Вы тут

Як на «Беларусьфільме» кіно мінулага стагоддзя пераводзяць у HD-якасць


Для заўзятых сінефілаў, а таксама любіцеляў настальгіі (калі ёсць, па чым) і проста ўсіх зацікаўленых беларускім кінематографам з нядаўняга часу адкрылася новая прыемная опцыя. Намаганнямі тэхнолагаў-рэстаўратараў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у інтэрнэце цяпер можна свабодна паглядзець некаторыя класічныя карціны студыі, адрэстаўрыраваныя і ў HD-якасці.


Ужо зараз для бясплатнага прагляду ў высокай якасці даступны, напрыклад, «Я родам з дзяцінства» Віктара Турава, «Альпійская балада» Барыса Сцяпанава, рарытэтны «На чорных лядах» Валерыя Панамарова і некаторыя іншыя. Каб убачыць гэтыя фільмы, трэба ўсяго толькі зайсці на адзін з каналаў неабсяжнага відэахостынга YouTube — «Беларусьфильм Digital». Акрамя ўласна фільмаў (і мультфільмаў, дарэчы), тут публікуюцца і розныя «спадарожныя» матэрыялы аб рэстаўрацыі кінастужак. Вельмі раім завітаць.

Са слоў вядучага спецыяліста Беларусьфільма па лічбавых кінатэхналагічных працэсах Валерыя Грашэўскага, усё пачалося ажно ў далёкім 2008 годзе. Тады на кінастудыі вырашылі, што, відаць, наспеў час перайсці на лічбу, і закупілі адпаведнае абсталяванне. Тым не менш ад плёнкі цалкам адмаўляцца не сталі, і наступныя чатыры гады фільмы здымаліся па асаблівай тэхналогіі з выкарыстаннем аналагавых кінакамер.

У прафесійным асяроддзі для называння гэтай тэхналогіі прынята ўжываць прыгожы варварызм Digital Intermediate. Словазлучэнне перакладаецца прыкладна як «лічбавы прамежны працэс». Сутнасць яго заключаецца вось у чым: непасрэдна здымка вядзецца на кінаплёнку, затым зняты матэрыял сканіруецца, і ўсе далейшыя стадыі кінавытворчасці (мантаж, колеракарэкцыя, постэфекты) вядуцца ўжо на камп'ютары.

Раней жа трэба было выкарыстоўваць розныя мудрагелістыя прыстасаванні для механічнай апрацоўкі плёнкі, што ва ўмовах «прамысловага камбіната» — недапушчальная раскоша з пункту гледжання працаёмкасці і часу. Акрамя таго, хаця працэс і быў з гадамі добра наладжаны, заўсёды існавала рызыка сапсаваць матэрыял пры правядзенні рознага роду фізіка-хімічных «працэдур». Карацей кажучы, патрэбна была рацыяналізацыя вытворчасці, першым этапам якой і стала частковая лічбавізацыя.

«Прычым тут рэстаўрацыя старога кіно?» — спытаеце вы. Патлумачым. Перад праяўкай плёнку трэба было “пачысціць” і, калі неабходна, пазбавіць рознага кшталту дэфектаў, падлатаць. Потым, пасля адлічбоўкі, пры дапамозе праграмных інструментаў прыбіраліся апошнія хібы. Прасцей кажучы, праводзілася не што іншае, як рэстаўрацыя! Адрозненне ад сённяшняй толькі адно (хаця і даволі істотнае): значна больш высокая якасць зыходнікаў.

Анімацыйны фільм «Светлячок і расінка», 1978 г.

Нягледзячы на тое, што пасля 2012 года для стварэння новых карцін на студыі плёнку больш не выкарыстоўваюць, менавіта ў той перыяд былі закладзены асноўныя перадумовы будучага «Беларусьфильм Digital». Менавіта з таго часу кінастудыя пачынае назапашванне ведаў у дадзенай галіне, мадэрнізацыю лічбавых тэхналогій і развіццё адпаведных кампетэнцый, паступова набліжаючыся да ідэі планавай рэстаўрацыі сваіх бязмежных фондаў.

