Вы тут

У Лісабоне без перамен. У Партугаліі пераабралі прэзідэнта


Адной з ключавых падзей мінулых выхадных сталі прэзідэнцкія выбары ў Партугаліі, якія прайшлі ў нядзелю. Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны, 72-гадовы правацэнтрыст Марселу Рэбелу дэ Соўза атрымаў каля 61 працэнта галасоў выбаршчыкаў. Гэта яшчэ больш, чым паказчык, які забяспечыў яму перамогу ў мінулы раз — пяць гадоў таму ён атрымаў 52 %. Вялікая ўвага да гэтых выбараў тлумачыцца ў тым ліку і тым, што з пачатку 2021-га да Партугаліі на паўгода перайшло старшынства ў Савеце Еўрасаюза. Як развіваліся падзеі?


Насуперак прагнозам

Напярэдадні сацыялагічныя апытанні прагназавалі вельмі нізкую яўку, мінімальную за апошнія дзесяцігоддзі — ад 20 да 30 працэнтаў — на якую магла паўплываць надзвычай цяжкая эпідэмічная сітуацыя ў краіне (перад галасаваннем было выяўлена амаль 12 тысяч выпадкаў заражэнняў COVІD-19, 275 пацыентаў памерла). Сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў Партугаліі з насельніцтвам крыху больш чым 10 мільёнаў зараз самая цяжкая ў Еўропе.

Аднак песімістычныя прагнозы не апраўдаліся: ужо да 16.00 прагаласавала 35,44 % выбаршчыкаў (на мінулых выбарах у 2016 годзе да гэтага часу — 37,7 %). Даволі высокай яўцы ў цяперашніх умовах шмат у чым спрыялі заклікі палітыкаў, у тым ліку прэм'ера Антоніу Кошты і прэзідэнта, які выставіў сваю кандыдатуру на другі тэрмін.

«Ваш удзел — асноўнае для ўмацавання нашай дэмакратыі», — напісаў Кошта ў Twіtter, дадаўшы, што не скарыстацца асноўным правам — «значыць дазволіць, каб іншыя вызначалі нашу будучыню». «У людзей застаецца яшчэ некалькі гадзін да завяршэння галасавання, каб прыйсці і прагаласаваць без якіх-небудзь праблем або клопату, што можа павярнуцца яўкай, якую не чакалі яшчэ тыдзень таму», — заявіў прэзідэнт краіны Марселу Рэбелу дэ Соўза журналістам на выхадзе з выбарчага ўчастка.

Гэта галасаванне параўноўвалі з вотумам даверу дзяржаўнай палітыцы ва ўмовах пандэміі і справакаванага ёю крызісу. Партугалія трапіла ў спіс краін, чыя эканоміка асабліва моцна пацярпела ад каранцінных абмежаванняў. Аналітыкі папярэджваюць, што гэта пагражае сур'ёзнымі сацыяльнымі праблемамі.

Дзеючы прэзідэнт заслужыў асаблівую павагу за тое, што канструктыўна супрацоўнічае з левацэнтрысцкім урадам, падтрымлівае стабільнасць у краіне. Паказальна, што дэ Соўзу, былога старшыню Сацыял-дэмакратычнай партыі, падтрымаў і лідар сацыялістаў, кіраўнік урада Антоніу Кошта.

Даныя апошніх перад выбарамі сацапытанняў сведчылі аб тым, што Марселу Рэбелу дэ Соўза, нягледзячы на крызіс, па-ранейшаму карыстаецца шырокай падтрымкай выбаршчыкаў. За яго гатовыя былі прагаласаваць амаль дзве трэці апытаных цэнтрам даследавання грамадскай думкі Eurosondagem. Аднак нізкая яўка магла сыграць супраць дзеючага кіраўніка дзяржавы, павялічыўшы шанцы на другі тур. Другое месца на гэтых выбарах аспрэчвалі лідар крайне правай партыі Chega! Андрэ Вентура і прадстаўніца левага крыла сацыялістаў, колішні дыпламат і еўрадэпутат Ана Гомеш. Усяго свае кандыдатуры на гэтых выбарах выставілі сем палітыкаў.

Каб гарантаваць бяспеку выбаршчыкаў і пазбегнуць збору людзей, улады адкрылі дадатковыя ўчасткі — усяго іх працавала больш за 12 тысяч па ўсёй краіне, была закуплена вялікая колькасць антысептычных геляў. Выбаршчыкі павінны былі прыходзіць у масках, выконваць сацыяльную дыстанцыю і прынесці з сабой ручку для запаўнення бюлетэня. У выніку на многія ўчасткі ў Лісабоне і Порту выстраіліся чэргі. Было праведзена датэрміновае галасаванне 17 студзеня, у дамы састарэлых прывозілі урны, каб пажылым людзям не даводзілася выходзіць на вуліцу.

Фактар пандэміі

Прэзідэнт Партугаліі, які абіраецца на агульнанацыянальных выбарах раз у пяць гадоў, валодае даволі шырокімі паўнамоцтвамі: у яго ёсць права накладваць вета на законы, якія прымаюцца парламентам, ён дае даручэнне таму ці іншаму лідару партыі фарміраваць урад, можа склікаць выбары і распускаць парламент, паведаміла РІА «Навіны». Для перамогі ў першым туры неабходна атрымаць больш за 50 працэнтаў галасоў. Калі ніводнаму кандыдату не ўдасца гэтага зрабіць, то праз 21 дзень праходзіць другі тур, у якім возьмуць удзел кандыдаты, якія занялі першыя два месцы.

