Вы тут

Адукацыйны цэнтр бяспекі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адкрыўся ў Мінску


Новы трохпавярховы будынак месціцца на вуліцы Алешава. На агульнай плошчы амаль у 11 тысяч квадратных метраў размясціліся больш за 30 інтэрактыўных пляцовак. Экспазіцыі прысвечаны крымінальнай, прамысловай, экалагічнай, атамнай, радыяцыйнай і пажарнай бяспецы, правільным паводзінам у надзвычайных сітуацыях, на транспартных аб’ектах, падчас неспрыяльных метэаралагічных з’яў, а таксама вядзенню здаровага ладу жыцця.


Цэнтр бяспекі адкрылі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.

— Такія адукацыйныя цэнтры па бяспецы нашых грамадзян адкрыты ва ўсіх абласцях краіны па даручэнні Прэзідэнта, — адзначыла Наталля Качанава. — Гэта цудоўная ўстанова, дзе будуць вучыцца як дзеці, пачынаючы з дашкольнага ўзросту, так і дарослыя. Бяспека для нас вельмі важная. Штодня чалавека могуць падсцерагаць разнастайныя надзвычайныя або крытычныя сітуацыі. Таму трэба ведаць і ўмець як мага больш. Пабудаваны цудоўны будынак, у якім лёгка і пазнавальна раскажуць усю неабходную інфармацыю. Ён стане цудоўным падарункам як для жыхароў Мінска, так і для гасцей сталіцы.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка адзначыў, што бяспека — адзін з найважнейшых крытэрыяў развіцця любой дзяржавы і грамадства.

— А ўнёсак у бяспеку дзяцей — гэта ўклад у нашу будучыню. Таму мы робім акцэнт менавіта на гэтую катэгорыю наведвальнікаў. І спыняцца на гэтым не мяркуем. Цэнтр бяспекі пабудаваны ў межах праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады. Аналагічныя цэнтры ў рэгіёнах карыстаюцца велізарнай папулярнасцю, многія дзеці просяць схадзіць туды не аднойчы. Веды, атрыманыя тут, дапамогуць ім на працягу ўсяго жыцця.

Кіраўнік ведамства выказаў пажаданне, каб такія ўстановы з’явіліся па магчымасці ў кожным раёне краіны.

— Методыка навучання ў цэнтры пабудавана па прынцыпе забаўляльнай гульні, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Навучальныя праграмы грунтуюцца на стварэнні асяроддзя, максімальна набліжанага да рэальнай надзвычайнай сітуацыі. Стварыць яго дапамагаюць адмысловыя трэнажоры і сімулятары. На іх выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Гэта віртуальная і дапоўненая рэальнасць, інтэрнэт рэчаў, камп’ютарны зрок.

Напрыклад, на адным з паверхаў цалкам змадэлявана старая гарадская забудова — двухпавярховыя домікі паабапал вузкай вуліцы. У сваю чаргу, гэтая вуліца прыводзіць у сучасны мегаполіс з шырокімі вуліцамі. На іх мадэлююцца разнастайныя дарожныя сітуацыі, у якія можа трапіць пешаход. Наступная зала імітуе чыгуначную станцыю, на якой устаноўлены макет электрацягніка і зроблены пераход праз пуці. З іншага боку саставу размешчаны нават самалётны трап.

Пасля чыгуначнай станцыі мы прыходзім у спецыяльны пакой, дзе імітуецца землетрасенне сілай да дзевяці балаў па шкале Рыхтэра. Хоць для нашай краіны штуршкі зямлі — нешта з разраду экзотыкі, але хто ведае, у якой краіне можа чалавека заспець неспадзяванка? А ведаць, што рабіць падчас землятрусу, не перашкодзіць.

Падымаемся на другі паверх. Тут ужо змадэлявана сучасная кватэра і ўсе тыя рызыкі, якія ў ёй прысутнічаюць — кароткае замыканне, непатушаная цыгарэта, палаючы тэлевізар... Прычым імітуюцца яны пры дапамозе дапоўненай рэальнасці. У наступным пакоі ратаўнікі вучаць дзяцей правільна выклікаць разнастайныя экстранныя службы. Яго змяняе памяшканне, у якім адбыўся пажар. Аплаўленыя ад агню электрапрыборы — тэлевізар, манітор, клавіятура — узяты з месцаў рэальных узгаранняў…

Адсюль мы пераходзім у задымлены лабірынт. Менавіта ў такіх умовах на пажарах працуюць ратаўнікі — пры амаль нулявой бачнасці, звілістых калідорах і парогах, аб якія можна спатыкнуцца падчас праходу ў памяшканне, дзе адбываецца бяда… Таксама на гэтым паверсе раскажуць аб тым, як весці правільна сябе ў лесе.

Трэці паверх пачынаецца з мадэлявання крымінальнай бяспекі. Напрыклад, што рабіць, калі вы ідзяце дадому, а на лесвіцы сядзіць кампанія маргінальных асоб? Або як захаваць ад крадзяжу свой веласіпед? А як сябе паводзіць, калі ў ліфт з вамі хоча ўвайсці незнаёмы чалавек? Пра гэта раскажуць прадстаўнікі міністэрства ўнутраных спраў.

У стварэнні экспазіцыі ўдзельнічалі не толькі ратаўнікі. Сваю лепту ўнеслі прадстаўнікі міністэрстваў унутраных спраў, абароны, аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай і лясной гаспадарак, энергетыкі, а таксама Белнафтахім. Мяркуецца, што ў перспектыве ў цэнтры з’явіцца тэматычная пляцоўка, прысвечаная шкодзе ад наркотыкаў. Яна будзе падрыхтавана сумесна з міністэрствам унутраных спраў. Яшчэ адна пляцоўка, прысвечаная тэме атамнай і радыяцыйнай бяспекі, рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Мінэнерга.

— Перад тым, як пабудаваць і аснасціць адукацыйны цэнтр бяспекі, мы ўлічылі досвед, які назапасіўся за пяць з лішнім год працы гэтых структур у Беларусі, — адзначыў Віталь Навіцкі. — Яны месцяцца ў Гомелі, Віцебску, Барані, Лідзе, Століне, Магілёве, Барысаве і Наваполацку. За гэты час у іх прайшлі навучанне больш за 226 тысяч чалавек. З іх каля 190 тысяч — дзеці.

І плён ад дзейнасці такіх цэнтраў бяспекі відавочны. Калі параўноўваць з 2015-м годам, то колькасць дарослых людзей, якія загінулі падчас надзвычайных сітуацый, скарацілася ў 1,2 разы, а дзяцей — увогуле ў 6. Аналагаў такіх цэнтраў у краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў няма. У замежжы яны функцыянуюць у Кітаі і Паўднёвай Карэі.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота БЕЛТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».