Вы тут

Туга па страчаным раі ў дакументальнай стужцы «Дзе ты, Адам?»


У Мінску з вялікім поспехам працягваецца пракат дакументальнага фільма «Дзе ты, Адам?». Стужка дае гледачам рэдкую магчымасць адчуць сапраўдную атмасферу Святой Гары Афон, прычыніцца да жыцця тутэйшых манахаў і фактычна пабываць у адным з дваццаці святагорскіх манастыроў — старажытным Дахіяры.


Гара Афон у Грэцыі — знакамітая святыня праваслаўнай рэлігіі. Яна з’яўляецца цэнтрам праваслаўнага манаства і свяшчэнным месцам паломніцтва для мільёнаў вернікаў з усяго свету. Згодна з паданнем, гарысты паўвостраў асвяціла сама Багародзіца, і з тых часоў Афон шануецца як Другі Удзел Божай Маці.

Адміністрацыйна «манаская дзяржава» ўяўляе сабой самакіраваную супольнасць 20 праваслаўных мужчынскіх манастыроў, кожны з якіх займае пэўнае месца ў святагорскай іерархіі. Апрача галоўнай дваццаткі, па ўсёй тэрыторыі паўвострава раскіданы і манаскія паселішчы меншага калібру: ад адносна людных скітаў да пустэльніцкіх ісіхастырыяў («уласных манастыроў», якія нярэдка робяць наўпрост унутры пячоры).

Сярод гэткай разнастайнасці вылучаецца манастыр Дахіяр. Ён заснаваны ў X стагоддзі вялебным Яўфіміем Афонскім і знаходзіцца на дзясятым месцы ў іерархіі. Вялікая святыня Дахіяра — абраз Багародзіцы «Скорапаслушніца». Ікона шануецца як цудатворная, бо лічыцца, што яе ласкай вяртаўся зрок да сляпых ды вылечваліся кульгавыя. Напісанне абраза адносіцца прыкладна да X—XI стагоддзяў.

Як бачым, Святая Гара (і Дахіяр у тым ліку) — месца па-сапраўднаму ўнікальнае і каштоўнае. Каб увесь гэты цуд захоўваць у максімальна некранутым выглядзе, тут дзейнічаюць строгія правілы: як для паломнікаў і турыстаў, так і для саміх насельнікаў. Пачнём з таго, што на гару банальна нялёгка трапіць — патрэбны спецыяльны дазвол. Калі ўсё ж атрымалася: на Афоне забаронена не тое што брыдкасловіць (гэта заканамерна), а нават гучна размаўляць. Больш за тое, Святую Гару нельга наведваць жанчынам (увогуле любым істотам жаночага полу) і, што чакана, весці там фотаі відэаздымку. На апошняе асабліва звярніце ўвагу.

Вы запытаецеся: «А навошта нам уся гэтая інфармацыя?» А таму што ў фільме «Дзе ты, Адам?» вам гэтага не раскажуць! Стужка Аляксандра Запарошчанкі, знятая ў форме кінаэсэ, мае на мэце перадаць саму сутнасць святога месца, яго дух, а не зрабіць фактаграфічны запіс. Забягаючы наперад, адзначым: твор цалкам спраўляецца са сваёй задачай.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай беларускай прэм'еры, прадзюсар фільма дыякан Аляксандр Пліска паведаміў, што для здымак спатрэбілася ажно 4 гады. Ад моманту ж нараджэння ідэі мінула ўвогуле 13. Асноўнай перашкодай, са слоў прадзюсара, стала тое, што «галоўны» герой, ігумен манастыра Грыгорый (цяпер нябожчык), ніяк не пагаджаўся на ўдзел у праекце. Ён баяўся, што «яму пабудуюць помнік, што наладзяць яму чалавечую славу». Угаворвалі, між іншым, цэлых 8 гадоў!