На гэты раз усё адбылося ўжо ў першым туры. Прычым дзеючы кіраўнік дзяржавы быў пераабраны з вялікім адрывам ад супернікаў. Другое месца на гэтых выбарах заняла прадстаўніца Сацыялістычнай партыі Ана Гомеш — яна атрымала каля 13 працэнтаў галасоў, толькі нязначна абышоўшы Андрэ Вентуру, лідара крайне правай ліберальна-кансерватыўнай партыі Chego!, утворанай у 2019 годзе. Астатнія кандыдаты набралі менш чым 5 працэнтаў галасоў. Вентура павіншаваў прыхільнікаў з перамогай над камуністамі, якія не трапілі ў першую тройку. «Гэтая ноч запомніцца адным — тым, што мы разграмілі крайне левую партыю ў Партугаліі», — заявіў ён.

Яўка на гэтых прэзідэнцкіх выбарах апынулася трохі ніжэйшая, чым пяць гадоў таму. Гэта тлумачыцца ў тым ліку апасеннямі партугальцаў за сваё здароўе падчас пандэміі.

Марселу Рэбелу дэ Соўза атрымаў юрыдычную адукацыю, працаваў юрыстам, пасля журналістам. У 1974 годзе ўступіў у Сацыял-дэмакратычную партыю. У 1981-м стаў дзяржсакратаром Савета міністраў, затым — міністрам па пытаннях узаемадзеяння з парламентам. Балаціраваўся на выбарах 2016 года, дзе перамог з вынікам 52 %.

У сваёй прамове пасля таго, як сталі вядомыя вынікі выбараў, дэ Соўза заявіў, што партугальцы хочуць як мага хутчэй адолець пандэмію каранавіруса, аднавіць рабочыя месцы і даходы, змагацца з беднасцю, а таксама мець стабільную палітычную сістэму з моцным і вартым даверу кіраўніцтвам, паведаміла партугальская кампанія грамадскага тэле- і радыёвяшчання RTP. Ён назваў барацьбу з пандэміяй самай важнай на сённяшні дзень задачай. «Мы павінны рабіць усё, што ад нас залежыць, каб спыніць, а затым павярнуць назад працэс, які аказвае сур'ёзны ціск на нашы структуры аховы здароўя», — дадаў прэзідэнт.

Пра пачатак трэцяй хвалі пандэміі раней заявіў прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Кошта. Паводле яго слоў, у сувязі з паказчыкамі захваральнасці на ковід і смяротнасці інфіцыраваных, якія хутка растуць, краіне не ўдасца пазбегнуць чарговага лакдаўну. Неўзабаве (з 15 студзеня) у Партугаліі зноў быў уведзены жорсткі каранцін, па аналогіі з мерамі, якія дзейнічалі вясной. Меры павінны пераглядацца кожныя 15 дзён, аднак Антоніу Кошта дапусціў, што абмежаванні могуць дзейнічаць месяц.

На мяжы

У мінулым месяцы Цэнтральны банк Партугаліі апублікаваў свой прагноз па эканоміцы краіны. Паводле яго меркавалася, што па выніках мінулага года валавы ўнутраны прадукт скароціцца больш чым на 8 працэнтаў.

Партугальская эканоміка знаходзіцца пад ціскам праблем з-за абмежавальных мер, уведзеных у рамках барацьбы з распаўсюджаннем каранавіруса ў краіне. Згодна з прагнозам Цэнтрабанка, аднаўленне эканамічнай актыўнасці можа распачацца не раней за другі квартал. Мяркуецца, што ў 2021-м і 2022-м эканоміка Партугаліі вырасце на 3,9 % і 4,5 % адпаведна. Але ўсё гэта зноў-такі толькі прагнозы. Міжнародныя арганізацыі ацанілі сітуацыю ў партугальскай эканоміцы яшчэ больш песімістычна. Так, МВФ спрагназаваў падзенне гадавога ВУП па выніках 2020-га на 10 працэнтаў. Еўракамісія і АЭСР чакаюць спаду ў эканоміцы на 9,3 % і 8,4 %.

Сістэма грамадскай аховы здароўя Партугаліі працуе на мяжы магчымасцяў, заявіла міністр аховы здароўя Марта Тэміда, паведамляе Reuters. «Наша сістэма аховы здароўя знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане», — канстатавала міністр. Яна дадала, што аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі перапоўненыя, паколькі колькасць пацыентаў з COVІD-19 рэзка павялічылася. Бальніцы адчуваюць каласальную нагрузку. У Лісабоне пацыентаў прымае палявы шпіталь. У краіне з мінулай пятніцы на 15 дзён закрылі школы. Каб прадухіліць распаўсюджванне брытанскага штама каранавіруса, улады вырашылі прыпыніць авіязносіны са Злучаным Каралеўствам.

Сітуацыя непазбежна адбіваецца на сацыяльнай сферы і эканоміцы краіны. Гэта, у сваю чаргу, сур'ёзна абцяжарвае работу ўрада меншасці. «Пазіцыі прэзідэнта рэспублікі могуць узмацніцца на працягу наступнага тэрміну, калі, напрыклад, паўстане палітычны крызіс, — заўважыў Euronews прафесар паліталогіі Універсітэта Мінью Хасэ Палмейра. — У сітуацыі, калі ўрад павінен змяніцца да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў і паўнамоцтваў заканадаўчага органа, роля прэзідэнта з'яўляецца асноватворнай. Тады ён выступае ў якасці пасярэдніка ў працэсе фарміравання парламенцкай большасці». Так што 72-гадовы Марселу Рэбелу дэ Соўза застаецца важкай фігурай у палітычнай канфігурацыі Партугаліі. Прысягу прэзідэнт прынясе 9 сакавіка.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.