Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


autoutro.ru

Пакуль не прыехала цешча

...Гэта было першае каханне — пяшчотнае, трапяткое, шчымлівае і, як ні дзіўна, узаемнае. Калі яно пачалося, ні Аня, дачка старшыні калгаса, ні Ваня — сын старшыні сельсавета, не ведалі. З маленства разам раслі, вучыліся ў адным класе... Аднак выдаць свае пачуцці ніяк не маглі: ён лічыў, што сапраўдным мужчынам такія сантыменты не да твару, яна і пагатоў... А таму — бог ведае, чым завяршылася б гэта гісторыя, калі б не мудрая дырэктарка школы, якая ў выпускным класе пасадзіла іх разам за апошнюю парту, сказаўшы, што вось так з двух найлепшых вучняў можа атрымацца хоць адзін медаліст.

І сапраўды, Аня выпраўляла памылкі ў сачыненнях Вані, ён дапамагаў суседцы з фізікай і хіміяй. Такім чынам яны неўпрыкмет збліжаліся: перад выпускным іх ужо звалі жаніхом і нявестай...

А там, як і варта было чакаць, Аня атрымала сваё «золата» (Ваню падвяла нямецкая мова) і адразу паступіла ва ўніверсітэт, ён, не дабраўшы паўбала, праляцеў міма. Восень і зіму неяк перакантаваўся (скончыў курсы кіроўцаў) і вясной «загрымеў» у войска.

Аня, паабяцаўшы, верна чакала яго ды вучылася (яе бацьку тым часам перавялі на работу ў Мінск, выдзелілі кватэру), аднак, дачакаўшыся, замуж не кінулася: сказала, што не хоча быць жонкай хоць бы і таксіста — іншая справа студэнт...

Гэтым разам Ваня паступіў лёгка, атрымаў месца ў інтэрнаце.

Адзначыць і адно, і другое Аня запрасіла да сябе: трэба разумець, хацела паказаць жаніху кватэру, свае кулінарныя здольнасці, а, можа, і праверыць, ці праўда, што савецкія воіны такія рашучыя, як паказваюць у кіно ды па тэлебачанні?

...Карацей, Ваня прыбраўся ў новы касцюм, купіў пляшку каньяку і выправіўся ў госці. Пачуўшы, што бацькі ў ад'ездзе, трохі сумеўся, але і павесялеў: скінуў пінжак, зняў ненавісны гальштук, без цырымоній рассеўся за прыгожа накрытым сталом.

Гаспадарскае віно галантна пакінуў Ані, сам папрасіў дазволу пакаштаваць прынесены каньяк.

Першыя два кілішкі ён як чалавек культурны закусіў скрылькамі сыру-каўбасы ды салатай з агуркоў... На гарачае гаспадыня абяцала маміну каронную страву — катлеты па-кіеўску.

Чым яны адрозніваюцца ад мінскіх, Ваня тады не ведаў (у Кіеве не быў), а таму і сюрпрызаў ніякіх не чакаў. Пасля трэцяга кілішка ён адсунуў прапанаваны нож, падчапіў на відэлец пукатую залацістую катлету, адкусіў і...

У той жа момант адчуў, як на падбароддзе, руку, сцягно і тое месца, дзе зашпіляюцца штаны, пырснула нечым гарачым.

— Гэта масла, — вінавата зашчабятала Аня. — Трэба было сказаць, каб еў на талерцы, з нажом. Прабач! Я зараз...

Апошнія словы чуліся ўжо з кухні. Сігануўшы туды, Аня вярнулася з ладнай пасудзінай і так спрытна стала сыпаць соль на ягоныя штаны, што бравы сяржант ушчэнт разгубіўся: падумаў, ці не разбэсціла сталіца яго дзяўчыну? Але ж у вачах яе было столькі клопату, што хлопец паспакайнеў і стаў выбачацца сам. Маўляў, вінаваты ж: госці ёсць госці, правілы этыкету ніхто не адмяняў... Да таго ж і ўрэшце, халера з імі, тымі новымі штанамі: да вяселля можна яшчэ адны справіць...

Яны яшчэ трохі пасядзелі за сталом, з'елі па катлеце, — праверылі штаны: соль, на жаль, не дапамагла.

— Свежыя плямы павінны адмыцца. Можа, паспрабуем? — нясмела прапанавала Аня.

