Вы тут

Новыя гарызонты магчымасцяў


Відавочна, што прынятае ў свой час рашэнне не ставіць на паўзу вытворчасць у разгар пандэміі не толькі захавала прадпрыемствы, але і ў цэлым станоўча адбілася на ўзроўні эканомікі. Пакуль многія краіны летась закрывалі межы і ўводзілі лакдаўны, беларуская прадукцыя паспяхова прадавалася і канкурыравала на сусветных рынках.


Пацвярджаюць гэта і кампаніі, якія ўжо даўно зарабілі імя на сусветным рынку. Адна з іх — ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт». У сам холдынг уваходзіць 16 камерцыйных арганізацый, дзе працуе каля чатырох тысяч супрацоўнікаў. Кампанія актыўна развівае шэсць бізнес-кірункаў — ад распрацоўкі і вытворчасці бытавой і прамысловай электронікі да будаўніцтва, лагістыкі і паслуг. Акрамя некалькіх сотняў мадэляў тэлевізараў тут выпускаюць інтэрактыўныя сістэмы, электроніку для аўтамабіляў і сельгастэхнікі, многае іншае. У скарбонцы дасягненняў — кантракты з вядомымі сусветнымі брэндамі. Зрэшты, гэта цяпер «Гарызонт» можа ганарыцца такімі поспехамі. Але так было не заўсёды.

Падчас нядаўняга візіту ў інавацыйны цэнтр HORІZONT, які з’яўляецца «мозгам» холдынгу, Аляксандр Лукашэнка прыгадаў, як у самым пачатку свайго прэзідэнцтва наведваў прадпрыемства, якое апынулася ў вельмі цяжкім становішчы пасля развалу Савецкага Саюза. Але рашэнне захаваць кампанію было правільным.

— Гэта вялікая вытворчасць, гэта імідж нашай краіны. «Гарызонт», «Віцязь» у савецкія часы… «Гарызонт» — гэта наогул завоблачная была кампанія. Добра, што захавалі яе, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Новыя часы — новыя рашэнні. Нездарма кіраўніцтву холдынга даручана сумесна з урадам падумаць і вызначыцца, пад што неабходна задзейнічаць вытворчыя пляцоўкі ў цэнтры Мінска. Справа ў тым, што пакуль застаюцца незадзейнічанымі некалькі аб’ектаў, таму перыядычна паступаюць прапановы перадаць гэтыя тэрыторыі, напрыклад, пад жылую забудову або забаўляльныя цэнтры. Аднак пазіцыя Кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытанні прынцыповая — холдынг павінен прааналізаваць усё на перспектыву, каб потым не шукаць для сябе новыя вытворчыя плошчы:

— Трэба будаваць тое, што заўтра дасць грошы і куды мы зможам працаўладкаваць людзей…

Разам з тым, сённяшняя сітуацыя на прадпрыемстве спрыяльная. Пакуль прамыслоўцы ў многіх краінах падлічваюць страты ад пандэміі каранавіруса, на «Гарызонце» лічаць прыбытак. COVІD‑19 не знізіў попыт на тэлевізары і іншую электроніку, таму беларускі вытворца ў плюсе: планы тут распісаныя ўжо на ўвесь 2021‑ы. Ды і вынікі мінулага года ўражваюць: выручка ад рэалізацыі прадукцыі за 11 месяцаў наблізілася да 400 млн рублёў, а чысты прыбытак склаў амаль 21 млн рублёў. У цэлым жа за апошнія пяць гадоў холдынг практычна ў чатыры разы павялічыў аб’ём вытворчасці, экспарт вырас у 3,7 разы, а прыбытак ад рэалізацыі — у 4,6 разы.

Акрамя таго, як распавёў ген-дырэктар холдынгу Юрый Прадко, тут наладзілі выпуск уласных экранаў, што дазволіла павысіць долю лакалізацыі ў беларускіх тэлевізарах да 60 працэнтаў. Дарэчы, 90 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт. Па словах топ-менеджара, толькі за апошні год у пяць разоў выраслі аб’емы продажу ў Германію, у 4,4 разы — у Індыю, у два разы — у Казахстан, Польшчу і В’етнам.

Дарэчы, завод «Атлант», які таксама некаторы час таму наведваў Кіраўнік дзяржавы, падчас пандэміі істотна павялічыў пастаўкі халадзільнікаў у Расію. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў важнасць прынятага, няхай і не папулярнага ў свой час рашэння, якое каштавала і іміджавых страт, працягваць працу без прыпынкаў:

— Беларускія тавары пачалі з задавальненнем браць… Вы працуеце сёння дзень і ноч, попыт ёсць, на складзе ніякіх залежаў няма. І гэта тая вялікая справа, якую вы зрабілі.

Гэта, калі казаць канкрэтна, аб вытворцах. Але і аб глабальным не варта забываць. Абраная краінай тактыка адбілася і на ўзроўні эканомікі. На фоне падзення ВУП у краінах Еўрасаюза, Расіі і іншых рэгіёнах Беларусь завяршыла год з мінімальным зніжэннем эканомікі: валавы ўнутраны прадукт па выніках 2020‑га чакаецца на ўзроўні 99,5 працэнта да ўзроўню 2019‑га.

