Зарабіць асабліва не імкнецца, больш спадзяецца, што яго майстэрствам хто-небудзь зацікавіцца і ён зможа перадаць свае навыкі маладзейшым.


Знаёмства з простым вяскоўцам і яго жонкай Марыяй Пятроўнай аказалася надзвычай цёплае. Вельмі прыязныя людзі: чужога чалавека сустракаюць так, нібыта роднага ці добра знаёмага. Падумалася, што такія адносіны вельмі часта можна сустрэць у вёсках. Гараджане гэту асаблівасць даўно страцілі, а вяскоўцы, збольшага сталыя, так і жывуць з адкрытымі сэрцам і душой. Вось і Дагілі такія.

І з домам не памылілася. Толькі дзверы адчыніла, а тут, у сенцах, — лаза да столі і кошыкаў з дзесятак побач стаіць. Яшчэ зусім свежыя, нават крыху вільготныя. Адсюль, можна сказаць, і пачалося маё знаёмства з тэхналогіяй пляцення тых самых кошыкаў, якія калісьці былі ў кожнай вясковай хаце. З дзяцінства памятаю іх на нашым двары. А вось адкуль яны браліся — так да гэтага часу не ведала. Таму з цікавасцю слухала майстра, які данёс гэтае рамяство да сённяшняга часу. І ў свае 85 гадоў не спыняе работу. Больш за тое, спраўляецца толькі адной рукой, пры гэтым адзін кошык можа зрабіць усяго за тры гадзіны.

— Я прывык. Найперш гну «каблук», такую аснову. Тут трохі трымаю левым плячом, а правай рукой — пайшоў круціць, — раскрывае сваю тэхналогію Мар'ян Пятровіч. — У мяне пытаюцца: як ты даеш рады адной рукой плесці? Я кажу: мне Бог дапамагае...

Бяда напаткала яго больш за тры дзясяткі гадоў таму. У той дзень, па словах жонкі, сусед папрасіў дровы папіліць. Муж нёс працуючую бензапілу, спатыкнуўся і ўпаў на яе. У выніку страціў левую руку. Спачатку вельмі нерваваўся, кажа Марыя Пятроўна. Але да характару мужа яна ўжо прызвычаілася, бо ведаюць адно аднаго яшчэ з дзяцінства — жылі ў суседніх вёсках. А разам ужо больш за 60 гадоў. Ці то няшчасце падштурхнула, ці яшчэ што, але ў мужа абудзілася даўняе захапленне. Гэта значна палепшыла яго душэўны стан. Да таго ж кошыкі прыйшліся даспадобы і вяскоўцам, і дачнікам.

— Гэта чырвоная лаза, яна мацнейшая за зялёную. Зразаю каля балота, тут не так далёка, потым цягну на ровары дамоў. Калі суха, яна не такая гнуткая, таму трэба выразаць у вільготнае надвор'е, бо лаза любіць ваду. Яна як высахне, ламаецца, а так — гнецца, кошыкі будуць вельмі моцныя, — тлумачыць Мар'ян Пятровіч.

А вось гатовы кошык ужо можна і падсушыць. Гэты працэс адбываецца на гарышчы, куды адпраўляецца кожная новая партыя. І ўжо вясной, калі яны там вылежацца, можна лічыць, што кошыкі дайшлі да патрэбнай кандыцыі.

Тэхналогію пляцення спадар Мар'ян асвоіў яшчэ ў дзяцінстве, калі з дзедам пасвіў кароў. Менавіта ад яго і пераняў рамяство. Дзед казаў: прыглядайся, можа, спатрэбіцца. Вось і ўспомніў Мар'ян Дагіль гэтую навуку, калі здарылася няшчасце. Стаў спрабаваць. Адзін, другі кошык зрабіў, але ўбачыў, што нешта не тое. Пачаў даходзіць сваім розумам. Спраўляўся адной рукой не горш, чым дзвюма. Нават адмовіўся ад пратэза. Набыў і свой почырк. Кошыкі ў яго атрымліваюцца круглыя, трывалыя. Кажа, што так прасцей бульбу ў мяшок высыпаць. Тэхналогію сваю Мар'ян Пятровіч не змяняе і іншых формаў не шукае. Ведае, што можна з дроту плесці ці з лёскі, але застаецца верны свайму кірунку — лазоваму. Тым больш што такіх майстроў вельмі мала. Ды і ахвотных навучыцца рамяству — адзінкі.