Ваня згадзіўся.

...Што далей было, здагадацца няцяжка. Штаны — гэта ж не насоўка і нават не кашуля: яны сохлі доўга. Івану прыйшлося застацца нанач... І назаўтра таксама, бо плямы не адмыліся і порткі прыйшлося здаваць у хімчыстку.

Гэта па-першае, а па-другое, катлеты ў халадзільніку яшчэ заставаліся. Іх трэба было навучыцца есці, пакуль не прыехала цешча.

Я. Радына, г. Мінск.


Адна ў чалавека была загана...

Летам 1949-га ў нас на Лунінеччыне пачалася калектывізацыя — з'явіліся калгасы.

Першых кіраўнікоў — старшынь — выбіралі з людзей тутэйшых, аўтарытэтных, пазнейшых — сталі прысылаць здалёку, у асноўным з усходніх абласцей краіны.

Не бяруся казаць за іншых, — а вось наш той наезджы старшыня быў гаспадаром нядрэнным: і калгасам кіраваў не без поспехаў, і дома ад работ не ўцякаў: трымаў на падворку і свінней, і курэй, і карову... Адзінае — недачуваў.

Дык вось. Ішоў ён неяк з канторы, cпыніўся каля групы мужчын — павітаўся, а заадно пачуў, што тыя гамоняць пра дзядзьку Пэкуля, пра яго свінаматку з парасятамі.

У старшыні тут быў інтарэс, таму ўсё, што пачуў, ён дома пераказаў сваёй жонцы, і ўжо разам з ёй вырашыў, што назаўтра трэба схадзіць да гэтага Пэкуля і купіць у яго парсючка.

Грошай старшыня ўзяў з запасам (таргавацца не выпадала), мяшок пад пахай заціснуў і пакіраваў на знаёмы падворак. Зайшоў у хату. Бачыць, што з дарослых там нікога няма, толькі сынок, першакласнік, сядзіць за сталом — урокі робіць.

— А дзе бацькі? — пытае яго старшыня.

— Паехалі парасят купляць.

— Як купляць? Людзі ж казалі, што ў вас сваіх да халеры. І свінаматка ёсць...

— А... Дык гэта ў кухні! — скеміў малы.

— Як гэта ў кухні? — не зразумеў старшыня.

— Ды пайшлі, пакажу.

Заходзяць у кухню, а там на... сцяне, на карціне — і сапраўды вялікая свіння і з дзясятак парасят. Парсючкі сярод іх, відаць, таксама былі... Шкада — не прадаваліся.

Дарэчы, з гэтым Пэкулем яшчэ адна прыгода была.

Наш калгас тады вырошчваў лён. Тут жа, на месцы, яго апрацоўвалі да кудзелі, якую потым адвозілі ў раён, а ўжо адтуль — на льнозавод.

Дык вось неяк у кабінет да старшыні заходзіць брыгадзір, кажа, што патрэбна машына, каб паклю завезці.

Старшыня ў адказ:

— Яшчэ чаго?! Што ён за начальнік, каб яго машынай вазіць? Няхай пешшу сходзіць, калі нешта трэба.

— Дык я ж не пра Пэкуля, — бянтэжыцца брыгадзір. — Я пра кудзелю — пакулле...

— Дык так бы і сказаў!

...Людзям цяжка тады жылося: шмат было ўдоў і дзяцей-сірот, мужчын, што з вайны прыйшлі інвалідамі. Той без рукі, той без нагі... «Дрэнна ім», — спачуваў старшыня.

Можа, таму, што і самому часам няпроста было, хоць ён усяго толькі недачуваў.

Васіль Нефідовіч, в. Ляхаўка, Лунінецкі раён.


«Калі навука пойдзе туга...»

Малым, як вядома, хочацца шмат чаго — пачуць, убачыць, пакаштаваць, і пасябраваць са старэйшымі дзецьмі, у іх жа нечаму навучыцца...

Мне тады гадоў шэсць было, брату — сем. Мы не мелі ровара, а ў дванаццацігадовага Віцькі Камісарава — быў, і ён, той Віцька, абяцаў, што навучыць нас катацца, але ж... Вечна ў яго работ повен рот.

