У сераду, 27 студзеня, а 17-й гадзіне Выдавецкі дом «Звязда» запрашае ўсіх ахвотных на прэзентацыю новай кнігі Інесы Плескачэўскай «Як разгадаць Кітай».
— Гэта кніга — вынік майго 12-гадовага жыцця ў Кітаі. У ёй я расказваю аб тым, як гэта — быць іншаземцам у Кітаі, дзе табе ніколі не стаць сваім, аб тым, як я даведвалася, спазнавала і спрабавала разгадаць гэтую дзіўную краіну, — падзялілася на сваёй старонцы ў адной з сацсетак пісьменніца.
Паводле меркавання аўтара, кніга атрымалася вельмі маляўнічай дзякуючы шматлікім фатаграфіям.
Спасцігнуць і паспрабаваць разгадаць гэтую далёкую краіну можна з дапамогай кнігі. Яе прэзентацыя адбудзецца 27 студзеня ў «Акадэмкнізе» па адрасе: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.
Аб аўтары: Інеса Плескачэўская — сучасная беларуская пісьменніца. Нарадзілася ў 1969 годзе ў Гомелі. Скончыла філасофска-эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у пасольствах Беларусі ў Латвіі і Вялікабрытаніі і нават была прадстаўлена Яе Вялікасці Каралеве Лізавеце II.
Са снежня 2000 па красавік 2013 года жыла і працавала ў Пекіне, на той час была першым (і адзіным) афіцыйна акрэдытаваным у Кітаі беларускім журналістам. Яна прадстаўляла газету «СБ. Беларусь сегодня» і тэлеканал АНТ.
З красавіка 2013 года жыве ў Чэхіі і з’яўляецца ўласным карэспандэнтам газеты «СБ. Беларусь сегодня».
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.