Вы тут

Далёкія і блізкія суродзічы. Даследчык творчасці Пушкіна нарадзіўся ў Лепелі


Зазірнуўшы ў грунтоўны ў цэлым даведнік «Літаратурныя мясціны Беларусі» (Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петурся Броўкі», 2000 год), сярод пісьменнікаў, звязаных з Лепелем, можна знайсці Івана Гарбачэўскага, Дзмітрыя Даўгялу, Тамаша Зана, Дзмітрыя Палітыку, Фелікса Тапчэўскага, Яна Чачота, Людвіка Адама Юцэвіча... А вось пра Барыса Саламонавіча Мейлаха — ніводнага слова. А між тым — досыць вядомы рускі літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў Лепелі 26 чэрвеня 1909 года. Памёр таксама ў чэрвені (4 чэрвеня) у 1987 годзе. У Санкт-Пецярбургу. Тады яшчэ — у Ленінградзе.


Доктарскую дысертацыю наш зямляк абараніў у 1944 годзе. Дарэчы, у 1941 годзе Мейлах выконваў абавязкі дырэктара славутага Пушкінскага дома. У пачатку 1942 года быў эвакуіраваны ў Ташкент, дзе ўзначальваў Ташкенцкае аддзяленне Інстытута рускай літаратуры. Адначасова загадваў кафедрай рускай літаратуры Сярэднеазіяцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Магчыма, тады сустракаўся з беларускімі паэтамі, якія жылі ў эвакуацыі ў Ташкенце, — Якубам Коласам, Эдзі Агняцвет?.. Усё ж недзе ці не аднымі яны сцежкамі хадзілі... А ўраджэнец Случчыны Сцяпан Ліхадзіеўскі дык і ўвогуле працаваў выкладчыкам Сярэднеазіяцкага (Ташкенцкага) універсітэта. Чаму б яны не маглі ў тыя часіны кантактаваць, сустракацца, спрачацца па пытаннях гісторыі рускай і сусветнай літаратуры?..

Шлях Барыса Мейлаха ў вялікую навуку пачаўся яшчэ ў пачатку 1930-х гг. У 1931 годзе наш зямляк закончыў літаратурны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1935-м пачаў працаваць навуковым супрацоўнікам Пушкінскага дома... У 1937 годзе выдаў манаграфію «Пушкін і рускі рамантызм». Увага да творчасці і жыцця Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна настолькі моцна захапіла маладога вучонага, што пушкініяна, пушікназнаўства на доўгія гады наперад спланавалі, скарэкціравалі жыццё самога Мейлаха, яго навуковыя зацікаўленасці.

А з 1944 года наш зямляк — доктар філалагічных навук. Сярэднюю адукацыю Мейлах атрымаў яшчэ ў Туле. У 1941-м — выконваючы абавязкі дырэктара Пушкінскага дома. У пачатку 1942 года эвакуіруецца ў Ташкент, дзе ўзначальвае Ташкенцкае аддзяленне Інстытута рускай літаратуры і адначасова загадвае кафедрай рускай літаратуры Сярэднеазіяцкага (Ташкенцкага) дзяржаўнага ўніверсітэта. Значыць, дакладна сутсракаўся са Сцяпанам Ліхадзіеўскім!.. У адной ВНУ працавалі.

У 1945 годзе Барыс Саламонавіч вяртаецца ў Ленінград. Ізноў працуе ў Пушкінскім доме, адначасова выкладае ва ўніверсітэце. Прафесар Ленінградскага ўніверсітэта (1947–1966). Выдае кнігі «Пушкін і рускі рамантызм» (Масква — Ленінград, 1937), «Пушкін і яго эпоха» (Масква, 1958), «Мастацкае мысленне Пушкіна як творчы працэс» (1962), папулярных кніг пра жыццё і творчасць паэта — «Жыццё Аляксандра Пушкіна» (Масква, 1974), «Талісман» (Масква, 1975, 2-е выданне — 1984). Узначальваючы групу пушкіназнаўства Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскага дома), Мейлах праявіў сябе выдатным кіраўніком, арганізатарам і сааўтарам такіх творчых праектаў, як «Пушкін. Вынікі і праблемы вывучэння» (Ленінград, 1966, у сааўтарстве з Б. Гарадзецкім і М. Ізмайлавым), калектыўная манаграфія «Руская аповесць. Гісторыя і праблематыка жанру» (Ленінград, 1969) і інш. Мейлах з’яўляўся арганізатарам і кіраўніком некалькіх усесаюзных пушкінскіх канферэнцый. У 1974 Барыс Саламонавіч выступіў на пасяджэнні Аддзялення літаратуры і мовы АН СССР з разгорнутым планам стварэння «Пушкінскай энцыклапедыі» і надрукаваў артыкул, дзе выклаў яе структурныя прынцыпы. Мейлах — таксама даследчык і жыцця і творчасці Льва Талстога (гэтай тэме прысвечана кніга «Сыход і смерць Льва Талстога», Масква — Ленінград, 1960, 2-е выданне — 1979). Шэраг работ Барыса Мейлаха — пра паэтаў-дзекабрыстаў, пра агульныя пытанні літаратуразнаўства, псіхалогію літаратурнай творчасці: «Талент пісьменніка і працэсы творчасці» (Ленінград, 1969). За манаграфію «Ленін і праблемы рускай літаратуры канца XIX — пачатку XX стагоддзя» (1947, 4-е выданне — 1970) Барыс Мейлах быў адзначаны Сталінскай прэміяй (1948).

Так што, імя пушкіназнаўца, літаратуразнаўца з Лепеля, несумненна, вартае ўключэння ў беларускія энцыклапедыі і даведнікі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.