Вы тут

У Беларусі зарэгістравалі ўласную пароду кароў


У Беларусі зарэгістравалі новую пароду кароў белгалшцін айчыннай селекцыі, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, перадае БЕЛТА.


«Створана новая парода малочнай жывёлы айчыннай селекцыі — белгалшцін, якая налічвае 1 млн галоў. У снежні яна была зарэгістравана. Патэнцыял прадукцыйнасці — на ўзроўні 12 т малака на адну жывёлу з колькасцю тлушчу 3,6 працэнта, бялку — 3,2 працэнта. Спецыялісты ведаюць, што гэта вельмі добрыя паказчыкі», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Ён падкрэсліў, што Акадэмія навук — значны даследчы цэнтр, які развіваецца па тыпу навукова-вытворчай карпарацыі. Практычна кожная акадэмічная арганізацыя мае вытворчыя кропкі росту — участкі, якія выпускаюць запатрабаваную прадукцыю. Напрыклад, прадпрыемства «Акадэмфарм» і НВЦ «ХімФармСінтэз» Інстытута біяарганічнай хіміі НАН выпускаюць лякарствы, неабходныя для лячэння розных захворванняў. Для прафілактыкі і пераадолення наступстваў COVID-19 у НАН распрацаваны і вырабляюцца антысептычныя сродкі, фільтрацыйныя матэрыялы для рэспіратараў і ачысткі паветра, тэст-сістэмы па выяўленні антыцел, наборы рэагентаў для біяхімічных даследаванняў ДНК, панэлі для аналізу каранавіруснай РНК. Распрацаваны і сертыфікаваны апарат ультрафіялетавага экстракарпаральнага апрамянення крыві.

Акрамя таго, у Акадэміі навук уведзены ў эксплуатацыю сучасныя вылічальныя магутнасці, нацэленыя на распрацоўку і практычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту. У прыватнасці, вядуцца работы па праграмным забеспячэнні дзяржаўнай медыцынскай інфармацыйнай сістэмы з функцыямі падтрымкі прыняцця рашэнняў урачоў на аснове сродкаў штучнага інтэлекту для ўстаноў аховы здароўя стацыянарнага тыпу («Клініка+»).

У галіновай лабараторыі электронна-прамянёвых і адытыўных тэхналогій Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН адкрыты ўчастак лазернай апрацоўкі матэрыялаў. На ім выконваюцца работы ў інтарэсах машынабудаўнічых прадпрыемстваў («Гомсельмаш», Мінскі завод шасцерняў, МТЗ). Рэсурс апрацаваных вырабаў павялічваецца ў 2-3 разы.

Уладзімір Гусакоў таксама адзначыў, што вучоныя забяспечваюць навуковае суправаджэнне будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС, развіваюць біятэхналагічны напрамак. Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН аказвае тысячы паслуг па тэсціраванні ДНК чалавека, жывёл і раслін.

Беларускія вучоныя актыўна супрацоўнічаюць са сваімі замежнымі калегамі больш як з 90 краін. У НАН Беларусі створаны і функцыянуюць 43 сумесныя лабараторыі з арганізацыямі Расіі, Кітая, В’етнама і іншых дзяржаў.

Прэв’ю: milkua.info

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.