Вы тут

Як міліцыянер калекцыянуе фігуркі соў


Добра, калі чалавек мае хобі. Гэты занятак спрыяе ў вольны час псіхалагічнай разгрузцы і маральнаму адпачынку. Але хобі пэўным чынам можа перасякацца з працоўнай дзейнасцю, прычым у даволі незвычайным ракурсе.


Першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусі — начальнік аддзела міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы падпалкоўнік міліцыі Сяргей Ермаловіч мае незвычайнае захапленне. Вось ужо больш за дзесяць гадоў ён калекцыянуе... фігуркі соў. Выявы драпежных лясных птушак вельмі даўно сталі сімвалам дэпартамента. Вядома, што сава мае шмат адметных здольнасцяў: яна бачыць у цемры, валодае вокамгненнай рэакцыяй і выразнай інтуіцыяй. А пры ўсім гэтым — вельмі адчувальная, таму не робіць рэзкіх рухаў. Наадварот, яна заўжды ўраўнаважаная і спакойная.

Збор соў у Сяргея Ермаловіча вельмі багаты. У ім ужо больш за сто самых розных экспанатаў. Але з чаго ж усё пачалося?

— Самы першы экзэмпляр у мяне з'явіўся больш за дзесяць гадоў таму. 29 кастрычніка Дэпартамент аховы адзначае дзень свайго ўтварэння. І вось да гэтай даты я набыў неяк сувенір для аднаго саслужыўца. Выбраў тады вельмі прыгожую саву, аздобленую шклярусам. Але так здарылася, што падарунак я ўручыць так і не здолеў... А пасля свята прайшло, нагода прапала. Вось так сувенір стаяў у шафе колькі часу. Ён мне вельмі падабаўся, і таму я пераставіў яго на бачнае месца. А пасля думаю: нечага тут у кампазіцыі не хапае. Паставіў яшчэ адну саву, пасля да яе дадалося яшчэ некалькі... Паступова пра гэтае захапленне даведаліся саслужыўцы, сябры, знаёмыя. Калі яны ездзілі ў іншыя краіны, то прывозілі мне адтуль фігуркі соў. І ўсе непадобныя адна на адну, — расказаў афіцэр.

Але на фота трапіў не ўвесь збор. Справа ў тым, што не так даўно Сяргей Ермаловіч быў пераведзены на новае месца службы з Чэрвеня, дзе ён узначальваў мясцовы аддзел Дэпартамента аховы. Таму пакуль што ў Мінск патрапілі самыя лепшыя экзэмпляры. Мяркуецца, што ўся калекцыя будзе выстаўлена ў абласным упраўленні на бачным месцы.

Самая ж незвычайная сава са збору мае нямецкае паходжанне.

— Увогуле, я памятаю, як у мяне з'явіўся кожны экспанат, — згадвае суразмоўнік. — Але прывезены з Германіі — самы незвычайны. Гэтая сава цалкам зроблена з натуральных матэрыялаў: галінак, шышачак, саломкі. Усё гэта змацавана клеем. Зроблена яна не фабрычным чынам, а ўручную. Таму я стараюся гэтую саву як мага менш перасоўваць.

Ёсць у калекцыі Сяргея Ермаловіча і іншыя незвычайныя экзэмпляры. Напрыклад, адна з фігурак зроблена з чорнага граніту. А побач з ёй стаіць сава-матрошка... Яшчэ адна фігурка цікавая тым, што мае свісток.

— А вось чучалы я не вітаю, — адзначае суразмоўнік. — Аднойчы здабыў, але адчуваў, як быццам ад яго ідзе нейкі негатыў. Таму перадаў на захоўванне ў іншую калекцыю. Затое калі выбіраешся ў лес, то савінае вухканне вельмі прыемнае для слыху. Аднойчы нават бачыў удзень, як гэтая птушка ляцела. І гэта сапраўды зачароўвае.

— Як вядома, лясная птушка стала яшчэ і сімвалам мудрасці. — Нездарма вось ужо колькі дзесяцігоддзяў знатакі з «Што? Дзе? Калі?» змагаюцца за тое, каб выйграць Вялікую крыштальную саву...

— Не, у нашай сям'і ніхто не гуляе ў інтэлектуальныя гульні на прафесійным узроўні. Але я прыкмеціў неяк, што мае дзеці карыстаюцца развіццёвымі мабільнымі праграмамі. Іх цікавяць не стралялкі, а праграмы, скіраваныя на развіццё логікі. І мне гэта падабаецца.

Між іншым, старэйшы сын Сяргея Ермаловіча вырашыў працягнуць дынастыю. Ён пайшоў вучыцца ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, сёлета мусіць атрымаць лейтэнанцкія пагоны.

— Прызваны ў армію, я трапіў ва ўнутраныя войскі. Адразу пасля звальнення ў запас, у снежні 1998-га, прыйшоў у міліцыю. Службу пачынаў у Чэрвені. Пасля завочна скончыў Акадэмію МУС і быў прызначаны на пасаду старшага інспектара групы ваенізаванай і вартавой аховы.

— Але ж служба ў маленькім горадзе адрозніваецца ад той, якая мае месца быць у сталіцы.

— Спецыфіка ў тым, што супрацоўнікі міліцыі і людзі ведаюць адзін аднаго хіба не ва ўсім. Ёсць такі добры выраз — «ведаеш усіх, вітаешся праз аднаго». І шанцаў «перамяніць абстаноўку» пасля службы ў вольны час, прыехаўшы дадому на другі канец таго ж Мінска, тут проста няма.

Сяргей Ермаловіч — не толькі кадравы афіцэр. У лютым 2018 года ён быў абраны дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. І ўжо ў першы год работы на гэтай пасадзе дапамог выправіць адну памылку.

— У вёсцы Іванічы на Чэрвеньшчыне ёсць помнік мясцовым жыхарам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Доўгі час за ім ніхто не даглядаў. Помнік пакрысе разбураўся. Міліцыянеры ўзялі над ім своеасаблівае шэфства і прывялі яго ў належны выгляд. Пабачыўшы, што мы пачалі яго добраўпарадкаваць, да нас сталі падыходзіць мясцовыя жыхары. Адна жанчына і падзялілася з намі сваёй гісторыяй. Аказалася, што на гэтым помніку ўшанавана памяць яе цесця. Але неяк так атрымалася, што яго прозвішча было напісана з памылкай. Бабуля так і казала: ну вось я хутка сыду, і ніхто не будзе ведаць, што тут дапушчана такая хіба. Паднялі ваенныя архівы, зрабілі запыт у ваенкамат — аказалася, што сапраўды, прозвішча на помніку было пазначана няправільна. Сітуацыю неўзабаве выправілі. Тым самым вярнулі хай на першы погляд і невялікую, але вельмі значную для нашчадкаў часцінку гістарычнай памяці.

Валяр’ян Шкленнік

Фота дадзена МУС Беларусі

Загаловак у газеце: Пад знакам савы


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?