Вы тут

Праўда чалавека і сабакі


У час, калі гэты неўтаймоўны снежны «Ларс», што прынёс людзям шмат праблем і клопатаў, зрабіў наш горад падобным на казачнае каралеўства з фільма «Тры арэшкі для Папялушкі», ён не адступіў ад сваёй прывычкі. Зноў выйшаў на прагулку са сваім надзейным сябрам — маленькім сабачкам. Гавару пра пажылога мужчыну з суседняга пад'езда.


Высокі і статны, ён кожны дзень выходзіць з дома амаль у адзін і той жа час, павольна ідзе, пакульгваючы і абапіраючыся на кіёчак з прычыны хваробы нагі. Ёсць у яго постаці нешта ад героя аповесці Кузьмы Чорнага — дзядулі Насці Закрэўскай: нават у паходцы ўгадваюцца ўнутраныя інтэлігентнасць і высакароднасць. А сабачка, нездарма ж кажуць, што гадаванцы часта становяцца падобнымі на сваіх гаспадароў, нібы стараючыся капіраваць яго паводзіны, заўсёды ідзе крыху паводдаль, ззаду альбо на два крокі наперадзе, не збочвае, не адбягае далёка. У гэтага чалавека ёсць металічны гараж, адзін на некалькі кварталаў мікрараёна. Раней такія давалі толькі ветэранам вайны ці за асаблівыя заслугі. Магчыма, гараж застаўся ад старэйшых сваякоў. Калі ён заходзіць па нейкіх справах у яго, сабачка цярпліва чакае звонку, сядзіць, не бегае вакол. І гэта толькі адна з соцень тысяч альбо мільёнаў гісторый асаблівай дружбы чалавека і сабакі.

Прыкметных, цікавых, адным словам, выдатных такіх сюжэтаў у кожным горадзе ці нават вёсцы, у кожнай краіне знойдзецца нямала. Пра іх напісаны кнігі, зняты кінастужкі, сабакам пастаўлены помнікі.

Людзі, як вядома, заводзяць сабак па-рознаму. Цяпер найчасцей купляюць, але гэта не перашкаджае ўзаемнай прыязнасці, якая нярэдка перарастае ў сапраўднае сяброўства. На жаль, бывае і наадварот: не складваюцца адносіны ў гаспадара з жывёлай. Тады безадказная двуногая істота нярэдка вывозіць за горад чатырохногую і выкідае, асуджаючы гадаванца на бадзяжніцтва. А вось жыхар аднаго з райцэнтраў падаў у суд на прадаўца, які нібыта падсунуў яму «няякасны тавар». Менавіта такое вызначэнне істца фігуравала ў судовай справе.

Гэтая справа цягнецца ўжо амаль год. Жыхар аднаго невялікага горада купіў у яшчэ меншым горадзе шчанюка балонкі, відавочна, за немалыя грошы. Бо захацеў, як высветлілася, жывую цацку ў дом. Але яго напаткала глыбокае расчараванне. Сабачка «не адпавядаў патрабаванням і чаканням» новага гаспадара. Па-першае, хадзіў у туалет не заўсёды там, дзе яму прадпісвалася правіламі ўнутранага дамашняга распарадку. Па-другое, пачынаў брахаць, на думку гаспадара, без усялякай на тое прычыны і без каманды. Ну і апошняй кропляй, якая перапоўніла цярпенне няўдачлівага сабакавода, аказаліся блохі. Цяпер жа, здаецца, у продажы поўна розных прэпаратаў для вывядзення гэтых паразітаў. Але чамусьці наш герой у жаданні справіцца з насякомымі стаў стрыгчы няшчасную жывёліну самастойна і так сапсаваў яе знешні выгляд, што яна наогул стала ні на што не падобная. Тады ён не вытрымаў і патэлефанаваў гаспадыні, якая прадавала сабачку, з патрабаваннем прыняць назад «няякасны тавар» і вярнуць грошы. Яна спачатку пагадзілася, але калі ўбачыла «сапсаванага» шчанюка, наадрэз адмовілася. У судзе потым растлумачыла: «Балонку так брыдка абскублі, зрабілі фактычна лысай, а я прадавала яе не ў такім выглядзе». І не ўзяла сабаку, грошы вяртаць адмовілася. Пакупнік жа пакінуў няшчаснага сабачку літаральна на парозе былой гаспадыні ды пайшоў у суд.

На судовае пасяджэнне запрасілі эксперта — сабакавода са стажам, які паясніў, што пакупка сабакі ў значнай ступені — латарэя. Нават шчанюкі з аднаго прыплоду маюць розныя характары. З жывёлай трэба займацца, вучыць яе, дрэсіраваць: «Як можна набываць сабаку ў дом і не разумець, што яна будзе спраўляць свае натуральныя патрэбы не заўсёды там, дзе жадае гаспадар? Бывае, сабака і брэша не ў самы зручны момант», — даводзіў эксперт.

На тое і чалавек разумны — Homo sapіens, каб улічваць падобныя рызыкі і прымаць рашэнне, а не вяртаць жывую істоту з прычыны «нізкай якасці», нібы няспраўны электрапрыбор альбо нядбайна скроенае адзенне. Ды нават у выпадку з рэчамі гандляры не возьмуць назад тавар, пашкоджаны ў няўдалай спробе выправіць завадскі дэфект. Карацей кажучы, суд пакінуў іск грамадзяніна без задавальнення.

...У нечым таго істца зразумець можна. Ён, пэўна, уяўляў сабе мілую карцінку з прывабным дагледжаным сабачкам, які ляжыць на дыванку, па камандзе лашчыцца да гаспадара, у туалет ходзіць выключна ў вызначанае месца, зусім не парушае цішыню. Не на роўным жа месцы з'явілася прыказка пра лісліўца: «Далікатны, як англійскі цюцька». Але такія «цюцькі» далёка не ўсе нават дэкаратыўных парод. І варта дзесяць разоў падумаць: заводзіць жывую істоту ў доме або лепш абысціся віртуальнымі забаўкамі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: cosmo.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».