Вы тут

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99


Дзеянне праграмы разлічана да 2025 года, яна з'яўляецца адным з інструментаў рэалізацыі асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй ХМЕЛЬ.


Фота Анатоля Клешчука

Ён звярнуў увагу, што ўсе праграмныя дакументы развіцця ЖКГ узаемазвязаныя, і сам праект дзяржпраграмы складаецца з сямі падпраграм, у шасці з якіх адказным заказчыкам выступае профільнае міністэрства. Якія гэта падпраграмы? Даступнасць паслуг, добраўпарадкаванне, эфектыўнае цеплазабеспячэнне, рамонт жылля, чыстая вада і Мэта-99.

— Укараненне механізма нарматыўнага фінансавання па планава-разліковых цэнах, а таксама работа, якая праводзіцца па стрымліванні росту выдаткаў, дазволілі забяспечваць фарміраванне тарыфаў на паслугі ЖКГ у вызначаных межах, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Ён звярнуў увагу на празрысты і зразумелы для грамадзян механізм, які цалкам апраўдаў сябе.

— Па ўсіх паслугах, якія аказваюцца ЖКГ (за выключэннем паслуг па падагрэве вады і ацяпленні), у цэлым забяспечана поўная акупнасць плацяжамі насельніцтва. Зыходзячы з гэтага, узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат па паслугах ЖКГ паводле вынікаў мінулага года ацэньваецца на ўзроўні 83,2 працэнта, — акцэнтаваў увагу Андрэй Хмель.

Трэба сказаць, што аплата паслуг ЖКГ у структуры выдаткаў беларусаў займае адносна невысокую ўдзельную вагу. У 2016—2020 гадах на гэтыя мэты з сямейнага бюджэту трацілася ў сярэднім ад 4,7 % да 4,9 % (пры двух дарослых, якія працуюць і атрымліваюць сярэднерэспубліканскі заробак).

Пры гэтым у краіне эфектыўна дзейнічае сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый на жыллёва-камунальныя паслугі.

Між іншым, жыхары суседняй Прыбалтыкі выдаткоўваюць на камунальныя паслугі ад 20 % да 35 % штомесячнага заробку, сярэднестатыстычны расіянін аддае на камунальныя плацяжы 10,8 % бюджэту сям'і, украінец — 42 % даходаў.

Што датычыцца добраўпарадкавання, у рамках рэалізацыі дзяржпраграмы ствараецца камфортная для жыхароў краіны інфраструктура, вуліцы і гарадскія грамадскія прасторы прыводзяцца да фармату, які адпавядае сучасным тэндэнцыям, ствараюцца новыя магчымасці для адпачынку суайчыннікаў.

За два гады праведзены рамонт (добраўпарадкаванне) каля васьмі тысяч прыдамавых тэрыторый, паведаміў міністр. Праграмай прадугледжаны рамонт двух працэнтаў дваровых тэрыторый штогод.

Дровы, трэскі і брыкет

Ілюстрацыя pixabay.com

— Цяпло ў нашых дамах — яшчэ адзін важны аргумент стабільнасці функцыянавання арганізацый ЖКГ, якія падтрымліваюць у спраўным стане вялікую колькасць кацельных і цеплавых сетак у гарадах і сёлах, забяспечваючы надзейнае цеплазабеспячэнне ў ацяпляльны перыяд, — адзначыў кіраўнік ведамства.

Па яго словах, заданне па замене неэфектыўных цеплавых сетак забяспечана ў аб'ёме не менш як чатыры працэнты ад іх працягласці штогод. У выніку страты цеплавой энергіі пры яе транспартаванні скараціліся з 13,8 % у 2015 годзе да 10,0 % летась. Дзяржпраграмай прадугледжана мінімізацыя страт цеплавой энергіі ў 2025 годзе да ўзроўню дзевяці працэнтаў.

Акрамя таго, у гэтай пяцігодцы працягнецца рэканструкцыя цеплавой гаспадаркі з пераводам яе на выкарыстанне мясцовых відаў паліва. Ужо цяпер на сваіх рэсурсах працуе больш за 72 працэнты кацельняў ЖКГ (2747 на МВП з 3810 кацельняў). Будаўніцтва яшчэ 64 кацельняў, распачатае ў 2020 годзе, дазволіць забяспечыць долю выкарыстання мясцовых відаў паліва больш за 52 %.

