Вы тут

Адбыўся абласны сход удзельнікаў VІ Усебеларускага народнага сходу ад Віцебскай вобласці


Учора адбыўся абласны сход удзельнікаў VІ Усебеларускага народнага сходу ад Віцебскай вобласці. Рэгіён прадставяць 310 дэлегатаў.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што адна з задач будучай падзеі — аб'яднаць наша грамадства і даць адказы на самыя актуальныя для людзей пытанні. Ён распавёў пра тое, што сёння свет становіцца больш жорсткі. У міжнародных адносінах замест дыялогу прыходзіць палітыка дыктату і санкцый. Пад пытанне ставіцца гістарычная праўда і права народа самому вызначаць свой лёс... І ў гэтых няпростых умовах трэба ўсё магчымае зрабіць для таго, каб захаваць беларускую дзяржаўнасць, забяспечыць грамадзянскую згоду, вызначыць стратэгічныя перспектывы развіцця краіны, падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Павышэнне якасці жыцця і пашырэнне ўдзелу грамадзян у прыняцці дзяржаўных рашэнняў — гэтыя рэаліі трэба ўлічваць пры магчымым прыняцці рэформаў. Разам з тым галоўнае, каб улічваліся запыты грамадства, не адарваныя ад жыцця. І традыцыйная рыса беларускай дзяржаўнасці — сацыяльная справядлівасць — павінна па-ранейшаму быць галоўным фактарам пры распрацоўцы праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і прапаноў па ўдасканаленні грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны.

Спікер парламента заклікаў да шчырай размовы, ацэнкі планаў, якія прапаноўваюцца ўрадам, з пункту гледжання жыхароў канкрэтных рэгіёнаў і з улікам мясцовых праблем.

У Палаце прадстаўнікоў абагульнілі каля 5,5 тысячы прапаноў, у тым ліку наконт канстытуцыйнай рэформы.

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў падзяліўся вынікамі мінулай пяцігодкі і агучыў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021—2025 гады.

Міністр эканомікі падкрэсліў, што сярод прыярытэтаў эканомікі, як і раней, будзе сацыяльная накіраванасць. Асноўную ўвагу ўдзеляць павышэнню даходаў насельніцтва, забеспячэнню занятасці, развіццю высокатэхналагічных паслуг у медыцыне і адукацыі. Трэба будзе нарошчваць індустрыяльны патэнцыял у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, але на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове. Стаўка — на стварэнне прадпрыемстваў новага тэхналагічнага пакалення.

Рост даходаў павялічыць унутраны попыт. Інвестыцыі будуць прыцягваць больш актыўна — гэта гарантыя развіцця вытворчасці. Будзе створана экспартна-імпартнае агенцтва, каб дапамагчы рэалізоўваць нашу прадукцыю і паслугі за мяжой. Мяркуецца арганізаваць 13 кластараў у найбольш перспектыўных сферах. І тры з іх — на Віцебшчыне (нафтахімічны і фармацэўтычны тут ужо дзейнічаюць). Яшчэ з'явіцца льняны.

Наконт вектару развіцця Віцебшчыны, Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што ў Мёрах пабудуюць завод па вытворчасці электродаў, у Наваполацку — сістэм кіравання для электрычнага транспарту, у Віцебску будуць вырабляць альтэрнатыву антыбіётыкам.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падвёў вынікі дзейнасці Прыдзвіння і распавёў пра планы на 2021—2025 гады. У вобласці зроблена многае, каб захаваць стабільную сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў вельмі няпростых умовах: ад валютных крызісаў да ўплыву пандэміі на ўсе галіны эканомікі. За пяцігодку рэальная зарплата павялічылася ў 1,3 раза. На новыя рабочыя месцы ўладкавалі за пяць гадоў больш за 30,5 тысячы чалавек. Не дапусцілі росту беспрацоўя. Сярэдняя працягласць жыцця 73,5 года і за дзве пяцігодкі павялічылася на чатыры гады. Прадукцыя сельскай гаспадаркі становіцца ўсё больш рэнтабельнай. У глыбінцы робіцца многае, каб людзі не пакідалі родныя мясціны, каб быў конкурс сярод маладых спецыялістаў, каб можна было ўладкавацца на ферму ці іншае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якія адпавядаюць усім патрабаванням часу. Усё больш прыкметных станоўчых змен у медыцыне, адукацыі, культуры, спартыўнай галіне.

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель распавёў пра ведамасныя планы, накіраваныя на тое, каб усім карыстальнікам ЖКГ былі па кішэні паслугі і пры гэтым іх якасць паляпшалася. Прастора вакол людзей павінна адпавядаць вядучым трэндам. Добраўпарадкаванне актывізуецца дзякуючы зваротам людзей, вывучэнню іх меркаванняў і прапаноў.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Касцевіч падкрэсліла, што галоўная каштоўнасць краіны — чалавек. І ў цэнтры ўвагі ўсё, што датычыцца якасці і ўзроўню жыцця грамадзян. Сям'я і дзеці, дастойныя работа і заробкі — усё гэта ўлічваюць пры распрацоўцы праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця. Многае ўжо зроблена і яшчэ трэба зрабіць, каб стварыць умовы для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, клопату пра састарэлых, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Дэлегаты актыўна задавалі пытанні, у тым ліку наконт магчымасці ўвядзення дадатковых прэферэнцый для прадпрымальнікаў у глыбінцы, тэндараў у сістэме ЖКГ, замацавання кадраў на вёсцы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.