Але складанасцей і перашкод было шмат. Не хапала ні грошай, ні людзей, ні часу. Да таго ж трэба было рашыць загадку: «Як пераадолець рэпартажную штучнасць і максімальна скараціць дыстанцыю паміж героямі і камерай?» Рашэнне зннайшлі радыкальнае: рэжысёр (і па сумяшчальніцтве аператар) Аляксандр Запарошчанка проста пасяліўся ў манастыры! Добрасумленна выконваючы рытуалы і працуючы разам з манахамі, ён змог увайсці ў давер браціі і сінхранізавацца з іх жыццёвым рытмам.

У пэўны момант манахі проста перасталі заўважаць аб'ектыў, камера злілася з мясцовасцю і ператварылася, са слоў рэжысёра, у невідзімку. Адсюль пачалося стварэнне карціны... І цяпер мы маем магчымасць назіраць, як традыцыйнымі метадамі ўручную ствараецца засцерагальная заслона ад наступлення мора, як умацоўваецца бераг, як манахі трапезнічаюць, гатуюць, служаць, прымаюць пострыг, прымаюць паломнікаў, спяваюць, разважаюць. І ўсё гэта на фоне ашаламляльных пейзажаў, якія змяняюцца адпаведна сезону.

Будзьце гатовы: візуальны рад прыгожы да слёз! Гэта датычыцца не толькі неверагоднай натуры ў кадры, але і мастацкай сутнасці карціны. Звычайна спакойны і крыху адчужаны мантаж з працягласцю кадра да некалькіх хвілін у моманты масавага ўзбуджэння і калектыўнай працы імгненна паскараецца і рвецца на шматкі даўжынёй у секунды. Павольная традыцыйная музыка, песнапенні альбо проста цішыня змяняюцца хуткім рытмічным фартэпіяна, якое адразу выходзіць на першы план.

У такіх эпізодах аўтары яўна і, дарэчы, вельмі ўмела пераймаюць стылістыку дакументалістаў-эксперыментатараў XX стагоддзя. У першую чаргу, канечне, кінематографа Дзігі Вертава і яго авангарднай суполкі «Кінавока». Самі сабой напрошваюцца параўнанні з шэдэўрам «Чалавек з кінаапаратам» і, напрыклад, з першым аўдыявізуальным эксперыментам класіка «Сімфонія Данбаса». Але яшчэ больш падабенства бачыцца з культавай кароткаметражкай 1960-х «Зямля людзей» Артавазда Пеляшана.

Наколькі раптоўна змяняецца танальнасць, настолькі ж рэзка ўсё зноў вяртаецца на свае месцы, а то і зусім спыняецца (падчас службы). Пераходы амаль незаўважныя і адчуваюцца як штосьці натуральнае. Чаго-чаго, а пачуцця рытму і раўнавагі стваральнікам дакладна не пазычаць. Тое ж у прынцыпе можна сказаць і пра каларыстыку. Мяккі, крыху шараваты фільтр, абраны аўтарамі для апрацоўкі карцінкі, добра падыходзіць агульнаму меланхалічнаму настрою стужкі і яе герояў, таксама людзей, таксама не без хваляванняў, але звыклых заўсёды спасылацца на Біблію.

Таксама людзей! І ў фільме гэтая думка асабліва падкрэсліваецца. Па-першае, кожны з братоў вызначаецца сваім характарам, кожны з іх — індывідуальнасць. А па-другое, нам не раз давядзецца назіраць, як гэтыя індывідуальнасці канфліктуюць паміж сабой. Ды што казаць — проста грашаць! На экране манахі жартуюць, здзекуюцца, злуюцца, б’юцца нават! Падаецца, што адбываецца нешта няправільнае, але потым Грыгорый кажа: «А што вы думалі? Мы ж таксама людзі. І мы, як людзі, вымушаны пастаянна змагацца са сваімі слабасцямі. Калі б мы іх не паказвалі, вы б назвалі нас крывадушнікамі. Між іншым, мелі б рацыю».

