Вы тут

Што варта пачытаць?


Уладзімір Сцяпан. Хвалі. Мінск, Мастацкая літаратура, 2019

Вядомы майстар кароткай прозы выдаў кнігу, нетаропкае і ўдумлівае прачытанне якой падорыць сапраўдную асалоду. Гэтыя навэлы з іх скрупулёзнай фіксацыяй найменшых праяваў будзённасці могуць напачатку выклікаць асацыяцыю з жывым палатном, якое дыхае, варушыцца, тчэцца няўмольнай і абыякавай Арахнай на нашых вачах, струменіцца, як своеасаблівая плынь часу, а аўтар (між іншым, яшчэ і мастак, і фотамастак) проста вядзе хроніку таго няспыннага руху. Аднак гэта ілюзія. У тэкстах няма ніводнай выпадковай дэталі.

Сэнс мастацтва – хаваць яго. У Сцяпана вы не знойдзеце публіцыстычна-гучнага выказвання аўтарскай пазіцыі, наўпроставых апісанняў псіхалагічных станаў герояў. “Усясільны бог дэталяў”, калі ўзгадваць Барыса Пастарнака, правіць баль у гэтай прозе, дзе нязначныя, на першы погляд, рэчы, такія, як жоўтая маладая бульба, шкло з адбіткамі гарадскіх краявідаў, якое нясе па вуліцы рабочы, старыя мужчынскія чаравікі, сіняя нітка лесу са светлым пясочкам выяўляюцца чымсьці большым за сябе саміх. Пазбаўленыя навязлівай “літаратурнасці” вобразы трымаюць структуру аповеда, задаюць танальнасць і насычаюць тэкст псіхалагізмам. Гэта проза ўнутраных станаў, і майстэрства аўтара тут неаспрэчнае. Вішанькай на торце – нечаканая развязка: жоўценькая бульба, на якой сышліся позіркі двух мужчын, робіцца нагодай, каб распавесці драматычную гісторыю іх узаемаадносін, за такім прыгожым здалёк сасоннікам выяўляюцца калючы дрот і ўзброеныя салдаты, а шкло, якое нясе рабочы, каб уставіць у акно інтэрната, зойме месца выбітага самагубцам, што звёў тут рахункі з жыццём. З глыбокай дакладнасцю створаны аўтарам вобраз маці – простай беларускай сялянкі, якая мала спазнала радасці ў жыцці, затое цяжкасцей на яе лёс хапіла аж занадта. І адчуваецца шчырая разгубленасць аўтара перад такой несправядлівасцю, і пачуццё віны, што нячаста казаў маме слова “люблю”... Зборнік “Хвалі” быў летась уганараваны Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі “Проза”.

Алена Брава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?