Вы тут

Удзельнікі УНС азнаёміліся з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і Гродзенскага рэгіёна


На сходзе Гродзеншчыну прадставяць 310 дэлегатаў. Гэта актыў рэгіёна, сярод якога нямала кіраўнікоў, дэпутатаў Саветаў розных узроўняў, прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў навукі, культуры, спорту. Было адзначана, што такая сустрэча вельмі важная, бо праходзіць напярэдадні Усебеларускага сходу і вызначае новы этап развіцця краіны, у тым ліку Гродзенскага рэгіёна.


Асноўныя кірункі праекта Праграмы сацяльна-эканамічнага развіцця прадставіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. Ён удакладніў, што гэта яшчэ не канчатковы дакумент. Праграма будзе дапаўняцца з улікам прапаноў дыялогавых пляцовак і работы Усебеларускага сходу. Між тым работа над дакументам вялася два гады і аб'яднала вялікае кола ўдзельнікаў эканамічнай супольнасці. Ад чаго быў зроблены старт? Па словах міністра эканомікі, у аснову пакладзены дасягненні мінулых пяцігодак і зроблены прагноз на будучае з улікам патрэб насельніцтва і тых выклікаў, якія могуць перашкаджаць рухацца наперад. Увогуле, галоўныя прыярытэты — гэта дабрабыт людзей, занятасць, цэны, даступнасць жылля, аховы здароўя, адукацыі. А дасягнуць гэтага магчыма толькі з высокім узроўнем развіцця індустрыяльнага патэнцыялу прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Вядома, з улікам сучасных лічбавых тэхналогій.

У праекце зроблены акцэнт на моцныя рэгіёны. І тут, па словах Аляксандра Чарвякова, важна вызначыць пункты росту. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці адным з такіх пунктаў павінна стаць развіццё хімічнай прамысловасці і аграпрамысловага комплексу. У вобласці вырабляецца 17 % харчовай прадукцыі краіны, але патэнцыял яшчэ ёсць. Напрыклад, праз паляпшэнне бальнасці зямлі.

Важным кірункам павінна стаць перапрацоўка мясцовай сыравіны. Тут ёсць добрыя зрухі ў дрэваапрацоўчай галіне. І цяпер тэмпы вытворчасці пастаянна растуць. За дзесяць гадоў галіна амаль у тры разы павялічыла аб'ёмы. Новы сучасны дрэваапрацоўчы завод пачаў будавацца ў Свіслацкім раёне. Але варта займацца глыбінёй перапрацоўкі. Пакуль прадпрыемствы больш экспартуюць драўнянастружкавыя пліты, чым гатовыя вырабы. Таму наступны крок — гэта стварэнне мэблевага кластара.

Таксама рэгіёну варта звярнуць больш увагі на развіццё турыстычных паслуг. Тут трэба шукаць новыя формы аказання паслуг, больш актыўна займацца ўнутраным турызмам, развіваць гасцінічны бізнес, гандаль і сферу грамадскага харчавання.

Такім чынам, у цэлым па краіне ў малых і сярэдніх гарадах, сельскіх раёнах стаўка будзе зроблена на паглыбленую перапрацоўку мясцовых рэсурсаў і сельгаспрадукцыі, стварэнне на гэтай аснове новых прадпрыемстваў. Такая работа ўжо вядзецца, але пакуль няма значных праектаў, іх літаральна у найбліжэйшы час трэба вызначыць.

Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Нацыянальга сходу па адукацыі, культуры і навуцы Лілія КІР'ЯК, старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь ХОМІЧ, магістрант ГрДУ імя Янкі Купалы Бажэна ЯРЭМІЧ.

Чаго чакаць ад рэалізацыі рэгіянальнай палітыкі? Па словах міністра эканомікі, заработная плата ў рэгіёнах да канца пяцігодкі павінна павялічыцца не менш чым у 1,5 раза, інвестыцыі у 1,2 раза. Ёсць верагоднасць з боку дзяржавы накіраваць дадатковыя сілы для стварэння новых прадпрыемстваў, як гэта зроблена ў Аршанскім раёне. Урад рыхтуе цэлы комплекс прапаноў, каб даць больш стымулаў там, дзе ніжэйшы патэнцыял, каб тым самым зацікавіць інвестара.

Запуск новага інвестыцыйнага цыкла ляжа ў аснову работы эканомікі Гродзеншчыны, адзначыў старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. Падмурак для такой работы ужо ёсць. У вобласці на 2021—2025-я гады запланавана будаўніцтва новага завода на «Гродна Азот», стварэнне шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій, дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў Смаргонскім раёне, працяг будаўніцтва АЭС і іншыя. У кожным раёне вобласці прадугледжана адзін-два праекты па будаўніцтве прадпрыемстваў прамысловасці і сельскай гаспадаркі.

Уладзімір Каранік падкрэсліў, што тая праграма, якая зараз абмяркоўваецца, даволі амбіцыйная. У вобласці, як і ва ўсёй краіне, больш чым у 1,5 раза плануецца павялічыць заработную плату. На столькі ж рэгіён мяркуе павялічыць даходы бюджэту. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць павялічыць фінансаванне бюджэтнай сферы.

— У фарміраванні прагнозу мы кіраваліся напрацоўкай рэспубліканскіх органаў і прапановамі з месцаў. Нам ёсць чым ганарыцца, нават у складаны 2020 год вобласць не дапусціла спаду эканомікі. Гэта зроблена, дзякуючы росту сельскай гаспадаркі, прамысловасці, сферы паслуг. Тое, што гарантуе сістэматычнае паступленне ў бюджэт, каб мы маглі больш поўна выконваць нашы сацыяльныя абавязацельствы. У цэнтры любой праграмы знаходзяцца чалавек і яго інтарэсы. І бюджэт вобласці і краіны дэманструе сацыяльную скіраванасць.

Удзельнікі сходу маглі задаць пытанні спікерам. У прыватнасці, прагучала пытанне аб развіцці аховы здароўя. Уладзімір Каранік паведаміў, што стаўка будзе зроблена на міжрэгіянальныя медыцынскія цэнтры. Такая клініка працуе ў Астраўцы, на чарзе — Ліда і Ваўкавыск. Завяршаецца рэканструкцыя 4-й бальніцы Гродна, будуецца анкадыспансер. Рыхтуецца праект рэканструкцыі інфекцыйнай бальніцы. Будзе два інфекцыйныя стацыянары. Вобласць актыўна аснашчаецца апаратамі МРТ. У інвестпраграму закладзена будаўніцтва новай бальніцы замест 2-й гарадской, якая месціцца у прыстасаваным памяшканні.

Таксама ўдзельнікі сходу атрымалі адказы на пытанні па зарплатах бюджэтнікаў, фінансаванні навукі, прафесійнай арыентацыі школьнікаў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў зазначыў, што ніводнае пытанне, якое паўстала на сходзе і падчас работы дыялогавых пляцовак, не застанецца па-за ўвагай. А іх паступіла нямала, што сведчыць аб высокай актыўнасці і грамадзянскай пазіцыі беларусаў, якія неабыякавыя да развіцця сваёй краіны, свайго рэгіёна, свайго прадпрыемства. Максім Рыжанкоў таксама паведаміў, што падчас работы Усебеларускага сходу будзе створана камісія, якая зоймецца збіраннем і абагульненнем усіх прапаноў менавіта падчас форуму. Усе будуць пачутыя, усе вартыя ідэі і прапановы будуць улічаны, запэўніў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Маргарыта Ушкевіч

Фота БелТА

Загаловак у газеце: У прыярытэце — дабрабыт людзей і моцныя рэгіёны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».