Адрамантавалі 12 мільёнаў «квадратаў»

— Утульнасць і камфортныя ўмовы пражывання — тое, да чаго імкнецца кожны чалавек, незалежна ад месца жыхарства. У большай ступені клопат аб забеспячэнні такіх умоў ляжыць на жыллёва-эксплуатацыйных службах, у чые непасрэдныя абавязкі ўваходзіць утрыманне і эксплуатацыя жылфонду, — перакананы міністр.

Ён адзначыў, што павелічэнне аб'ёмаў капітальнага рамонту жылых дамоў дазволіла не дапусціць пагаршэння тэхнічнага стану жылля. Так, у 2016—2020 гадах капітальна адрамантавана больш за 12 мільёнаў «квадратаў» жылля.

Трэба сказаць, што ў апошнія гады аб'ёмы ўводу ўвесь час павялічваліся, што дало магчымасць давесці ўзровень капрамонту звыш 2,7 % ад плошчы, якая абслугоўваецца камунальнікамі.

— Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму па штогадовым павелічэнні аб'ёмаў уводу жылля пасля капітальнага рамонту да 3 % ад плошчы жыллёвага фонду, якая эксплуатуецца, — падкрэсліў Андрэй Хмель. — Для гэтага сёлета будзе выкананы капітальны рамонт не менш за 3,5 мільёна квадратных метраў жылля.

Акрамя рамонту жылля, важным складнікам ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці сістэмы ЖКГ з'яўляецца замена старых ліфтаў, якія адпрацавалі свой тэрмін эксплуатацыі. Так, напрыклад, у 2020 годзе завершана трохгадовая праграма і выканана даручэнне кіраўніка дзяржавы па паскоранай замене да 2021 года ў шматкватэрных жылых дамах усіх ліфтаў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі. Пры заданні дзяржпраграмы па замене на пяцігодку 11 298 ліфтаў заменена 11 511 ліфтаў, паведаміў міністр.

Па яго словах, за новую пяцігодку плануецца замяніць 4727 ліфтаў, якія адслужылі нарматыўны тэрмін.

Вада павінна быць чыстая

Ілюстрацыя pixabay.com

Як адзначыў кіраўнік ведамства, аналізуючы вынікі падпраграмы «Чыстая вада», у краіне забяспечана даступнасць пітной вады для насельніцтва, але ў той жа час у асобных населеных пунктах пакуль захоўваецца праблема яе якасці. А гэта, зразумела, адбіваецца на здароўі грамадзян.

— Дзякуючы сістэмнай рабоце па забеспячэнні да 2025 года ўсіх спажыўцоў якаснай пітной вадой доступ да яе ўжо атрымала больш за 200 тысяч чалавек, якія жывуць пераважна ў сельскай мясцовасці, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Трэба сказаць, што калі на працягу 2016—2018 гадоў у цэлым па краіне пабудавалі 60 станцый абезжалезвання, то ў 2019 годзе з'явілася ўжо 269 такіх станцый, у 2020 — 277. У выніку толькі за апошнія два гады забяспечанасць спажыўцоў якаснай пітной вадой павялічылася больш чым на восем працэнтных пунктаў і склала 94,2 %.

Міністр звярнуў увагу і на планамернасць замены зношаных сетак водазабеспячэння і водаадвядзення ў аб'ёме не менш за тры працэнты ад іх працягласці. Штогод перакладваецца больш за 300 кіламетраў сетак водазабеспячэння і больш за 100 кіламетраў сетак водаадвядзення са звышнарматыўнымі тэрмінамі эксплуатацыі. У планах на будучую пяцігодку — такія ж тэмпы, за пяць гадоў будзе перакладзена каля дзвюх тысяч кіламетраў сетак водазабеспячэння і каля тысячы кіламетраў сетак водаадвядзення. А гэта, у сваю чаргу, надзейнае водазабеспячэнне і водаадвядзенне, змяншэнне колькасці аварый.

