Вы тут

Вялікае жыццё малога горада


Беларусь — краіна малых гарадоў. Паўтары сотні гарадскіх паселішчаў з двухсот існуючых налічваюць менш за дваццаць тысяч жыхароў. У кожнага горада — свая гісторыя, непаўторнае аблічча, асаблівы лёс. Адны з іх, як, напрыклад, Тураў, Заслаўе або Камянец, адлічваюць сваю біяграфію ад часоў Кіеўскай Русі. Іншым — Новалукомлю, Белаазёрску, Касцюкоўцы, утвораным на базе прамысловых і энергетычных прадпрыемстваў, няма яшчэ і стагоддзя.


Сёння ў малых гарадах пражывае каля трох мільёнаў чалавек. Ад эканамічнага, сацыяльнага і культурнага «самаадчування» гэтых населеных пунктаў залежыць дабрабыт амаль трэці насельніцтва краіны. Не выпадкова развіццё малых і сярэдніх гарадоў у Беларусі абвешчана важнейшым прыярытэтам. Ён быў замацаваны Дзяржаўнай комплекснай праграмай развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх паселішчаў. Праграма ахоплівала 187 населеных пунктаў. Рэалізацыя тысячы інвестыцыйных праектаў (у тым ліку двухсот найважнейшых), стварэнне дзясяткаў тысяч працоўных месцаў, паніжэнне ўзроўню беспрацоўя — меры, замацаваныя Указам Прэзідэнта, павінны прыкметна павысіць якасць жыцця ў малых гарадах, раскрыць іх эканамічны патэнцыял.

Так, вялікі горад — вялікія магчымасці, малы горад — малыя. Жыхары буйных гарадоў, абласных цэнтраў — заўсёды знаходзіліся ў больш выгадных умовах у параўнанні з уладальнікамі пасялковай або райцэнтраўскай прапіскі. Не толькі ў сэнсе доступу да тэатраў або бібліятэк, але ў першую чаргу з пункту гледжання магчымасцяў заробку і пошуку працоўнага месца. Не ўсе горадаўтваральныя прадпрыемствы, якія былі галоўнымі карміцелямі жыхароў правінцыі ў часы планавай эканомікі, змаглі адаптавацца да рыначных умоў. Многія заводы і фабрыкі скарацілі аб’ёмы вытворчасці, некаторыя і зусім закрыліся. Жыццё ў некаторых населеных пунктах стала затухаць…

этыя прыгожыя цягнікі вырабляюць на заводзе ў Фаніпале. Фота SELL-OFF.LIVEJOURNAL.COM

Жыхарам пасёлка Ялізава Асіповіцкага раёна падобныя рэаліі добра знаёмыя. Гадоў дваццать таму найстарэйшы ў краіне шклозавод, на якім працавала большасць мясцовага насельніцтва, спыніўся. Іншай работы там не было. Усё змянілася, калі на прадпрыемства прыйшоў аўстрыйскі інвестар. У мадэрнізацыю завода адразу было ўкладзена 40 мільёнаў долараў. Старыя машыны змяніла сучаснае абсталяванне еўрапейскіх фірм. Сёння на прадпрыемстве выпускаюць дзясяткі найменняў бутэлек і слоікаў са шкла розных формаў, ёмістасці, колеру. Завод не толькі поўнасцю забяспечвае патрэбнасці ўнутранага рынку ў шклатары, але і адпраўляе яе за мяжу. Работнікі маюць дастойную зарплату. Знамянальна, што з адраджэннем прадпрыемства змяніўся і пасёлак, у добраўпарадкаванне якога штогод укладваюцца салідныя сродкі. І калі на пачатку 90‑х у Ялізава пуставалі каля сотні кватэр і дамоў, то з адраджэннем завода свабоднае жыллё раскупілі жыхары навакольных вёсак і нават гараджане.

Сучасная вытворчасць на шклозаводзе ў пасёлку Ялізава. Фота БЕЛТА

Як зацікавіць капітал у перамяшчэнні са сталіцы ў правінцыю, якая мае вострую патрэбу ў стварэнні новых канкурэнтаздольных вытворчасцяў? Стымулам у свой час стаў дэкрэт, падпісаны Прэзідэнтам, які прадаставіў ільготы для вядзення бізнесу ў малых гарадах. Напрыклад, камерцыйныя арганізацыі, ствараемыя ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек, на 5 гадоў з дня заснавання вызваляюцца ад падатку на прыбытак і некаторых іншых збораў. Пры ўвозе тэхналагічнага абсталявання, прызначанага для ўзносу ў статутныя фонды арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, прадпрымальнікі таксама вызваляюцца ад платы падатку на дабаўленую вартасць і мытных пошлін.

Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Інвестыцыі ў асноўны капітал у малых і сярэдніх гарадах за пэўны час прыкметна перавысілі запланаваныя аб’ёмы. Былі створаны тысячы працоўных месцаў. А прамысловая вытворчасць у глыбінцы прыкметна павялічылася. У беларускай правінцыі адкрылася «другое дыханне».

У старажытным Заслаўі беражліва ставяцца да сваіх помнікаў. Фота AN7.BY

Сусветны фінансава-эканамічны крызіс хоць і паўплываў на развіццё эканомікі, малыя гарады ў цэлым паказалі нядрэнную дынаміку. Тэмпы росту вытворчасці прамысловай і спажывецкай прадукцыі там вышэйшыя, чым у сярэднім па краіне. А інвестыцыі, укладзеныя ў асноўны капітал, далі хуткі эфект.

Новыя вытворчасці, сучасныя тэхналогіі, канкурэнтаздольная прадукцыя, дастойныя заробкі — усё, аб чым раней у правінцыі толькі марылі, цяпер становіцца рэальнасцю. Малыя гарады паступова ператвараюцца ў камфортныя месцы пражывання для чалавека, дзе ў яго ёсць праца, жыллё, аб’екты сацкультбыту і, у адрозненне ад сталіцы, чысцейшае паветра, таксама адсутнічае транспартная праблема. Акрамя таго, менавіта іх патэнцыял можа стаць рухавіком эканамічнага развіцця ўсёй краіны. Так, размешчаны за 30 кіламетраў ад Мінска Дзяржынскі раён, на тэрыторыі якога знаходзяцца тры населеныя пункты, якія трапілі ў праграму, — Дзяржынск, Фаніпаль і Негарэлае, — некалькі гадоў жывуць без датацый. Паспрыяў гэтаму актыўны прыток інвестыцый і стварэнне новых вытворчасцяў. Толькі ў Фаніпалі прыкладна за два гады было зарэгістравана каля трох дзясяткаў новых прадпрыемстваў. Большасць — вытворчых.

Дзяржынск пашырае свае межы за кошт новага будаўніцтва. Фота OSH.BY

Дынамічнае развіццё эканомікі змяніла і сам райцэнтр. Падаткі, якія адлічваюцца на развіццё малога горада акумулююцца на асобным рахунку. Гэтыя грошы аператыўна ўкладваюцца ў развіццё населенага пункта.

Адным словам, ёсць фактычнае пацвярджэнне таго, што падмуркам моцнай Беларусі, стварэнне якой было абвешчана галоўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі, сапраўды з’яўляюцца рэгіёны, якія дынамічна развіваюцца.

Васіль Харытонаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».