Вы тут

Сенатар Варанюк: Дробных пытанняў у зваротах грамадзян не існуе


Перад нядаўнім прыёмам грамадзян у Магілёве член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк сустрэўся з працоўным калектывам прыватнага прадпрыемства «Тэхналіт». Адзін малады чалавек паведаміў, што на доме, дзе ён жыве, нехта зрабіў правакацыйны надпіс са спасылкай, дзе набыць наркотыкі.


Паспрабаваў звярнуць на гэта ўвагу ЖЭУ, але там толькі адмахнуліся. Парламентарый не пакінуў зварот без увагі і хутка высветліў, што дом знаходзіцца на абслугоўванні прыватнай кампаніі, а ЖЭУ, куды звярнуўся заяўнік, не пажадала рэагаваць на яго сігнал, паколькі гэта не іх тэрыторыя. Дзмітрый Варанюк паклапаціўся, каб праблему вырашылі ў той жа дзень.

Але не ўсе пытанні здымаюцца так хутка і проста. У той жа дзень на прыём да сенатара завітаў інвалід другой групы, які паскардзіўся, што ў двухпавярховіку па вуліцы Чалюскінцаў, дзе ён жыве, няма выгод, а ў кватэры зімой вельмі холадна.

— Мы выехалі на месца з прадстаўнікамі ЖЭУ, каб праверыць факты, — паведаміў падрабязнасці памочнік сенатара Сяргей Чычоў. — Камунальнікі правялі замеры тэмпературы ў кватэры і зараз робяць заключэнне. Мужчына, як высветлілася, ужо неаднаразова звяртаўся з гэтым пытаннем у розныя інстанцыі.

Дому болей чым 80 гадоў і мадэрнізаваць яго сапраўды цяжка. Камунальнікі кажуць, што для пабудовы тых жа выгод тут не хапае плошчы. Раней у доме былі печкі, але падчас рэканструкцыі яго падключылі да цэнтралізаванага ацяплення. Правяраючыя звярнулі ўвагу, што ніжэй за ўсё тэмпература каля пластыкавых вокнаў, якія стаяць у кватэры заяўніка. Магчыма, вокны няправільна ўстаноўленыя, а гэта і з'яўляецца асноўнай прычынай нізкага градуса ў кватэры. Але канчатковага адказу на пытанне пакуль няма. Яно знаходзіцца ў сенатара на кантролі.

— Шмат пытанняў паступае падчас сустрэч у працоўных калектывах, большасць з іх датычыцца камунальных праблем і дарог, — кажа Сяргей Чычоў. — А вось на прыёмы прыходзіць у сярэднім два—тры чалавекі. Нейкія пытанні здымаюцца вельмі хутка, але ёсць і такія, якія без змяненняў у заканадаўстве і не вырашыш. Аднойчы да нас прыйшоў малады мужчына і паскардзіўся, што будаваў кватэру на крэдытныя сродкі, не ведаў, што для гэтага можна было ўзяць бацькоўскі капітал. Ён хацеў выплаціць гэтымі грашыма крэдыт, а аказалася, што нельга. Закон гэтага, на жаль, не прадугледжвае.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Важна дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?