— Нам трэба будзе пабудаваць больш за 800 станцый абезжалезвання вады, больш за 300 водазаборных свідравін, перападключыць больш за 100 населеных пунктаў да наяўных цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння з вадой пітной якасці, перавесці Мінск на водазабеспячэнне з падземных крыніц, а таксама павысіць якасць ачысткі сцёкавых вод шляхам будаўніцтва, рэканструкцыі 70 ачышчальных збудаванняў, — падзяліўся планамі на пяцігодку міністр ЖКГ.

Што за Мэта-99?

Штогод у Беларусі ўтвараецца каля 3,8 мільёна тон камунальных адходаў. Больш за 80 % аб'ёму камунальных адходаў — гэта адходы спажывання, якія штодзень ствараем мы з вамі, выкідаючы смецце ў бытавыя кантэйнеры.

— Сістэма абыходжання з ЦКА ўвесь час развівалася і ўдасканальвалася. Сёння яна ахоплівае ўсю тэрыторыю Беларусі і забяспечвае ў цэлым бяспечны для чалавека і навакольнага асяроддзя збор і выдаленне ЦКА, а таксама выманне з іх складу другасных матэрыяльных рэсурсаў, — кажа Андрэй Хмель.

Па яго словах, за апошнія пяць гадоў значна пашырылася і мадэрнізавалася сістэма паасобнага збору і сартавання ЦКА і нарыхтоўкі ДМР: з'явілася больш за 60 тысяч кантэйнераў для збору ЦКА і ДМР у шматкватэрнай і больш за 450 тысяч у індывідуальнай жылой забудове, закуплена больш за 200 смеццявозаў.

Між іншым, з'яўляюцца новыя для Беларусі кірункі выкарыстання ЦКА. Напрыклад, створана вытворчасць па перапрацоўцы батарэек у ААТ «БелВТІ» і вядзецца работа па вырабе і выкарыстанні паліва з камунальных адходаў для цэментных заводаў (RDF-паліва).

Трэба адзначыць, што вынік комплекснай і сістэмнай дзейнасці па зборы ДМР у нашай краіне летась склаў каля 25 % ад аб'ёму ўтварэння адходаў. У 2025 годзе выкарыстанне ЦКА ад агульнага аб'ёму іх утварэння плануецца на ўзроўні 64 %, падзяліўся планамі міністр. І гэта не мяжа — у ідэале, канешне, дасягнуць такога ўзроўню сартавання і перапрацоўкі, каб 99 % смецця атрымлівала другое жыццё.

— Для дасягнення гэтага паказчыка вядзецца работа не толькі над павелічэннем аб'ёмаў збору традыцыйных відаў ДМР, але і над укараненнем тэхналогій апрацоўкі арганічнай часткі камунальных адходаў (кампаставання) і вырабу і выкарыстання RDF-паліва, — растлумачыў Андрэй Хмель.

Што для гэтага трэба? Стварыць 16 рэгіянальных аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні ЦКА і палігонаў для іх пахавання да 2025 года. Усяго да 2030 года плануецца пабудаваць каля 30 рэгіянальных аб'ектаў.

Што гэта дасць? З'явіцца магчымасць сартаваць практычна ўсе камунальныя адходы і выкарыстоўваць з іх не толькі традыцыйныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы (напрыклад, шкло, паперу, пластык і гэтак далей), але і вырабляць паліва для цэментных заводаў і кацельняў, а таксама кампаставаць і выкарыстоўваць арганічную частку.

Акрамя таго, з'явіцца магчымасць стварыць аб'ект па энергетычным выкарыстанні адходаў у Мінску. Гэта дазволіць знізіць аб'ёмы захавання ЦКА на 10—15 % у маштабах краіны і імпарту прыроднага газу на 115 мільёнаў кубаметраў штогод.

— У аснове праграмы ляжыць клопат пра спажыўцоў паслуг ЖКГ, а адпаведна, клопат аб кожным грамадзяніне нашай краіны, — падкрэсліў міністр. — Я ўпэўнены, што рэалізацыя дадзенай праграмы дазволіць стварыць для ўсіх камфортныя ўмовы пражывання.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.