Вы тут

Добрыя зарплаты — моцны дабрабыт. Што яшчэ абмеркавалі дэлегаты абласнога сходу ў Барысаве


310 дэлегатаў Міншчыны на VІ Усебеларускі народны сход сабраліся ў Барысаве на рэгіянальным сходзе, каб абмеркаваць тое, што ўдалося зрабіць за пяць мінулых гадоў і на што варта звярнуць увагу ў наступнай пяцігодцы.


Фота: БелТА.

Як адзначыў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч, за апошнія пяць гадоў дасягнулі шмат станоўчага. Аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту павялічыўся больш чым на 11 %. Гэта найвышэйшы паказчык сярод усіх абласцей. Тэмпы росту аб'ёмаў прамысловай прадукцыі на ўзроўні 122 %, сельскай гаспадаркі — 118 %, рознічнага тавараабароту — 129 %. Мінулыя дасягненні ў розных сферах народнай гаспадаркі стануць падмуркам для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця цэнтральнага рэгіёна.

Сяргей Ляўковіч падкрэсліў, што ў вобласці будуць аддаваць увагу рэгіянальнаму развіццю. Кірункаў некалькі. У прыватнасці, плануецца размяшчэнне індустрыяльных паркаў на тэрыторыі Барысаўскага, Валожынскага, Уздзенскага, Пухавіцкага, Стаўбцоўскага, Чэрвеньскага, Маладзечанскага раёнаў і ў горадзе Жодзіна. Гэта дазволіць вынесці прамысловыя прадпрыемствы з Мінска. У планах — стымуляванне развіцця гарадоў, дзе пражывае звыш 80 тысяч чалавек. Гэта Барысаў, Маладзечна, Салігорск.

Кіраўніцтва вобласці на першае месца ставіць дабрабыт людзей, а гэта значыць, і павелічэнне заработнай платы. Значная ўвага будзе ўдзяляцца развіццю аддаленых ад Мінска тэрыторый — паўднёвай і паўночнай частак Міншчыны.

— Менавіта сельская гаспадарка і турызм дадуць штуршок развіццю гэтых рэгіёнаў, — лічыць Сяргей Ляўковіч. — І тут мы звяртаем вялікую ўвагу на будаўніцтва транспартнай і лагістычнай інфраструктуры. Павялічваецца таксама заработная плата сельскіх працаўнікоў, будуецца жыллё. Гэта немалаважны аспект для тэрыторый, якія маюць сельскі ўклад. Менавіта тут імкнёмся наблізіць узровень жыцця, дабрабыту да гарадскога шляхам уладкавання сацыяльнай інфраструктуры. Акрамя таго, развіццё сельскай мясцовасці мы бачым у пашырэнні і ўдасканаленні агратурызму. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Мінская вобласць — адна з самых перспектыўных у гэтых адносінах.

За мінулую пяцігодку на Міншчыне колькасць аграсядзіб павялічылася ў паўтара раза. Прыемна тое, што жыхары сталіцы асвойваюць дачны адпачынак на адлегласці да 120 кіламетраў ад месца жыхарства. Сядзібы прымаюць да паўмільёна гасцей з Мінска штогод.

Важную ролю ў паляпшэнні эканамічных вынікаў адыгрываюць інвестыцыйныя праекты. Буйныя прадпрыемствы вобласці насуперак складаным умовам працягваюць рухацца наперад, выбудоўваюць эфектыўныя планы на пяцігодку. Флагманы не толькі Міншчыны, але наогул Беларусі будуць працягваць рэалізацыю найважнейшых інвестпраектаў. У прыватнасці, плануецца завяршэнне праекта на «Слаўкаліі», у выніку чаго тут будзе створана дзве тысячы рабочых месцаў, а экспарт калійных угнаенняў складзе 2 мільёны тон у год на суму больш, чым 600 мільёнаў долараў. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя мяркуе сфарміраваць 800 новых рабочых месцаў. А агульны аб'ём прадукцыі ў грашовым эквіваленце складзе каля 800 мільёнаў рублёў. «Беларуськалій» паспяхова асвойвае новы руднік. Агракамбінат «Дзяржынскі» прыступіў да будаўніцтва фермы па вырошчванні індыкоў у Капыльскім раёне. У Кітайска-беларускім парку «Вялікі камень» асвойваюць другую чаргу: выдзелены 860 гектараў зямлі, дзе будзе створана адпаведная структура. Адметную ролю ў жыцці вобласці адыгрываюць малыя і сярэднія прадпрыемствы, якіх налічваецца 64 тысячы, яны фарміруюць 40 % абласнога бюджэту, а ў валавым рэгіянальным прадукце іх доля звыш 30 %. Больш актыўна будзе весціся работа па прыцягненні інвестыцый у выніку прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Любая ініцыятыва знойдзе падтрымку ў кожным рэгіёне вобласці.

— Паколькі мы з'яўляемся цэнтральным рэгіёнам, то геаграфічнае становішча абавязвае развіваць сферу транспартных паслуг. Тысячы тон грузаў праходзяць праз Мінскую вобласць з Усходу на Захад і ў адваротным напрамку. Гэта стымул будаваць дарогі, сэрвісныя цэнтры, аўтацэнтры, — падкрэслівае Сяргей Ляўковіч. — У сацыяльнай сферы таксама плануецца шмат аб'ектаў. Летась мы адкрылі 20 дзіцячых садкоў. У гэтай пяцігодцы плануем узвесці 30 школьных і дашкольных устаноў, рэканструяваць больш як 80 аб'ектаў.

Як адзначыў Сяргей Ляўковіч, з дыялогавых пляцовак вынікае, што людзей перш за ўсё хвалююць жыллёвыя пытанні і ўзровень заработнай платы. Што датычыцца жылля, у бягучай пяцігодцы не выключаецца будаўніцтва шматкватэрных дамоў, але будзе выдзяляцца больш зямельных участкаў для індывідуальнай забудовы. У сувязі з чым плануецца ствараць адпаведную інфраструктуру. Гэта датычыцца камфортных дарог з цвёрдым пакрыццём.

Амбіцыйныя задачы ставяцца і ў сельскай гаспадарцы. На пяцігодку запланаваны рост аб'ёмаў вытворчасці аграпрамысловай прадукцыі на ўзроўні не менш як 111 %, а таксама выпуск экалагічна чыстых, бяспечных прадуктаў.

Па словах міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, сацыяльна-эканамічнае развіццё мае на мэце перш за ўсё павышэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу, лічбавую трансфармацыю, стварэнне дабратворнага асяроддзя ў рэгіёнах. Што наконт медыцыны, то тут з'явяцца новая абласная бальніца, установы аховы здароўя ў некалькіх райцэнтрах.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».