Вы тут

Мінскія дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу вызначылі свае бачанне курса развіцця горада і краіны


У сталічным гарадскім палацы культуры адбылася сустрэча ўдзельнікаў VI Усебеларускага народнага сходу ад Мінска. Мэта форуму — абмеркаваць асноўныя кірункі развіцця краіны і яе сталіцы на будучую пяцігодку.


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава павіншавала прысутных з абраннем дэлегатамі на сход, пажадала плённай працы ў гэтым важным грамадска-палітычным мерапрыемстве ў жыцці краіны. Паводле яе слоў, цікавасць да VI Усебеларускага народнага сходу вельмі вялікая, прапаноў па розных напрамках развіцця краіны паступіла вельмі шмат. Спікер верхняй палаты парламента выказала ўпэўненасць у тым, што на сходзе дэлегатаў чакае цікавая дзелавая размова.

Дарэчы, якасць і выніковасць дыскусіі ў значнай ступені залежыць ад падрыхтаванасці яе ўдзельнікаў. Спіс мінскай дэлегацыі на Усебеларускі народны сход сведчыць аб імкненні гараджан найбольш поўна прадставіць розныя слаі насельніцтва беларускай сталіцы ў абмеркаванні хвалюючых яе жыхароў праблем і пытанняў. Нагадаем, дэлегатамі сходу ад Мінска абраны 366 чалавек, у тым ліку 55 дэпутатаў гарадскога Савета дэпутатаў. Сярод дэлегатаў — людзі самых розных прафесій. Усе яны адукаваныя: вышэйшую адукацыю маюць 336 чалавек (91,8%), сярэдняя і сярэдняя спецыяльная — у 30 чалавек (8,2%).

Трохі іншай статыстыкі. Сярод прадстаўнікоў шмат жанчын: 170 мінчанак прысутнічалі на сходзе, а гэта 46,4% ад колькасці ўсёй мінскай дэлегацыі. Годна была прадстаўлена і моладзь — 45 дэлегатаў ва ўзросце да 30 гадоў (12,3%). Людзей, так бы мовіць, розных ступеняў сярэдняга ўзросту найбольш у дэлегацыі: ва ўзросце ад 31 да 40 гадоў — 58 дэлегатаў (15,8%), ад 41 да 50 гадоў — 130 (35,5%), ад 51 да 60 гадоў — 80 (21,9%). У мінчан-ветэранаў таксама была магчымасць сказаць свае важкае слова на сходзе: старэйшых за 60 гадоў абрана 53 дэлегаты (14,5%).

У рабоце гарадскога сходу, акрамя яго дэлегатаў, таксама прымалі ўдзел парламентарыі ад сталіцы: дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады. Да размовы таксама былі запрошаны прадстаўнікі прафсаюзных і грамадскіх арганізацый. Напрыклад, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Белай Русі, БРСМ, Беларускага саюза жанчын.

Удзельнікам гэтай прамой і адкрытай размовы трэба было выпрацаваць свае бачанне курса развіцця горада і краіны на пяцігодку, вызначыць і прапанаваць свае падыходы Усебеларускаму народнаму сходу па змесце і наступнай рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на новую пяцігодку. Пра яе ключавыя палажэнні расказаў прысутным міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў. У сваім выступленні ён зрабіў акцэнт на ролю і значэнне сталіцы ў ажыццяўленні планаў і праектаў Праграмы.

 Дарэчы, у рабоце сходу мінчан удзельнічалі і іншыя кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання: міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

У сваю чаргу, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ падзяліўся інфармацыяй аб выніках работы сталіцы за мінулае пяцігоддзе, акрэсліў задачы на будучую пяцігодку, назваў галоўныя пункты росту эканомікі Мінска. Калі задуманае атрымаецца рэалізаваць, то да 2025 года чакаецца прырост (у параўнанні з 2020-м) на 15–20% валавога рэгіянальнага прадукту, экспарту тавараў і паслуг, інвестыцый у асноўны капітал, рознічнага тавараабароту і рэальнай заработнай платы насельніцтва. Прыярытэтнымі напрамкамі, якія забяспечаць устойлівую дынаміку развіцця сталіцы, стануць лічбавая трансфармацыя эканомікі, правядзенне актыўнай інвестыцыйнай палітыкі і забеспячэнне росту інвестыцый у эканоміку, падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама.

Прысутныя з цікавасцю ўспрымалі і іншых прамоўцаў, выступленні якіх былі не толькі пра эканоміку і “сацыялку”, але і пра палітыку, новыя законы, сутнасць патрыятызму, выхаванне моладзі, сродкі масавай інфармацыі і г.д. Нечакана прагучала выступленне ганаровага грамадзяніна Мінска, старшыні саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая ЧАРГІНЦА. Ён заклікаў дэлегатаў павесці на шостым сходзе размову і пра літаратуру, пра небяспеку скарачэння бібліятэк у рэгіёнах, пра актуальнасць стварэння ў сталіцы паўнавартаснага Парку пісьменнікаў, дзе можна было б праводзіць розныя карысныя мерапрыемствы, у тым ліку і з маладзёжнай аўдыторыяй.

Старшыня савета камуністычнай партыі Беларусі Аляксей КАМАЙ звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення тлумачальнай работы сярод юнакоў і дзяўчат, рабіць стаўку на іх патрыятычнае і працоўнае выхаванне, напрыклад, у студэнцкіх будаўнічых атрадах. Лідар камуністаў таксама падверг крытыцы махляроў у сферы эканомікі, якіх трэба вывесці на чыстую ваду.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім ГІГІН казаў пра неабходнасць зрабіць правільныя высновы з палітычнага крызісу, які краіна перажыла летась. Крызіс павінен нас навучыць як жыць надалей.

Старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй КРЫВАШЭЕЎ заклікаў дэлегатаў надаваць самую пільную ўвагу медыявымярэнню, без чаго нельга годна дэманстраваць нашыя дасягненні.

Дырэктар мінскай гімназіі №1 і Ф.Скарыны Наталля БУШНАЯ гаварыла слушныя рэчы наконт таго, што сёння важна навучыць моладзь разважаць. А гэта немагчыма без удаскалення сістэмы адукацыі.

На заканчэнне размовы мінскія дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой падтрымалі курс на пабудову сацыяльна арыентаванай дзяржавы, павышэнне дабрабыту і якасці жыцця кожнага чалавека, забеспячэнне стабільнасці, міру і парадку ў краіне. У дакуменце гаворыцца аб тым, што будучай пяцігодцы трэба будзе вырашыць шэраг надзённых задач у эканоміцы, навуцы і тэхналогіях, у галінах аховы здароўя, адукацыі і культуры і, галоўнае, крок за крокам дамагацца павышэння якасці жыцця людзей на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця.

Дэлегаты ад сталіцы падтрымалі ключавыя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады і абавязаліся ініцыяваць актыўнае абмеркаванне ў працоўных калектывах рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу.

Леанід ТУГАРЫН

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.