Вы тут

На сустрэчы ўдзельнікаў УНС у Брэсце абмеркавалі шляхі рэгіянальнага развіцця


Абласны сход праходзіў у двайным фармаце з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі. Адна частка дэлегатаў была на відэасувязі ў студыях сваіх раёнаў, а дэлегаты ад Брэста і Брэсцкага раёна, Маларыцкага, Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў сабраліся ў зале аблвыканкама. Адкрыў пасяджэнне старшыня Брэсцкага абласнога Савета Юрый НАРКЕВІЧ. Ён паведаміў, што ад Брэстчыны на сход абрана 310 дэлегатаў. З іх 186 — дэпутаты Саветаў розных узроўняў, 124 чалавекі вылучаны грамадскімі аб'яднаннямі і арганізацыямі. Кіраўнік прадстаўнічай улады нагадаў удзельнікам іх задачу — дастойна прадставіць вобласць на Усебеларускім сходзе, а затым мабілізаваць грамадства на выкананне вызначаных сходам задач наступнай пяцігодкі.


Міністр эканомікі краіны Аляксандр ЧАРВЯКОЎ коратка ахарактарызаваў палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021—2025 гады, якія будуць разгледжаны на агульным форуме, расказаў, якім чынам і якімі спецыялістамі гэтая праграма распрацоўвалася. Міністр адзначыў, што прадстаўлены праект уяўляе з сябе контуры будучай праграмы. Яна будзе дапрацоўвацца і крышталізавацца ў ходзе работы Усебеларускага сходу з улікам меркаванняў яго ўдзельнікаў, прапаноў, якія паступілі ў ходзе работы дыялогавых пляцовак. Так будзе выбудаваны канчатковы варыянт праграмы, таму ўнесці прапанову, узняць праблему яшчэ не позна.

Аляксандр Чарвякоў адзначыў у ліку галоўных задач дзяржавы яе сацыяльную арыентаванасць. Паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва непасрэдна звязана з развіццём галіны аховы здароўя. Прыйшоў час высокатэхналагічнай медыцыны ў рэгіёнах. З 12 міжрэгіянальных цэнтраў аказання спецыялізаванай дапамогі, якія будуць створаны ў краіне за пяць гадоў, тры адкрыюцца на Брэстчыне — у Пінску, Брэсце і Белаазёрску.

У плане ўмацавання эканамічнага патэнцыялу прадугледжваецца кластарызацыя, маецца на ўвазе сістэма ўзаемадзеяння, якая аб'ядноўвае навуку, прыватны бізнес, буйныя дзяржкарпарацыі. У рэгіёнах таксама з'явяцца кластары. У тым ліку два на Брэстчыне: адзін — у сферы біятэхналогій і «зялёнай» эканомікі на базе Палескага ўніверсітэта і тэхнапарка «Палессе», другі — мэблевы кластар на базе прадпрыемства «Івацэвічыдрэў».

Будаваць любую праграму развіцця можна, несумненна, толькі абапіраючыся на фундамент дасягненняў. На гэтым зрабіў акцэнт у сваім выступленні намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ. Ён коратка падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за апошнія гады і тэзісна агучыў галоўныя задачы. Віцэ-губернатар адзначыў, што ў вобласці сфарміраваны партфель з 322 інвестыцыйных праектаў (уключаючы ўжо пачатыя) на суму больш за чатыры мільярды рублёў. Палова праектаў інфраструктурныя. У іх рэалізацыю інвестары маюць намер укласці каля двух мільярдаў рублёў. У вытворчай сферы плануецца рэалізаваць 79 праектаў. Напрыклад, у Пінску будуюць завод па выпуску зліткаў монакрышталічнага крэмнію, у Івацэвічах інвестар працуе над пашырэннем вытворчасці мяккай мэблі, у Кобрынскім раёне ўзводзяць сельскагаспадарчы комплекс па вырошчванні грыбніц. Ёсць планы на рэалізацыю шэрагу інвестпраектаў і ў сельскай гаспадарцы рэгіёна.