У цэнтры даследаванняў і распрацовак інавацыйных прадуктаў

Варта адзначыць, што у інавацыйным цэнтры HORІZONT сканцэнтраваны распрацоўшчыкі, прамысловыя дызайнеры, праграмісты, інжынеры, канструктары, якія ствараюць новыя прадукты спажывецкай і прамысловай тэхнікі, электронікі. Па сутнасці, холдынг з’яўляецца сучаснай прадуктовай кампаніяй. Убачанымі навінкамі і распрацоўкамі Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены. Ён таксама пазітыўна ацаніў той факт, што ў ІT-сферы нароўні з Паркам высокіх тэхналогій сёння працуюць і іншыя цэнтры, а ў Нацыянальнай акадэміі навук і на вытворчых прадпрыемствах з’яўляецца пласт маладых, перспектыўных спецыялістаў. Па словах Кіраўніка дзяржавы, у галіны ствараецца здаровая канкурэнцыя. Размаўляючы з калектывам інавацыйнага цэнтра, ён пракаментаваў гэта так:

— Вы з’яўляецеся добрай альтэрнатывай (айцішнікам. — Аўт.), дзе сабраны таленавітыя людзі. Патрэбна канкурэнцыя, патрэбныя некалькі пунктаў кампетэнцый. Я пераканаўся, што не дарма мы гэта ладзілі. Ёсць куды развівацца.

Распрацоўкі і прадукцыя холдынгу сёння наглядна дэманструюць: Made іn Belarus — гэта не толькі гучыць горда, але яшчэ і з’яўляецца гарантам якасці. Ва ўсялякім выпадку, прадэманстраваныя ўзоры ніяк не саступаюць замежным аналагам, а па цане абыходзяцца значна танней.

У сценах інавацыйнага цэнтра гаварылі не толькі аб будучыні холдынгу — усёй краіны. З актуальнага: цяперашні год абвешчаны Годам народнага адзінства. Першы, вельмі важны каментар з гэтай нагоды ўжо паспеў прагучаць у навагоднім звароце Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў перавярнуць старонку і спыніць непатрэбную канфрантацыю. А развіў тэму, размаўляючы з працоўным калектывам:

— Я хачу, каб у краіне было ціха і спакойна. Напэўна, вы і самі гэтага хочаце. Калі вам не падабаецца цяперашні Прэзідэнт, то толькі выбары могуць вырашыць гэтае пытанне. Толькі выбары. Я гэта кажу, як бы камусьці не падабалася. Вы, асабліва ў Мінску, павінны разумець, што акрамя Мінска ў нас — Беларусь. Кажуць, маленькая. Яна вялікая! Так, вы (моладзь. — Аўт.) — будучыня. Мы сыдзем. Вам потым берагчы гэтую краіну. Вы — будучыня. Але выбары — гэта ж калі і ў маладога чалавека — 18 гадоў і вышэй, і у старога бюлетэні аднолькавыя.

У сувязі з гэтым прагучаў заклік: не парушаць закон, кожнаму займацца сваёй справай, развіваць вытворчасць і ў першую чаргу думаць не пра сябе, а пра сваіх дзяцей. А пра апанентаў дзеючай улады Прэзідэнт выказаўся так:

— Хай гэта меншасць, але гэта мае людзі, як бы ні пафасна гучала. Калі хтосьці аблудны быў, я таксама хачу, каб яны пачулі: іншага кавалка зямлі ў нас не будзе. І не забывайце, мы — вось гэтае імгненне найважнейшае — можам страціць усё. Незваротна. Мы ўжо ніколі не вернемся да гэтага.

Мабыць, лепшы спосаб прарэкламаваць сваю прадукцыю — гэта звярнуць на яе ўвагу. Новенькі лазерны тэлевізар, які больш нагадвае невялікі скрутак, здабудзе сваё месца ў Палацы Незалежнасці. Зрэшты, і яшчэ аб адным кірунку сваёй дзейнасці супрацоўнікі холдынгу не прамінулі згадаць — аб магчымасці пераводу жыллёвага фонду на абаграванне электрычнасцю. Разлік тут просты: на «Гарызонце» наладзілі выпуск даступных і канкурэнтных электрычных воданагравальнікаў. Прэзідэнт не супраць падобных эксперыментаў, тэхналогію даручыў «абкатаць» на некалькіх дамах. А паралельна нагадаў аб тым, што ў краіне разгорнута кампанія па пашырэнні выкарыстання электраэнергіі ў розных сферах, уключаючы транспарт і ацяпленне памяшканняў. Праца ў гэтым кірунку вядзецца наступная: новыя дамы будуюцца з электраабаграваннем і электраплітамі, пачалася вытворчасць электрамабіляў, у якасці гарадскога транспарту актыўна выкарыстоўваюцца электробусы. Для рэалізацыі перспектыўных планаў будзе ў тым ліку выкарыстоўвацца і электраэнергія БелАЭС.

Уладзімір Веліхаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...