Сам Грыгорый у нейкі момант нават прызнаецца, што адзінае, аб чым ён шкадуе ў сваім жыцці, — гэта рашэнне стаць манахам! Уявіце, якое апусташэнне можна адчуць пасля падобных адкрыццяў з боку старога і паважанага ігумена! Нягледзячы на такія, як кажуць, пікантныя падрабязнасці, фільм ні ў якім разе не скатваецца ў фармат рэаліці-шоу, якое быццам абвяргае манаскую праведнасць Гэта прынцыпова іншае кіно, чуллівае і ўважлівае. Знятае з асаблівым піетэтам да манаства і саміх манахаў, яно, наадварот, ушаноўвае іх стыль жыцця.

Так, менавіта ўшаноўвае, нават праз такія нечаканыя прызнанні. Пасля кожнага з іх немінуча ўзнікаюць яшчэ большыя пашана і суперажыванне. Наогул, фільм якраз пра падобныя ўнутраныя парадоксы і супярэчнасці. Пра тое, скажам, як чалавек можа атрымліваць сапраўдную свабоду праз абмежаванні, альбо пра тое, як можна адчуваць радасць ад смутку.

Нягледзячы на агульны высокі ўзровень, без недахопаў, тым не менш, не абышлося. Напрыклад, кампазіцыйна дасканалыя, вывераныя статычныя кадры, зробленыя пры дапамозе штатыва альбо іншага стабілізатара, вельмі кантрастуюць з неакуратнымі, крыху скамечанымі здымкамі з рук альбо з прычэпленай да галавы «экшн-камерай».

Пачуццё меры крыху падвяло аўтараў таксама ў эпізодзе надыходу Вялікадня, калі на працягу некалькіх хвілін камера, знаходзячыся ў храме, дэманструе нам як быццам цудоўнае ператварэнне ўсіх прадметаў. У гэты момант гучыць нейкая невыразная электронная музыка, напоўненая недарэчным і фальшывым пафасам. Не зусім зразумела, навошта ўвогуле быў патрэбны такі эпізод, бо выглядае ён ў пэўным сэнсе чужародным.

Але ўсё гэта, насамрэч, няважна. Стваральнікам хочацца дараваць любыя недахопы хаця б за тое, што фільм можа выклікаць слёзы нават банальным маляўнічым пейзажам. Разумееце, у сучаснага чалавека чыста эвалюцыйна даўно павінна была выпрацавацца «слепата» да ўсіх гэтых бясконцых усходаў, захадаў і гарызонтаў. Ну, пагадзіцеся, колькі такога ўжо бачана: і проста карцінак, і ў кіно. А ўсё адно заплачаш. Цуд!

Заплачаш і міжволі падумаеш: «А дзе ты, уласна кажучы, Адам?» Гэтае пытанне (толькі ў крыху іншай фармулёўцы, зразумела) у першай кнізе Бібліі задае сам Бог. Як і любую біблейскую цытату, дадзеную фразу не трэба разумець літаральна. Прынята лічыць, што Бог тут звяртаецца хутчэй да сумлення першага чалавека. Дзе ты, маўляў, сапраўдны Адам?

Менавіта ў пошуках сапраўднага сябе, у пошуках Адама ўнутры прыходзяць у манастыр новыя людзі. Дужа кранальны і поўны гуманізму пасыл, праўда? «Дзе ты, Адам?» — гісторыя пра тое, як чалавек знаходзіць свабоду праз абмежаванні, як, чарговы раз седзячы на ўцёсе і сузіраючы ў цішыні вячэрняе зарава над морам, можна адчуць тугу па страчаным раі. Але не такую тугу, якая сушыць косці, а нешта іншае, нейкае прыемна-горкае пачуццё. Пачуццё шчаслівага смутку, калі хочаце.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».