Каля двух гадоў таму пачалася большменш асэнсаваная праца ў гэтым кірунку. Сталі весці павольную падрыхтоўку, намацоўвалі глебу, пакрысе алічбоўвалі матэрыял (пакуль без далейшай рэстаўрацыі). Нарэшце, у мінулым годзе праект публічна стартаваў — у сеціве з'явіліся першыя адноўленыя фрагменты, а потым і цэлыя фільмы. Сёлета ўжо, як сцвярджае Валерый Грашэўскі, ёсць афіцыйная дамоўленасць з Міністэрствам культуры і распрацаваны план. У 2021-м рэстаўратары павінны здаць 13 мастацкіх фільмаў.

Дарэчы, пра іх. Ва ўнутраным архіве студыі налічваецца каля 10 тысяч адзінак захоўвання. Ёсць з чаго выбіраць! Фільматэка складаецца ў асноўным з пазітыўных (прызначаных для кінапракату) копій, а не арыгіналаў. Арыгінальныя ж негатывы збольшага знаходзяцца ў Маскве. У першую чаргу гэта датычыцца фільмаў савецкага часу. Сістэма саюзнай кінематаграфіі была строга цэнтралізаваная: негатывы фільмаў з усіх нацыянальных студый абавязкова павінны былі адсылацца ў Дзяржкіно ў Маскву. На жаль, пасля распаду СССР яны там і засталіся.

З наяўных 10 тысяч адзінак (не блытаць з асобнымі фільмамі!) прыярытэт для рэстаўрацыі аддаецца тым карцінам, копіі якіх захаваліся лепш і адпаведна маюць лепшы фізічны стан. З імі зручней і, галоўнае, хутчэй. На дадзеным этапе, калі трэба напрацаваць партфоліа і прывабіць інвестараў, гэта вымушаная неабходнасць. З іншага боку, рана ці позна час дойдзе да ўсіх заўважных твораў з калекцыі. Ды і, шчыра кажучы, іншых твораў у ёй асабліва няма.

Акцёр Глеб Глебаў у фільме «Усходні калідор».

Зараз у працы знаходзяцца тры фільмы: поўнаметражныя «Канстанцін Заслонаў» (1949) Уладзіміра Корш-Сабліна і «Горад майстроў» (1966) Уладзіміра Бычкова, а таксама анімацыйны кароткаметражны «Дыназаўрык» (1982) Таццяны Жыткоўскай. Гэта толькі тыя, што цяпер актыўна рэстаўрыруюцца і ўжо ўзгоднены з міністэрствам. На чарзе ж — безліч кінастужак.

Спачатку пойдуць творы, на якія Беларусьфільм мае выключныя аўтарскія правы — ігравыя мастацкія кінакарціны (акцэнт на першай частцы слова). Гэтыя фільмы ствараліся намаганнямі адной студыі для далейшай дэманстрацыі іх у кінатэатрах. Ёсць, аднак, вялікі пласт іншых стужак, не менш значных для гісторыі і па мастацкіх якасцях, але якія маюць не такі адназначны статус — тэлефільмы.

Да іх адносяцца ў тым ліку: знакамітыя «Пра Чырвоную Шапачку», «Прыгоды Бураціна» і «Казка пра Зорнага хлопчыка» Леаніда Нячаева, цыкл «Дзяржаўная мяжа» і шмат якія яшчэ. Неадназначнасць іх статусу выклікана тым, што ўсе яны з'яўляюцца вынікам капрадукцыі — сумеснай вытворчасці студый «Беларусьфільм» і «Тэлефільм». Правы на такія праекты, як правіла, падзелены адразу паміж некалькімі прадпрыемствамі. Гэта значыць, што, каб іх выкарыстоўваць, трэба спачатку вырашыць пытанне з астатнімі правапераемнікамі. Некаторыя з тых слаўных тэлефільмаў таксама знаходзяцца ў працы або ўжо нават цалкам адрэстаўрыраваны, аднак, па згаданых юрыдычных прычынах, іх пакуль нельга апублікаваць. Спадзяёмся, пытанне хутка вырашыцца.