Мы нават ведалі, чаму. Таму што з раніцы і з такімі ж вось хлопцамі ён хадзіў у лес, каб назбіраць патронаў і потым «рвануць» у вогнішчы, далей — на рэчку, каб купацца і кашамі лавіць уюноў... Карацей, часу, каб даглядаць куранят, падмятаць двор, насіць ваду, рваць траву для свіней, збіраць ападкі, кароў у Віцькі не было.

Мы з братам зналі, што працаваць за яго — нядобра. Нядобра і пакрываць, ведаючы, што той лазіць у сад да дзеда Міколы...

А з іншага боку, такіх яблыкаў (сакавітай, смачнай малінаўкі) на нашай вуліцы больш не меў ніхто! Выспявалі яны ці не першыя, а дзед Мікола сквапень быў яшчэ той: нікога ніколі не частаваў, не кажучы ўжо пра тое, каб вынесці кошык (хоць бы ападу) і паставіць на вуліцы, як гэта рабілі іншыя...

Не дзіва, што ў вёсцы старога недалюблівалі і за вочы празвалі Кукам. (Ён, казалі, партызаніў, аднак пасля наступлення Чырвонай Арміі да вайскоўцаў не прымкнуў: у лесе кукаваў да самай Перамогі, таму і Кук)...

Дык вось аднойчы Віцькава маці такі «адхадзіла» сына матузамі за Міколавы яблыкі. Ну як было хлопцу такое сцярпець?!

...План помсты дзед Мікола міжволі падказаў яму сам. Неяк — у парадным касцюме, у капелюшы — ён пайшоў да свайго родзіча на другі канец вёскі. Значыць, адтуль — пачаставаны і ў добрым настроі — павінен будзе вяртацца дамоў?

Віцька вырашыў падпільнаваць яго.

Для гэтага паклікаў нас з братам і паставіў умову: хочаце, каб я навучыў вас ездзіць на ровары, тады залезьце на таполю, і калі дзед Мікола з ёй параўняецца, пракрычыце: «Дзед Кук сеў на сук, сук зламаўся, Кук...» (Ну, вы здагадаліся).

Нас угаворваць не прыйшлося: Віцька падставіў лесвіцу, мы сіганулі ўверх і надзейна схаваліся ў лістоце. А там...

Вось яна, урачыстая амаль хвіліна: дзед Мікола з пыльнай дарогі збочыў на сцежку пад дрэвам, і мы з Сашам выдалі Віцькаў «верш».

Дзед Кук, як нам здалося, збянтэжыўся, аслупянеў, паглядзеў уверх і, ні слова не сказаўшы, рушыў... да нас у двор.

Убачыўшы гэта, нам з братам расхацелася злазіць з таполі, ісці дадому, але ж час быў вячэраць, нашы прыйшлі з работы...

Не падымаючы галоў і ног, мы сунуліся ў бок хаты. На дварэ нас сустрэў наш старэйшы брат: яму 14, і ён у час канікулаў ужо працаваў у саўгасе...

А далей былі маміны словы пра тое, што мы, маўляў, зганьбілі не дзеда, а сябе і сваю сям'ю... І, вядома ж, татава дзяжка, хоць баяліся мы не столькі яе, колькі таго, што зараз нас пагоняць да Кука прасіць прабачэння.

Так яно, можа, і было б, каб не анёл-ахоўнік, каб не бабуля. Нас, зарумзаных, яна схапіла за рукі і са словамі «Брындаеце недзе... Робіце абы-што... А ну хутчэй мыцца!» пацягнула да начовак з вадой.

...У той раз мы з братам елі стоячы (сесці не маглі).

І назаўтра баяліся выйсці з хаты, чакалі насмешак сяброў, бо ўсе ж былі «ў курсе». Аднак, як ні дзіўна, нас ніхто не дражніў, а наадварот — усе прапаноўвалі пагуляць у квача, у дамкі, у бітавога... Да таго ж брата праз пару дзён навучылі катацца на веласіпедзе.

Што яшчэ было потым? Віцьку (ад бяды падалей) маці пачала вадзіць на работу: казала, дома з яго ўсё адно не памочнік... А мы з братам сталі вучыцца жыць сваім розумам. Усё амаль што па Коласу: «Калі навука пойдзе туга, паможа бацькава папруга».

Ларыса Купрыянчук, в. Хатоўня, Рагачоўскі р-н.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».