Вы тут

Трасца з ферамонамі, або Колькі каштуе «суперпрыз на барабане»


Калі шукаць у вымушаным даволі працяглым знаходжанні на бальнічным хоць які пазітыў, урэшце дадумаешся да таго, што гэтыя будныя зімовыя дні без работы (асабліва калі хварэеш няцяжка) — своеасаблівая магчымасць адчуць сябе... пенсіянерам. Нечакана для сябе адкрываеш невядомы свет шматпавярховіка ў спальным раёне ў той час, калі большасць яго жыхароў на рабоце. Аказваецца, жыццё ў доме ў гэты час не спыняецца: недзе гудзе дрыль вечнага рамонту, барабаніць дамашні тэлефон, а ў дзверы звоняць розныя цікавыя людзі. Цікавыя — гэта я без іроніі. Тут вам і «бежанцы», і «пагарэльцы», і сведкі Іеговы — каго толькі не носіць днём па пад'ездах жылых дамоў у пошуках здабычы. Нават ковіду не баяцца — «я ўжо два разы перахварэў» — нібы адно з адным дамовіліся аднолькава казаць.


kapremontugra.ru

Першыя дні я гэтых хадакоў нават на парог не пускала, але, калі сядзенне дома пайшло на трэці тыдзень, вырашыла-такі трохі сябе павесяліць. Доўга чакаць не давялося: прыемны хлопец з'явіўся ля дзвярэй гадзін у дванаццаць. «Добры дзень. Мяне завуць Павел. Ці ведаеце вы, што ў вас у раёне адкрыўся буйны магазін нехарчовых тавараў? Не ведаеце? А мы, прадстаўнікі магазіна, сёння праводзім рэкламную акцыю, каб пра яго даведалася больш людзей. Мы сёння дорым падарункі. Дазвольце, я зайду?» Усё гэта хлопец выдаў на адным дыханні — слова ўставіць не было як. Мне і сапраўды было цікава, што ж за «каштоўнасці» (і галоўнае — пачым?) ляжаць у яго вялікім чорным пакеце, і як ён гэта будзе спрабаваць мне «ўцюхаць». Прызнаюся: рэальнасць перасягнула ўсе чаканні. Я нават адразу запісала ўвесь асартымент і паслядоўнасць яго прапановы. Бо, ну праўда, — каб хацеў — не прыдумаеш.

Спачатку з пакета прадавец Паша дастаў патэльню. «З антыпрыгарным пакрыццём, праслужыць як мінімум пяць гадоў». Кухонны рыштунак аказаўся вельмі лёгкі на вагу — хутчэй за ўсё, самы танны алюміній, пакрыты плёнкай, такое «антыпрыгарнае пакрыццё» здзярэцца за два разы. «У магазіне гэты цуд каштуе пяцьдзясят пяць рублёў, мы ж дорым яе вам за дваццаць»... Пасля былі прапанаваныя «цуда-падушачкі для рук і ног (адну кладзём у мікрахвалеўку, другую — у лядоўню), пасля прыкладаем — і стомленасці як не было». Цана — усё тая ж — пяцьдзясят пяць рублёў, але ж «у падарунак» Паша аддаваў за дваццаць. Далей ішоў сродак з выцяжкай авакада («для твару, для рук ды і для ўсяго цела») — з той жа «зніжкай», пасля набор тарак, зробленых ледзь не з фольгі («сёння дорым за пятнаццаць рублёў»), за ім — набор для душа ў картонным пачку: мачалка, гель, ласьён, мыла, бомбачка для ванны — усё нават знешне вельмі сумніўнай якасці («у магазіне шэсцьдзясят рублёў, але для вас — дваццаць»). «А вось гэта — ведаеце што? — спрабаваў інтрыгаваць карабейнік. — Парфума з ферамонамі! Ведаеце, што такое ферамоны?» «Малады чалавек, я ўжо ў тым узросце, калі не толькі ведаюць, але і пачынаюць забываць, што гэта такое». Жарту Паша не зразумеў: «Толькі для вас замест ста трыццаці рублёў аддам за пяцьдзясят». Ферамоны не «зайшлі» — і ў ход пайшла суровая праўда жыцця — літровая бутэлька сродку для мыцця посуду. Мяркуючы па этыкетцы, разлітага дзесьці на хутары пад Смаленскам. («Усяго дзесяць рублёў»). За столькі ж прапаноўвалася і бутэлька сродку для ачысткі труб. Далей ішоў дзіцячы пластылін у вядзерцы (за пятнаццаць).

Я ўжо крыху ачмурэла ад выкладзенай на канапе ў прыхожай кучы таннай стракатай трасцы (вельмі падабаецца мне гэты наш аналаг рускага слова «барахло»). Але гэта было яшчэ не ўсё! «Та-дам! Суперпрыз на барабане! Жамчужына нашай калекцыі!» — Паша ўрачыста выцягнуў з пакета яркі пачак з нажамі. Нажы, як павінен быў пераканацца патэнцыйны пакупнік, зробленыя ў Германіі. Аб гэтым сведчыў сцяг краіны, да якога былі прымацаваныя крылы (пэўна, ад арла з нямецкага ж герба). Ну і буйна напісаная цана — 220 еўра. Прычым, каб сумненняў не было ўжо зусім, «еўра» было напісана і значком, і словам. «Бачыце, так яны каштуюць 450 рублёў. Але ж мы дорым падарункі, таму аддам вам за 270. Ну што, колькі набораў будзеце браць?» «Ніколькі». «Але ж сёння дзень сюрпрызаў, — не разгубіўся гандляр. — Таму ўсё вось гэта (шчодры жэст рукой у бок стракатай кучы на канапе, разам з нажамі) я аддам вам за ўсё тыя ж 270 рублёў... Як не будзеце браць? У вас што, няма нейкіх там ста долараў?»...

Тэатр аднаго акцёра ўсё ж скончыўся для акцёра заробкам. Я шчыра сказала яму, што ўвесь гэты «дэрыбас» з магазіна адной цаны купляць у яго не буду. Але, паколькі ён мяне павесяліў, гатова купіць у яго што-небудзь... за два рублі. Паша ніколькі не засмуціўся і выцягнуў аднекуль з кішэні шчыпчыкі для спагеці. На тым і пагадзіліся... Я пасля ў яго ўжо сур'ёзна спытала: адкуль такі дзіўны набор — ад парфумы з ферамонамі да сродку для чысткі труб? Няўжо нельга сабраць штосьці больш лагічнае? «А навошта? Мы ж пазіцыянуем як «падарунак для ўсёй сям'і». Паасобку амаль нічога не купляюць, на гэта мы і не разлічваем. А разам — бяруць. Бо гэта ж нашмат «танней» атрымліваецца. Я вось сёння два наборы прадаў, план, лічы, выканаў. Не верыце? Глядзіце — я заўсёды пакупнікоў фоткаю для справаздачы»...

З экрана смартфона шчасліва ўсміхаліся ля кучы пакункаў пажылыя бадзёрыя жанчынкі. Задаволеныя — танна купілі «падарунак для ўсёй сям'і». Што скажа сям'я, вярнуўшыся з работы і ўбачыўшы «падарунак» за сто долараў, красная цана якому — самае большае рублёў пяцьдзясят, — як той казаў, ужо іншая і зусім не такая вясёлая гісторыя.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.