— Адзін з-пад Гродна прыехаў, хацеў навучыцца. Я пагадзіўся, няхай прыязджае, навучу. Мне будзе весялей. Тут жа не трэба пяць гадоў вучыцца, варта паглядзець, а потым і самому можна дабіцца, як лепш зрабіць. І праўда, у яго стала добра атрымлівацца. Але, на жаль, яго ўжо няма. Унукі таксама не цягнуцца да майго занятку, — кажа майстар.

Чаго толькі не перадумае Мар'ян Пятровіч, калі пляце кошык... Здаецца, усё жыццё перад вачыма праходзіць. Цяжкія пасляваенныя гады, калі ў калгасе за дзень зараблялі сто грамаў збожжа, і нешчаслівы лёс траіх дзяцей, якія заўчасна пайшлі з жыцця, і ўласны не вельмі ўдалы лёс... Але ўсё ж вясковец стараецца скіраваць свае думкі на пазітыў.

— Сяду і памалу кручу, успамінаю жыццё. Хачу, каб кошык атрымаўся ўдалы, каб людзям спадабаўся... І вы сабе выберыце які-небудзь, хай застанецца падарунак на памяць, — прапанаваў майстар.

А чаго тут выбіраць? Усе кошыкі адзін да аднаго. Цяпер, гледзячы на гэты цудоўны выраб, заўсёды ўспамінаю майстра. Думаю, я не адна такая ўдзячная. Мясцовыя жыхары і прыезджыя добра ведаюць унікальнага ўмельца. Бо не кожны здолее плесці такія кошыкі нават і дзвюма рукамі. Часам майстар выносіць па некалькі штук на продаж да аўтастанцыі.

— Я ўжо крычу: не трэба, хапае нам пенсіі, — падтрымала размову жонка. — Але не дзеля заробку, а больш нейкі занятак. Летась сто штук зрабіў. За цэлую вясну прадаў. Нядорага, па дзесяць рублёў. На гарышчы яшчэ паўсотні сохне, а тут свежыя, за два дні сплёў.

Магчыма, цяпер у сучаснай гаспадарцы такія кошыкі не надта ўжываюцца. Многія карыстаюцца пластыкавымі ёмістасцямі. Між тым дзе-нідзе, але трапіцца на вочы і прыдатны лазовы кошык. Навейшыя ў асноўным выконваюць дэкаратыўную ролю, упрыгожваюць аграсядзібы і двары. Зараз модна высаджваць у кошык кветкі, насыпаўшы на плёнку грунт.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара


У тэму

Як наогул ідуць справы з лозапляценнем? З такім пытаннем звярнулася да вядучага метадыста па народных промыслах Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Яніны Барысевіч.

— Сітуацыя з лозапляценнем апошнім часам пагоршылася, — адзначыла суразмоўца. — Хоць быў час, калі ў Гродзенскім рэгіёне гэты промысел быў вельмі папулярны. У 1990-х гадах у Гродне нават была фабрыка лазовай мэблі, і не толькі ў абласным цэнтры. Але ў 2000-х вытворчасць не здолела канкурыраваць з традыцыйнай мэбляй, і яе закрылі. Многія майстры знайшлі сабе іншы занятак.

Сам промысел, вядома, не знік. Некаторыя майстры, бывае, выносяць на кірмашы свае кошыкі. Асабліва папулярны ў гродзенскіх рамеснікаў вясновы кірмаш «Казюкі». Сюды прыходзіць са сваімі невялікімі, але адметнымі кошыкамі майстар Антон Кісель. Яшчэ Яніна Барысевіч згадала некалькі жанчын-майстрых, якія ўваходзяць у суполку майстроў «Гарадзенскі каларыт». Ёсць сям'я Піваварчыкаў, дзе займаюцца лозапляценнем муж і жонка, яны ўносяць новыя аўтарскія здабыткі ў традыцыйны промысел. Па словах Яніны Барысевіч, сёння зноў расце попыт на звычайныя сялянскія кошыкі, на кірмашах многія шукаюць менавіта іх і хутка раскупляюць. Цяпер яны ўпрыгожваюць і дачы, і сядзібы. І найбольш папулярныя — рабрыстыя кошыкі з неапрацаванай лазы зялёнага і бардовага колераў. Кажуць, што на Гродзеншчыне больш за сто відаў такой лазы. Між тым працэс нарыхтоўкі, апрацоўкі з выпарваннем у кіпені стварае пэўныя складанасці ў навучанні, напрыклад у гуртках ці на майстар-класах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.