Вы тут

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят


Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык. Такую ж шкоду хвойныя наносяць асяроддзю і падчас спальвання. Так што нашы бабулі, аказваецца, назапашваючы яловыя дровы, шкодзілі наваколлю, а ўжо пра звычку вэндзіць свежаніну, падпальваючы лапкі ядлоўцу, і казаць няма чаго. Ды хто ж пра тое тады ведаў... А вось што рабіць з елкамі ды соснамі цяпер, каб яны не атручвалі жыццё і не займалі месца на палігонах, расказалі і паказалі ў кампаніі па вывазе адходаў REMONDІS, якая абслугоўвае тры сталічныя раёны: Маскоўскі, Кастрычніцкі і Фрунзенскі.


Былі прыгажунямі, стануць... кампостам

Два гады назад у кампаніі вырашылі вывозіць елкі асобна ад астатняга смецця і рабіць з іх кампост на ўчастку па перапрацоўцы раслінных адходаў, што непадалёк ад Мінска. Летась тут ператварыліся ў карыснае ўгнаенне больш як 5000 елак, сёлета — звыш 10 тысяч дрэў. А ўсяго штогод пасля навагодніх свят толькі ў сталіцы застаецца 30—50 тысяч елак.

— Хоць гэта эканамічна немэтазгодна, мы ўсведамляем нашу сацыяльную адказнасць, бо з пункта гледжання экалогіі яны наносяць вялікі ўрон наваколлю і, да таго ж, павялічваюць аб'ёмы назапашанага смецця на палігонах, — падзяліўся Аляксандр ЛАГУЦЁНАК, начальнік аддзела продажаў і маркетынгу групы кампаній REMONDІS. — А шляхам перапрацоўкі мы ператвараем небяспечнае дрэва ў карысны кампост. З адной тоны адходаў елак атрымліваецца 500—600 кілаграмаў кампосту, які далей выкарыстоўваецца на палях як гаспадарчае ўгнаенне.

Спецыялісты просяць ачышчаць елкі ад мішуры і ўпрыгожванняў, бо гэта, як правіла, пластык, які не перапрацоўваецца. А яшчэ, выкідаючы елку на сметнік, не трэба абгортваць яе цэлафанам ці абмотваць скотчам, бо ўсё гэта супрацоўнікам прыходзіцца здымаць, а значыць, марнаваць час. Усе пункты, куды можна занесці елкі, і дні, калі іх будуць забіраць, пазначаны на сайтах адміністрацый горада. Гэта зроблена спецыяльна, каб дрэвы не ляжалі на кантэйнерных пляцоўках доўга. У трох раёнах сталіцы, якія абслугоўвае REMONDІS, вызначана каля 1000 пунктаў збору, куды можна прынесці навагодніх прыгажунь.

Адходы з прыроды

Каб ссечаная елка стала кампостам, трэба прыкладна паўгода. «Гатуецца» яна на ўчастку па перапрацоўцы раслінных адходаў: травы, лістоты, драўніны, рэшткаў агародніны.

Пачынаецца працэс перапрацоўкі ўсіх арганічных адходаў з іх драбнення. Падыходзячыя па памеры драўняныя адходы драбняцца для нарыхтоўкі паліўных шчэпак, якія пасля стануць палівам для кацельных. Маленькія галінкі, трава, лісце і елкі крышацца як сыравіна для кампосту. Абрэзкі сукоў дрэў (гэтым цяпер займаецца Мінскзеленбуд) таксама прыязджаюць сюды, каб стаць арганічным кампостам. Штогод тут рыхтуюць яго чатыры-шэсць тысяч тон. Пасля ён становіцца карысным угнаеннем для кветнікаў, газонаў і сельскагаспадарчых палёў.

Машына для драбнення па памерах нагадвае звычайную дызель-генератарную. Экскаватарам у яе закідваюцца елкі, якія драбняцца ўнутры, а атрыманыя кавалачкі па транспарцёрнай стужцы высыпаюцца ў кучу.

— Пасля драбнення атрыманая маса закладваецца ў бурты, дзе на працягу трох-пяці месяцаў адбываецца працэс кампасціравання. Гэта дасягаецца аэробным шляхам (з дапамогай кіслароду і высокай тэмпературы, што ствараецца ўнутры бурта). Дзесьці праз месяц ці паўтара робім аэрацыю — адсейваем крайні бурт на сіце. Вялікія кавалкі зноў адпраўляюцца на драбненне, а маленькія — у новы бурт як гатовы кампост, — апісаў тэхналогію Генадзь ЛАЎРЭНЧЫК, начальнік участка па перапрацоўцы адходаў.

