Вы тут

Аднаўленне пасля крызісу на рынку працы можа быць няўстойлівае і нераўнамернае


Да такой высновы прыходзіць Міжнародная арганізацыя працы (МАП), аналізуючы наступствы COVІD-19 для рынку працы. Аналітыкі МАП прызнаюць, што пандэмія прывяла да велізарных страт рабочага часу і даходаў, а аднаўленне на працягу 2021 года будзе павольнае, нераўнамернае і няўстойлівае, калі першыя зрухі да лепшага не падмацаваць мерамі, накіраванымі на аднаўленне эканомікі з упорам на інтарэсы людзей.


У чатыры разы горш, чым крызіс 2009 года

Пасля ўзрушэнняў 2020-га, звязаных з COVІD-19, на сусветных рынках працы назіраюцца прыкметы нясмелага ажыўлення, гаворыцца ў новым даследаванні арганізацыі.

Паводле апошніх даных, страты рабочага часу ў свеце за ўвесь мінулы год склалі 8,8 % (у параўнанні з чацвёртым кварталам 2019 года), што эквівалентна 255 мільёнам рабочых месцаў на ўмовах поўнай занятасці. Гэта прыблізна ў чатыры разы больш, чым падчас сусветнага фінансавага крызісу 2009 года.

Такія страты тлумачацца альбо пераводам работнікаў на скарочаны рабочы час, альбо «беспрэцэдэнтнымі» маштабамі скарачэння колькасці рабочых месцаў, ад якіх пацярпела 114 мільёнаў чалавек. Характэрна, што 71 % агульнага аб'ёму скарачэння занятасці (81 мільён чалавек) выяўляецца не ў беспрацоўі, а ў бяздзейнасці. Гэта значыць — людзі пакідалі рынак працы, паколькі не мелі магчымасці працаваць. Таму калі браць у разлік толькі беспрацоўе, гэта прывядзе да істотнай недаацэнкі ўздзеяння COVІD-19 на рынак працы. Гэтыя маштабныя страты прывялі да зніжэння на 8,3 % сусветных працоўных даходаў: гэта 3,7 трыльёна долараў ЗША, або 4,4 % агульнасусветнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП).

Мы можам страціць пакаленне

Як аказалася, на жанчынах выкліканыя пандэміяй узрушэнні на рынку працы адбіліся мацней, чым на мужчынах. У агульнасусветным маштабе скарачэнне занятасці сярод жанчын складае 5 %, а сярод мужчын — 3,9 %. Жанчыны, у прыватнасці, значна часцей за мужчын пакідаюць рынак працы і спыняюць працоўную дзейнасць.

Іншая асабліва пацярпелая катэгорыя — маладыя работнікі, якія альбо страчваюць работу, альбо адсейваюцца са складу працоўных рэсурсаў, альбо адкладваюць пачатак працоўнага жыцця. Скарачэнне занятасці сярод моладзі (ва ўзросце 15—24 гадоў) склала 8,7 %, у той час як сярод дарослага насельніцтва — 3,7 %. Гэта кажа пра «больш чым рэальную рызыку атрымаць «страчанае пакаленне»,  падкрэсліваюць эксперты.

Даследаванне паказала, наколькі па-рознаму выяўляюцца наступствы пандэміі па галінах, рэгіёнах і сегментах рынку працы. У ім паўстае ўстрывожанасць у сувязі з тым, што паслякрызіснае аднаўленне можа пайсці нераўнамерна, і калі не будуць прыняты карэкцыйныя меры, найбольш пацярпелыя галіны і работнікі апынуцца кінутымі на волю лёсу, што прывядзе да росту няроўнасці.

Найбольш пацярпелымі галінамі названы гасцінічная гаспадарка і грамадскае харчаванне, дзе занятасць у сярэднім скарацілася на 20 %. Далей ідуць дробны гандаль і апрацоўчая прамысловасць, а ў такіх галінах, як інфармацыя і камунікацыі, фінансавая і страхавая справа, у другім і трэцім кварталах 2020 года назіраўся рост занятасці. Нязначны рост адзначаны таксама ў горназдабыўной прамысловасці і сферы камунальных паслуг.


Што далей?

Сітуацыя па-ранейшаму характарызуецца высокай ступенню нявызначанасці, аднак, па апошніх прагнозах, у другой палове 2021 года, калі прынясуць вынік праграмы вакцынацыі, у большасці краін пачнецца адносна актыўнае аднаўленне.

Існуюць тры сцэнарыі аднаўлення: асноўны, песімістычны і аптымістычны. Пры асноўным сцэнарыі, у 2021 годзе агульна-сусветныя страты рабочага часу ў параўнанні з 4-м кварталам 2019 года складуць 3 %, што эквівалентна 90 мільёнам рабочых месцаў на ўмовах поўнай занятасці.

Згодна з песімістычным сцэнарыем, які прадугледжвае, у прыватнасці, нізкія тэмпы вакцынацыі насельніцтва, страты рабочага часу дасягнуць 4,6 %, а па аптымістычным сцэнарыі — 1,3 %. Залежаць гэта будзе ад таго, наколькі ўдасца ўзяць пандэмію пад кантроль і наколькі ўпэўнена стануць адчуваць сябе спажыўцы і дзелавыя колы.

Па ўсіх сцэнарыях мяркуецца, што страты рабочага часу на Амерыканскім кантыненце, у Еўропе і Цэнтральнай Азіі прыкладна ўдвая перавысяць аналагічны паказчык для іншых рэгіёнаў. Міжнародныя эксперты падрыхтавалі шэраг стратэгічных рэкамендацый, якія датычацца паслякрызіснага аднаўлення. У іх ліку захаванне на працягу 2021 года і ў далейшым ліберальнай макраэканамічнай палітыкі, уключаючы, наколькі магчыма, падаткова-бюджэтнае стымуляванне і меры, накіраваныя на падтрыманне ўзроўню даходаў і садзейнічанне інвестыцыям; мэтавыя меры ў інтарэсах жанчын, моладзі, некваліфікаваных і нізкааплатных работнікаў — найбольш пацярпелых катэгорый; міжнародная дапамога краінам з нізкім і сярэднім узроўнямі даходаў, якія не валодаюць дастатковымі фінансавымі рэсурсамі для шырокай вакцынацыі насельніцтва і забеспячэння аднаўлення эканомікі і занятасці, і іншыя.

«Прыкметы аднаўлення, якія мы назіраем, абнадзейваюць. Але не будзем забываць, што ні адна краіна ці група краін не зможа справіцца з аднаўленнем у адзіночку», — заявіў генеральны дырэктар МАП Гай Райдэр.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».