Вы тут

Каля 200 новых распрацовак і тэхналогій прэзентуюць арганізацыі НАН Беларусі


На выстаўцы дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці «Дзень беларускай навукі — 2021» арганізацыі НАН Беларусі прэзентуюць каля 200 новых распрацовак і тэхналогій. Экспанаты можна будзе ўбачыць 29 студзеня на пастаянна дзеючай выстаўцы «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці» ў холе першага паверха будынка Прэзідыума НАН.


Фота rist.org.by

Многія распрацоўкі будуць дэманстравацца ўпершыню. Так, навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі прадэманструе макет беспілотнага лятальнага апарата (БЛА) «Мішэнь». Беспілотны лятальны апарат з турбарэактыўным рухавіком прызначаны для імітацыі паветраных цэляў, такіх як рэактыўны баявы самалёт, крылатая ракета, БЛА для забеспячэння трэніроўкі падраздзяленняў і часцей ВПС і войскаў супрацьпаветранай абароны. З'яўляецца першай мадэллю БЛА з рэактыўным рухавіком, распрацаванай на прадпрыемстве.

Аб'яднаны інстытут машынабудавання прадэманструе на адкрытай пляцоўцы макетны ўзор каркасна-панэльнага электрамабіля «ACADEMІC ELECTRO». Ён прызначаны для перавозак па закрытых тэрыторыях (без выезду на дарогі агульнага карыстання), разлічаны на двух пасажыраў. Максімальная хуткасць электрамабіля складае 50 кіламетраў у гадзіну. Каркасна-панэльны тып кузава дазваляе ажыццяўляць выпуск мадэлі дробнымі серыямі пад патрабаванні заказчыка.

Інстытут лесу НАН Беларусі прадставіць біялагічны метад абароны хваёвых насаджэнняў з выкарыстаннем ферамоннай пасткі для прыцягнення і інфіцыравання ствалавых насякомых-шкоднікаў.

Усяго навукоўцы і даследчыкі краіны прадставяць на выстаўцы каля 400 інавацыйных навуковых распрацовак.

29 студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі, які адзначаецца ў нашай краіне ў апошнюю нядзелю студзеня. Найлепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Беспілотнік і электрамабіль «ACADEMІC ELECTRO»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?