Варта адзначыць, што на абласным сходзе адбылася канструктыўная дыскусія. Нямала пытанняў удзельнікі задавалі міністру эканомікі, намесніку міністра архітэктуры і будаўніцтва Алегу Швяцу, намесніку міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыю Кавалькову, намесніку міністра ЖКГ Віталю Смірнову, якія прысутнічалі на пасяджэнні. Напрыклад, Аляксандр Раманюк, генеральны дырэктар КУП «Брэстжылбуд», узняў надзвычай вострае пытанне тэхнічнага пераўзбраення будаўнічых арганізацый. Відавочна, гэтае пытанне наспела, бо апошняя маштабная мадэрнізацыя была каля дзесяці гадоў таму. З адказаў кампетэнтных асоб вынікала, што праблема знаходзіцца на кантролі, шляхі яе вырашэння вызначаныя.

Шмат гаварылі ўдзельнікі сходу пра развіццё глыбінкі, малых і сярэдніх населеных пунктаў вобласці. Імпульс гэтай дыскусіі задаў Валерый ВАКУЛЬЧЫК, памочнік Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці: «Крыніцай унікальнасці і самабытнасці нашай краіны з'яўляюцца малыя і сярэднія населеныя пункты. А каб яны жылі, развіваліся, там патрэбная вытворчасць, новыя рабочыя месцы. Стымуляваць інвестара можна хіба толькі пэўнымі льготамі і прэферэнцыямі. Трэба, каб бізнесмену было выгадна адкрыць сваю вытворчасць не ў ваколіцах Брэста, а, умоўна кажучы, у Олтушы Маларыцкага раёна». Міністр эканомікі паведаміў, што над гэтым працуе рабочая група, рыхтуецца праект Указа па падыходах да развіцця рэгіёнаў. Вытворчасць павінна рухацца ад сталіцы, абласных гарадоў у правінцыю. Тут, вядома, важным фактарам выступае наяўнасць сучасных дарог. Завод альбо фабрыка можа ўзнікнуць ў гадзіне язды ад добраўпарадкаванага населенага пункта. Гаварылася на нарадзе і пра перспектывы развіцця Брэсцкага рэгіёна як важнага памежнага пункта еўразійскага напрамку. Прыйшоў час стварэння вытворча-лагістычнага пояса.

Пытанне развіцця самакіравання ўзняла старшыня Дзівінскага сельскага Савета Кобрынскага раёна Вера ПІКУЛА. Вера Пятроўна лічыць цяперашнюю мадэль пабудовы мясцовай улады аптымальнай. Яна прадэманстравала гэта на прыкладзе работы дэпутатаў свайго Савета. З дзівінскай старшынёй не пагадзіўся Валерый Вакульчык. Ён лічыць, што падыходы да мясцовага самакіравання на вёсцы трэба мяняць, кіраўнік сельвыканкама павінен мець больш паўнамоцтваў і несці большую адказнасць за стан спраў на вёсцы. Памочнік Прэзідэнта прывёў прыклад суседняга з Дзівінскім сельсавета, жыхары якога сваіх дэпутатаў не ведаюць нават па прозвішчах, а скаргі на няўважлівае стаўленне да сваіх патрэб па развіцці падсобнай гаспадаркі вымушаны накіроўваць у рэспубліканскія інстанцыі.

Свае падыходы да развіцця рэгіёна ў кантэксце краіны агучылі дырэктар Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка Дзмітрый МАКАРУК і іншыя ўдзельнікі сходу.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй КУНЦЭВІЧ у размове з журналістамі адзначыў, што сфарміраваць вобраз Беларусі будучага магчыма з прыцягненнем грамадзян краіны ўсіх узростаў, усіх сацыяльных груп. На яго думку, Усебеларускі народны сход для гэтага найлепш падыходзіць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Прывабіць інвестара ў глыбінку

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.

Грамадства

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Аб прыярытэтах у адукацыі, вопыце работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса і ідэалагічным складніку ў выхаванні мы задалі пытанні міністру адукацыі нашай краіны Ігару Карпенку.

Жыллё

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Дом №76 па вул. Валгаградскай у Мінску быў прызнаны аварыйным яшчэ ў нулявых.

Грамадства

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

На VІ Усебеларускім народным сходзе тэме развіцця Мінска на наступныя пяць гадоў было аддадзена шмат увагі.