Дык як жа, уласна кажучы, выглядае працэс рэстаўрацыі? На першым этапе сярод усіх наяўных фільмакопій якойнебудзь карціны абіраецца найлепшая па якасці (найменш сапсаваная). Потым спецыяліст уручную праглядае плёнку на прадмет яўных хібаў (напрыклад, пашкоджаная перфарацыя) і, калі патрэбна, пры дапамозе скотча і спірта рамантуе. Далей плёнка зараджаецца ў спецыяльную «пральную машыну». Тут яна на працягу пэўнага часу мыецца ў перхлорэтылене, які, дарэчы, выкарыстоўваецца таксама ў хімчыстцы. Гэта дазваляе прыбраць з паверхні плёнкі розныя непажаданыя часцінкі — рэшты знешняга асяроддзя (пылінкі, тлустыя падцёкі, усялякія асадкі). Працэс цалкам аўтаматызаваны.

Наступным этапам ідзе сканіраванне. Машына-сканер практычна ў рэальным часе (з хуткасцю самога фільма) алічбоўвае стужку: і карцінку, і гук. Так-так, паколькі праца вядзецца пераважна з пазітывамі, фанаграма адразу зафіксавана на плёнцы! Рэч у тым, што пазітыўныя копіі як прызначаныя для кінапраектараў адразу рабіліся з дадатковай гукавой дарожкай на задняй частцы, якая наносілася спецыяльным аптычным метадам. Такая была тэхналогія іх стварэння. Цяпер абедзве гэтыя дарожкі сканіруюцца дарагім апаратам, прычым карцінка — адразу ў 4K-раздзяленні. Пасля ўжо другая супермашына злучае атрыманыя «слайды» ў адзіны відэафайл. З гэтым файлам далей і працуюць рэстаўратары.

Кадр з фільма «Прастытутка (Забітая жыццём)», 1926 г.

Ну, як «працуюць»... Пакуль яшчэ не. Асноўны масіў працы на гэтым этапе таксама выконваецца камп'ютарам. Спецыяльныя праграмы і алгарытмы, заснаваныя на тэхналогіі штучнага інтэлекту, выдаляюць з карцінкі розныя відавочныя «артэфакты», выпраўляюць скажэнні, падладжваюць кадрыраванне (становішча кадра адносна цэнтра), робяць базавую колеракарэкцыю. І толькі пасля ўсяго гэтага за справу бярэцца чалавек. Задача — дапрыбіраць тое, што не заўважыў алгарытм, падправіць там, дзе ён перастараўся, і, акрамя таго, адрэдагаваць каларыстыку.

Валерый Грашэўскі сцвярджае, што часам лічбавая рэстаўрацыя нават ідзе на карысць аўтарскай задуме. Дзе-нідзе яна дапамагае выправіць заганы самой кінаплёнкі як фізічнага носьбіта або банальныя памылкі, дапушчаныя кінематаграфістамі, напрыклад, пры праяўцы.

Постар фільма «Міколка-паравоз».

Неабходна прызнаць, лічбавая кінарэстаўрацыя — гэта, апрача ўсяго іншага, апошні трэнд індустрыі ў прынцыпе. Паглядзіце, напрыклад, на адзін з найбуйнейшых кінафестываляў свету — Венецыянскі. Тут з нядаўняга часу ёсць цэлая асобная намінацыя для старых фільмаў. Яна называецца «Класіка Венецыі», і ў 2017 годзе ў ёй, між іншым, перамог вядомы фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі» (можна сказаць, руска-беларускага паходжання). А наперадзе яшчэ столькі мінулага! Чакаюць свайго часу адкрыцца наноў «Праз могілкі», «Усходні калідор», «Вянок санетаў» і маса іншых цудоўных карцін!

Карацей кажучы, не губляйце магчымасці прычыніцца да культурнай спадчыны папярэдніх пакаленняў і хутка ідзіце на YouTube! Кіно, як ніякае іншае мастацтва, дакладна перадае дух часу, фіксуючы яго ў руху. Таму так цікава глядзець архіўныя фільмы, асабліва калі яны тутэйшыя, што яны ўжо не проста творы, а кавалкі гісторыі. Падсумоўваючы, скажам: справа рэстаўрацыі ўласных фондаў — дужа прыстойны занятак для нацыянальнай кінастудыі, які паказвае на яе даросласць і выклікае павагу.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў выданні «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?