Вы тут

Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму


На гэтым тыдні ў рэгіёнах Беларусі паступова паляпшалася эпідэмічная абстаноўка. Некаторыя аддзяленні бальніц пачынаюць працаваць у звычайным рэжыме. Аднак да перапрафілявання ў рэгіёнах падыходзяць узважана, бо ў лютым штогод адзначаецца сезонны пад'ём захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.


У Брэсцкай вобласці цалкам прайшлі працэдуру дэзынфекцыі і аднавілі работу ў звычайным рэжыме цэнтральныя раённыя бальніцы Жабінкаўскага, Камянецкага і Маларыцкага раёнаў.

На Віцебшчыне з 18 студзеня аднавілі работу ў звычайным рэжыме 86 ложкаў у цэнтральных раённых бальніцах. З 21 студзеня цалкам працуе ў штатным рэжыме Віцебскі абласны спецыялізаваны цэнтр. З 25 студзеня аднаўляе работу Віцебскі абласны рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін.

У Гродзенскай вобласці да звычайнага рэжыму работы вяртаецца Гарадская клінічная бальніца № 3 Гродна. Цяпер тут праводзяцца дэзынфекцыйныя і падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Працаваць у звычайным рэжыме клініка пачне з 22 студзеня. Прымаць пацыентаў пачнуць неўралагічнае, тэрапеўтычнае, кардыялагічнае і псіханеўралагічнае аддзяленні. Цяпер у рэгіёне для звычайнага рэжыму работы перапрафілявана больш за 300 ложкаў.

У Гомельскай вобласці дадаткова вернуты ў звыклы рэжым функцыянавання: з 21 студзеня — аддзяленне паталогіі цяжарнасці Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1 з далейшым паэтапным перапрафіляваннем у звычайны рэжым усёй медустановы, а з 22 студзеня — кардыялагічнае аддзяленне на 30 ложкаў у Мазырскай гарадской бальніцы.

У Магілёўскай вобласці на гэтым тыдні праходзіла дэзынфекцыя ў Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, з 24 студзеня яна мусіць прымаць профільных пацыентаў. Таксама на гэтым тыдні Бабруйскі міжраённы анкалагічны дыспансер будзе праводзіць мерапрыемствы па вяртанні да звычайнага рэжыму работы.

На Міншчыне плануе вяртанне да звыклай работы Валожынская цэнтральная раённая бальніца. Першае аддзяленне на 20 ложкаў праходзіць дэзынфекцыю. Таксама адкрываюцца першыя профільныя аддзяленні на 100 ложкаў у Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. А з 29 студзеня плануецца адкрыць для планавага прыёму першыя 20 ложкаў у Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы. Акрамя таго, плануецца перапрафіляваць пасля работы з COVІD-19 і першыя аддзяленні ў Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы ў Атоліна.

У сталіцы адкрываюцца для профільных пацыентаў гарадская гінекалагічная бальніца, раддом № 2, а таксама 11-я бальніца. Плануецца, што ў 11-й бальніцы будуць адкрыты месцы для рэабілітацыі на 185 ложкаў. Акрамя таго, мяркуецца адкрыць з 25 студзеня 60 ложкаў уралагічнага аддзялення ў 4-й бальніцы. У планах пераход на звычайны рэжым работы з 1 лютага аддзяленняў 1-й гарадской бальніцы — кардыялагічнага, нефралагічнага, рэўматалагічнага і эндакрыналагічнага. Таксама плануецца, што ў гэты час адкрыецца гарадскі цэнтр астэапарозу.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».