Вы тут

Угнаенні замерзлі — што рабіць?


Большасць агароднікаў не надта бярэ ў галаву пытанне, як правільна захоўваць угнаенні. Зразумела, што іх трэба трымаць у прамаркіраванай (каб не пераблытаць) і закрытай (каб не намоклі і не высахлі) тары, а таксама далей ад хатніх гадаванцаў і дзяцей, прадуктаў, лекаў і лёгкіх на загаранне матэрыялаў.


Ніхто з дачнікаў не забірае з сабой рэшткі любых угнаенняў у горад на зіму, а звычайна пакеты, бляшанкі, слоікі і каністры пакідаюць у падвале ці бакоўцы на дачным участку. Памяшканні гэтыя не ацяпляюцца, і ёсць вялікая рызыка, што за зіму ўгнаенні падмерзнуць, а то і замерзнуць у лёд. Ці не страцяць яны пасля размарожвання (а то і не адзін раз) сваіх карысных якасцяў?

Давайце разбірацца. Рэакцыя ўгнаенняў на тэмпературу ў першую чаргу залежыць ад іх агрэгатнага стану.

Захоўванне сухіх сыпкіх угнаенняў

Мінеральным сухім угнаенням любога саставу ў выглядзе парашкоў і гранул у добра закрытай упакоўцы замарозка не страшная — псавацца там папросту няма чаму, хімічны састаў пры паніжэнні тэмператур не мяняецца. Звычайна такія ўгнаенні могуць мець гарантаваныя тэрміны захоўвання на працягу некалькіх гадоў, але рэальны тэрмін іх прыдатнасці неабмежаваны. Тое ж датычыцца «мёртвай» арганікі (накшталт гуматаў або біягумусу), якая прадаецца ў выглядзе сыпкіх сумесяў, — гінуць там няма чаму, а прадукты, якія ўтрымліваюцца ўнутры перапрацаваных арганічных адходаў спакойна перанясуць паніжэнне тэмпературы на пару дзясяткаў градусаў.

Такім чынам, для большасці сухіх сыпкіх угнаенняў галоўнае правіла зімовага захоўвання — трымаць іх у закрытых сухіх памяшканнях пры тэмпературы ад -35 °С да 30 °С. Нават калі такія ўгнаенні замерзнуць, вясной трэба проста дачакацца іх адтавання і справіцца з правільным дазаваннем зляжалых субстанцый.

Але часам у выглядзе парашкоў і спрасаваных таблетак рэалізуюцца ўгнаенні-біяпрэпараты на аснове эфектыўных мікраарганізмаў — вось іх замарожваць у лёд не варта. Бактэрыі там знаходзяцца ў высушаным стане і павінны пачаць сваю работу пасля растварэння парашка ў вадзе і змяшчэння ў пажыўнае асяроддзе. Таму задача агародніка — не дапусціць іх гібелі, у тым ліку і ад нізкіх тэмператур. Звычайна такія прэпараты разлічаны на астуджэнне без страты карысных уласцівасцяў не ніжэй за -10 °С. У любым выпадку, чытайце этыкетку — некаторыя бактэрыі вельмі нядрэнна пераносяць замарозку нават да -20 °С, будучы «закансерваваныя» ў такіх парашковых біяпрэпаратах, а пасля адтавання яны цалкам жыццяздольныя (як, напрыклад, у Фітаспарыне-М).

Захоўванне вадкіх угнаенняў

Што датычыцца ўгнаенняў вадкіх, з імі сітуацыя прыкладна тая ж. Зразумела, каб пазбегнуць замярзання пры мінусавых тэмпературах, любыя вадкія ўгнаенні трэба захоўваць у памяшканні, якое ацяпляецца. Калі такой магчымасці няма, слоікі і бутэлькі з такімі прэпаратамі трэба ўцяпліць штучна. Гэта дазволіць пазбегнуць крышталізацыі сумесяў і страты часу на чаканне іх вяртання ў вадкі стан з надыходам вясны. Але гэта калі гаворка ідзе пра агрэгатны стан такіх падкормак, а што можна сказаць пра захаванне іх уласцівасцяў зімой?

Для неарганічных (мінеральных) угнаенняў і ўжо згаданай вышэй «мёртвай» арганікі, якія прадаюцца ў выглядзе раствораў, дзейнічаюць тыя ж правілы, што і для сухіх падкормак, — захоўваць у закрытых сухіх памяшканнях пры тэмпературы ад -30 °С да +30 °С. Што ж датычыцца «жывой арганікі», гэта значыць біяўгнаенняў і біямінеральных угнаенняў у вадкім выглядзе (Байкал ЭМ1, Азотавіт), то для іх замярзанне крытычнае — нават у самыя малыя мінусавыя тэмпературы мікраарганізмы ў замерзлай вадкасці гінуць. Адпаведна, у адталым растворы не будзе каму выпрацоўваць тыя самыя біялагічна актыўныя рэчывы, неабходныя для паўнавартаснага развіцця раслін, дзеля якіх падкормкі і набываліся, угнаенне становіцца бескарысным.

Ніжняя тэмпература захоўвання такіх вадкіх біяўгнаенняў — каля 0 °С. Да гэтай жа «групы захоўвання» адносяцца і вадкія біяпрэпараты — стымулятары росту і развіцця раслін, створаныя на аснове біяактыўных раслінных экстрактаў. Гэтыя растворы таксама не пераносяць ахаладжэння пры захоўванні ніжэй за -5 °С, страчваюць свае карысныя ўласцівасці.

Звычайна на ўпакоўцы любых угнаенняў вытворца дакладна пералічвае асаблівыя патрабаванні да іх захавання. Для вадкіх мінеральных угнаенняў у большасці выпадкаў тэмпературны дыяпазон захоўвання без страты ўласцівасцяў складае ад -25 °С да +30 °С (часам яшчэ шырэйшы); для біялагічных прэпаратаў дыяпазон значна вузейшы: ад -5 °С да +30 °С.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».