Вы тут

Час для снежных цудаў


Першы нумар часопіса ў новым годзе сабраў цікавыя факты пра родную прыроду і людзей, якія яе вывучаюць і захоўваюць.

Фота Ірыны Свяцкай

Нарэшце зіма прыйшла ў Беларусь! Пасля студзеня 2020-га, калі цяжка было вызначыць пару года, не зазірнуўшы ў каляндар, сёлета мы ўжо паспелі пакатацца з горак, зляпіць снегавікоў ды і проста атрымаць асалоду ад свежага марознага паветра, ад яркага, хоць і халоднага сонца. Спадзяёмся, да вясны такое надвор’е яшчэ парадуе нас. І снежныя цуды здарацца не раз.

У студзеньскім нумары “Роднай прыроды” мы таксама імкнуліся вас здзівіць і крышку парадаваць. Таму сабралі цікавыя прыродныя факты, расказалі пра людзей, якія вывучалі і вывучаюць яе непаўторны свет, каб захаваць і абараніць гэта багацце для сябе і нашчадкаў.

“Каб вольна плыў ласось на нераст…” – так называецца матэрыял Святланы Ішчанка, прысвечаны прадстаўнікам сямейства Ласасёвыя, якія ў нашай краіне знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Каб чырванакніжнікі змаглі свабодна нерасціцца ў вадацёках Беларусі, працуюць не толькі прыродаахоўныя органы, навукоўцы, але і прадстаўнікі грамадскасці. Якія вынікі гэтай дзейнасці? Адказ на пытанне знойдзеце на старонках часопіса.

З 16 чэрвеня 2021 года ўступяць у сілу змены ў дзеючы Закон” Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці”. Па ацэнцы распрацоўшчыкаў, навацыі будуць садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці гідраметэаралагічнай дзейнасці ў Беларусі. Да якіх зменаў неабходна рыхтавацца, у матэрыяле “Прагноз надвор’я. Перазагрузка” расказала начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змены клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля Гульніцкая.

Шкло – адзін з самых эфектыўных другасных матэрыяльных рэсурсаў. Яго можна паўторна выкарыстоўваць вялікую колькасць разоў. Што вырабляюць са шкла і наколькі эфектыўны сёння яго рэцыклінг, чытайце ў матэрыяле “Кругаварот шкла ў прыродзе”.

“А мне патрэбна гэта рэч?” – такое пытанне прапануе задаваць сабе Маша Зялёная, калі мы ў чарговы раз збіраемся прайсціся па крамах ці разглядаем на сайце акцыйныя тавары. Як жа рабіць толькі сапраўды неабходныя пакупкі? У часопісе сабралі некалькі каштоўных парадаў.

Снежная і марозная зіма – час, калі дзікім жывёлам, у тым ліку і птушкам, патрэбна наша дапамога. Але нават падкормліваць крылатых трэба правільна. У рубрыцы “Пытанне – адказ” разбіраемся, што сыпаць птушкам у кармушку.

У лістападзе мінулага года два ваўкі, адлоўленыя каля рэспубліканскага заказніка “Стары Жадзен”, атрымалі GPS-нашыйнікі. Цяпер у звяроў ёсць імёны – Максім і Воля, і яны супрацоўнічаюць з вучонымі, не падазраючы пра гэта. Навошта ў нашай краіне вывучаюць папуляцыйную экалогію шэрага драпежніка, чытайце у матэрыяле “Мечаныя палескія ваўкі пад апекай вучоных”.

“Традыцыйны промысел у Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА” – такі гучны загаловак мае дачыненне да вядомага ў Беларусі бортніцтва. Яно згадваецца ў пісьмовых крыніцах на тэрыторыі нашай краіны з Х стагоддзя і амаль у нязменным выглядзе дайшло да ХХІ-га. Але што гэта за промысел? І як ён увайшоў у спадчыну чалавецтва? Пра гэта распавядае старшыня прыватнай установы развіцця традыцыйнага бортніцтва “Братэрства босых бортнікаў” Іван Осіпаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.