Вы тут

Бестсэлеры Мележа і Шамякіна ў ілюстрацыях: у цэнтры ўвагі чалавек


Днямі ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася літаратурна-мастацкая выстаўка «Каб чалавек жыў як чалавек...», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускіх пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна.


Мэта выстаўкі — аддаць даніну павагі летапісцам эпохі, зацікавіць чытачоў іх творамі. Постаці пісьменнікаў на выстаўцы будуць прадстаўлены праз прызму бестсэлераў савецкага часу — твораў, якія вытрымалі найбольшую колькасць перавыданняў, выходзілі мільённымі тыражамі, вызначыліся маштабнасцю ахопленых падзей, шматпланава раскрылі лёс беларускага народа ХХ ст. Гэта трылогія «Палеская хроніка», раманы «Мінскі напрамак», «Подых навальніцы» Івана Мележа, пенталогія апавяданняў «Трывожнае шчасце», раманы «Атланты і карыятыды», «Сэрца на далоні», «Глыбокая плынь» Івана Шамякіна. Яны сталі залатым фондам беларускай літаратуры, у якім чытач знаходзіць натхненне, суцяшэнне і адказы на выклікі часу.

— У экспазіцыі прадстаўлены выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ад 1940-х і да цяперашняга часу. Постаці нашых вядомых пісьменнікаў паўстаюць праз візуальную інтэрпрэтацыю іх літаратурных сюжэтаў. Мы свядома адышлі ад звыклых фарматаў, калі ўзгадваюць творчы і жыццёвы шлях пісьменнікаў. І абралі літаратурна-мастацкі ракурс, каб паказаць творчасць Івана Мележа і Івана Шамякіна праз творы 15 беларускіх і замежных мастакоў, якія ілюстравалі шэдэўры пісьменнікаў, — дзеліцца загадчыца сектарам мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вікторыя Харытонава. — Гэтыя мастацкія вобразы, якія бачым, — нібы магчымасць яшчэ раз пагартаць старонкі кніг любімых пісьменнікаў. Сюжэты класікаў для сучаснага чытача, можа, своеасаблівыя, але ў свой час гэтыя раманы і аповесці былі бестсэлерамі, смела, выразна і праўдзіва апісвалі актуальныя ў той перыяд праблемы. Думаю, калі чалавек схільны разважаць пра тое, што ўяўляе сабой чалавечая прырода, то ён і сёння зможа знайсці цікавыя адказы ў кнігах майстроў слова. Абодвух аўтараў аб’ядноўвае добразычлівае, паважлівае стаўленне да чалавека.

У экспазіцыі прадстаўлены самыя розныя выданні Івана Мележа і Івана Шамякіна. І першыя з іх, самыя рэдкія, і юбілейныя, з аўтографамі майстроў слова, у перакладзе, з выдатна аформленымі вокладкамі і ілюстрацыямі знакамітых мастакоў. Дапоўняць выстаўку ілюстрацыі, у якіх мастакі з глыбокім і тонкім псіхалагізмам раскрывалі вобразы літаратурных герояў. Сярод іншага можна пазнаёміцца з лінагравюрамі Наталлі Паплаўскай да рамана «Людзі на балоце» Івана Мележа, ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча, Людвіга Асецкага, Сяргея Раманава, Эдуарда Агуновіча, Мікалая Гаева і інш. Гэта шанец наноў асэнсаваць увасобленыя сродкамі выяўленчага мастацтва сюжэты класікаў пра няпростыя перыяды жыцця беларускага народа, аб праблемах бацькоў і дзяцей, грамадзянскай неабыякавасці, маральных і этычных спрэчках, тыповых надзённых чалавечых пытаннях. Адчуць гуманістычны пасыл, які аб’ядноўвае абодвух пісьменнікаў, упэўніцца, што ў цэнтры ўвагі класікаў заўсёды быў чалавек. 

Завітаць на выстаўку і здзейсніць сваё ўласнае падарожжа па творчасці беларускіх класікаў можна будзе да 15 мая 2021 года. Уваход на экспазіцыю па чытацкім білеце альбо па білеце сацыякультурнага цэнтра. 

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?