Вы тут

Праца, сустрэчы, выпадковасці. Моманты з жыцця Уладзіміра Мулявіна ў кадрах Юрыя Іванова


Уладзімір Мулявін. Чалавек з доўгімі вусамі, добрымі ўсмешлівымі вачыма і магутным голасам — вобраз, знаёмы ледзь не кожнаму беларусу, прынамсі, візуальна і па некалькіх найбольш вядомых песнях. Фотамастак Юрый Іваноў літаральна прыклаў руку да стварэння вобраза Мулявіна, бо ім зроблены многія найбольш вядомыя партрэты музыканта, зафіксаваны важныя і выпадковыя, паўсядзённыя моманты жыцця калектыву. Некалькі эксклюзіўных здымкаў публікуем з нагоды 80-годдзя музыканта.


Адзін з найбольш вядомых партрэтаў музыканта фотамастак Юрый Іваноў зрабіў у 1999 годзе. Яны сустрэліся ў філармоніі, і хаця Мулявін спачатку не хацеў фатаграфавацца, Іваноў яго ўгаварыў: святло было надзвычай прыгожае, атмасфера дабрадушнасці натхняла.

Зрабіўшы партрэт, фатограф спытаў: «А колькі табе гадоў?» Мулявін адказаў, што ён 41-га года нараджэння і дадаў: «А ты што, думаў, што я равеснік Янкі Купалы?»

Фотаздымак «Песняроў» каля помніка Янку Купалу зроблены ў 1976 годзе. Доўга збіраліся і нарэшце зрабілі, згадвае Юрый Іваноў. На ім — усе ўдзельнікі ансамбля таго часу. Па парадку: Юрый Дзянісаў, Леанід Тышко, Аляксандр Дзямешка, Уладзімір Мулявін, Валерый Яшкін, Чэслаў Паплаўскі, Уладзіслаў Місевіч, Анатоль Кашапараў, Уладзімір Нікалаеў, Анатоль Гілевіч, Леанід Барткевіч.

На вершы Купалы «Песняры» стварылі тры дзясяткі песень, Уладзімір Мулявін напісаў рок-оперу «Гусляр» і оперу-прытчу «Песня пра долю». Купала быў адным з галоўных пісьменнікаў і ў працы калектыву, і ў жыцці Мулявіна. Па яго творах музыкант, які нарадзіўся і вырас у Свярдлоўску, адкрываў для сябе Беларусь.

Здымак таго ж года — 1976-га, рэпетыцыя. Фатограф злавіў момант абмеркавання, агульнага роздуму аб чымсьці.

Два гады таму ў гурта выйшаў другі студыйны альбом, які часам абазначаюць па самай вядомай песні з яго — «Алеся». Яшчэ праз два гады выйдзе трэці, у якім з’явяцца «Явар і каліна», «Вологда» і «Беловежская пуща». 1976-ы — год гастроляў па ЗША, «Песняры» былі першым калектывам у СССР, які адправіўся туды. У тым жа годзе гурт выступае ў Канах на конкурсе грамзапісаў MIDEM, на які дапускаюцца толькі калектывы, якія выпусцілі ў сваёй краіне максімальную колькасць пласцінак за год. Акрамя гэтага, «Песняры» прадстаўляюць «Песню пра долю» — тэатралізаваную кантату даўжынёй у адзін акт, напісаную Мулявіным па вершах Купалы.

Другая палова 80-х: 1986 ці 87. Фотаздымак зроблены на стадыёне «Дынама» падчас свята, магчыма, Дня горада. Уладзімір Мулявін, кампазітар Ігар Лучанок і спявак Леў Лешчанка сядзяць на трыбуне і, заўважыўшы Юрыя Іванова, паварочваюцца і глядзяць у камеру. Выпадкова зафіксаваны момант.

Мулявіна і Лучанка ўжо звязвае доўгая супраца. Некалькі твораў «Песняроў» з шэрагу найбольш вядомых пазначаны аўтарствам Ігара Лучанка. У 1978-м выйшла кампазіцыя пад назвай «Гусляр» па паэме Купалы. Складаная і структурная музычная мова, абазначэнні жанру разыходзяцца: рок-опера, рок-кантата, паэма-легенда.

Паездка ў санях, запрэжаных тройкай, і сустрэча з мясцовым фальклорным ансамблем вёскі Усполе — звязаныя паміж сабой фотаздымкі. Юрый Іваноў рабіў фота, каб праілюстраваць кнігу — гістарычнае даследаванне пра Мсціслаў, горад у Магілёўскай вобласці на мяжы з Расіяй. Праца захапіла мастака, Мсціслаў аказаўся месцам, насычаным тэмамі для цікавых кадраў.

Адной з задач было паказаць пароду коней «Рускі цяжкавоз», якой славіцца Мсціслаўскі конны завод. Каб не ператвараць кнігу ў даведнік па каняводстве, Юрый Іваноў прыдумаў запрэгчы коней у тройкі і пасадзіць на сані ансамбль «Песняры». Уладзімір Мулявін пагадзіўся не толькі пракаціцца на тройках для фота, але і выступіць у горадзе і сустрэцца з калегамі — мясцовым народным калектывам. Прызначылі дзень здымак. Далей фатограф згадвае эпізод:

«За тыдзень да ад’езду я прыйшоў у філармонію, у пакой, дзе знаходзіўся ансамбль «Песняры».

— Нічога не атрымаецца. Не зможам прыехаць. Запрасілі ў Адэсу. — Мулявін казаў мне гэтыя словы, а я моўчкі слухаў. — Юра, разумееш, там грошы плацяць, і немаленькія.

Я маўчаў, у мяне дыханне перахапіла. Нічога не кажучы, я проста глядзеў на Уладзіміра. Мулявін змоўк. І я маўчаў.

Не ведаю, што здарылася, што ўбачыў на маім твары галоўны пясняр, але праз імгненне ён крыкнуў у суседні пакой:

 — Толя! (дырэктар ансамбля Анатоль Шчолакаў) Адпраўляй тэлеграму ў Адэсу — мы захварэлі… Усе».

Любое легендарнае імя пад вобразам, вядомым усім, хавае безліч успамінаў і згадак ад калег і сяброў, выпадковых побытавых момантаў, архіўных кадраў і знакавых сітуацый. Чым больш матэрыялу, тым цікавей і складаней зразумець сапраўдную асобу.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Настрой цудоўнай і лёгкай вясны стварылі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца»

Настрой цудоўнай і лёгкай вясны стварылі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца»

Напярэдадні Міжнарожнага жаночага дня Белаларускі саюз жанчын і канцэрн «Беллегпрам» правялі святочнае мерапрыемства «Настрой — Вясна».

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.

Грамадства

«Тут быў...» Што пісалі пяцьсот гадоў таму на сценах і камянях

«Тут быў...» Што пісалі пяцьсот гадоў таму на сценах і камянях

Іна Калечыц — першы і пакуль адзіны спецыяліст у Беларусі, які займаецца эпіграфікай.