Генадзь ЛАЎРЭНЧЫК, начальнік участка па перапрацоўцы адходаў каля бурта з гатовым кампостам. Угнаеннне, карыснае для глебы, здаецца нібыта тлустым.

Простымі словамі гэта значыць, што экскаватар перацягвае сыравіну з бурта на сіта — спецыяльную машыну, дзе кавалкі прасейваюцца ў барабане і ў залежнасці ад памера выязджаюць па пэўнай транспарцёрнай стужцы на дапрацоўку ці адпраўляюцца ў чарговы бурт кампосту.

— Тэмпература ўнутры бурта, пакуль «саспявае» кампост, ад 60 да 80 °С. Кампост уносіцца ў глебу і павышае яе ўрадлівасць, — дадаў ён. — Гэта гатовае арганічнае рэчыва, якое перапрэла і перагніло, а не звычайны гной, які часта прывозяць на палі проста з фермаў без папярэдняй падрыхтоўкі.

Калі экскаватар зачэрпвае з бурта сыравіну, адтуль на марозным паветры валіць пара і па ўчастку сцелецца туман, пацвярджаючы, што ўнутры сапраўдная спёка.

Гатовы кампост могуць набыць не толькі сельгаспрадпрыемствы ці садовыя таварыствы, а і проста грамадзяне, калі ім патрэбна, скажам, кілаграмаў 30 арганічных угнаенняў, каб дадаць іх у глебу для вырошчвання расады. Выкарыстоўваць для гэтага чысты кампост спецыялісты не рэкамендуюць — занадта канцэнтраваны. Каштуе кампост 10 рублёў (без ПДВ) за тону.

Пульверызатар для смецця

Калі разварушыць бурт, відавочна бачная высокая тэмпература ў ім.

Ёсць на ўчастку таксама і зона перапрацоўкі мінеральных адходаў — буйнапамернага будаўнічага смецця. З яго робяць другасны друз. А яшчэ адсюль на ўчастку выбіраюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы (ДМР): поліэтылен, папера, шкло, метал, арматура, драўніна.

— Паколькі будаўнічыя адходы ў прынцыпе ніхто не сартуе, усё пасля рамонту аб'ектаў, будаўніцтва ці зносу будынкаў трапляе да нас кучай з будаўнічых кантэйнераў, — тлумачыць Генадзь Лаўрэнчык. — Такое смецце трэба раздзяляць, перш чым перапрацоўваць.

Машына для драбнення бетонных адходаў на меншыя фракцыі выглядае як экскаватар, у якога замест каўша спецыяльнае абсталяванне, што нагадвае вялізныя пласкагубцы. І называецца такая незвычайная тэхніка пульверызатар.

Атрыманыя такім чынам кавалкі з дапамогай драбільнага каўша ператвараюцца ўжо ў гатовы друз. Гэтую прадукцыю таксама прасейваюць на сіце, каб адсартаваць шчэбень на буйнапамерны ці мінеральную сумесь. Апошняя падыходзіць для ўкладкі пліткі, стварэння верхняга слоя дарогі, падсыпання сцежак, кажуць спецыялісты.

Увогуле, мэта перапрацоўкі ўсіх адходаў у краіне — зменшыць колькасць палігонаў, каб смецце не складзіравалася, а поўнасцю ўцягвалася ў абарачэнне і выкарыстоўвалася далей. Гэта, як ужо вядома і відавочна, на карысць усім.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Настрой цудоўнай і лёгкай вясны стварылі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца»

Настрой цудоўнай і лёгкай вясны стварылі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца»

Напярэдадні Міжнарожнага жаночага дня Белаларускі саюз жанчын і канцэрн «Беллегпрам» правялі святочнае мерапрыемства «Настрой — Вясна».

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.

Грамадства

«Тут быў...» Што пісалі пяцьсот гадоў таму на сценах і камянях

«Тут быў...» Што пісалі пяцьсот гадоў таму на сценах і камянях

Іна Калечыц — першы і пакуль адзіны спецыяліст у Беларусі, які займаецца эпіграфікай.