Вы тут

Дайджэст алімпійскіх навін


Алімпійскі рух за сотні гадоў свайго існавання прызвычаіўся да розных выпрабаванняў. Таму, нягледзячы на пандэмію каранавіруса і многія сусветныя праблемы, свет рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў. Падрыхтоўка да алімпіяды 2021 года ў Токіа выйшла на фінішную прамую, у самым разгары і падрыхтоўка да зімовых гульнях 2022 году ў Пекіне. З’яўляецца ўсё больш навін, прысвечаных Алімпійскім гульням 2024 у Парыжы.


  • Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах выказаў упэўненасць у правядзенні Гульняў XXXII алімпіяды ў Токіа летам 2021 года. У размове з прадстаўнікамі японскіх СМІ ён адзначыў, што МАК не мае «плану Б» нават на фоне рэзкага ўсплёску выпадкаў захворвання на каранавірус у японскай сталіцы. «У нас няма ніякіх падстаў меркаваць, што старты ў Токіа не адкрыюцца 23 ліпеня. Арганізацыйны камітэт і МАК поўныя рашучасці зрабіць Гульні бяспечнымі і паспяховымі», — адзначыў Томас Бах. 

Раней аргкамітэт і ўрад Японіі выключылі якія-небудзь іншыя адтэрміноўкі ў правядзенні Алімпіяды. Прэм’ер-міністр Японіі Есіхідэ Суга настойвае на тым, што галоўныя старты будуць праведзены адпаведна з графікам як «доказ перамогі чалавецтва над каранавірусам». 

Сваёй галоўнай задачай арганізатары лічаць бяспеку ўдзельнікаў і аматараў. Томас Бах неаднаразова падкрэсліваў, што эканоміі сродкаў для гэтага не будзе. Праз дадатковыя расходы, звязаныя з пераносам Алімпійскіх гульняў і мерамі супраць распаўсюджвання каранавіруса, бюджэт форуму значна ўзрос, зараз ён складае 15,9 мільярдаў долараў. 


  • У цырымоніі адкрыцця XXXII летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа прыме ўдзел шэсць тысяч атлетаў. Пра гэта, спасылаючыся на японскія СМІ, паведаміў Міжнародны алімпійскі камітэт. Арганізацыйны камітэт Алімпіяды ў японскай сталіцы выступае за спрашчэнне цырымоніі адкрыцця ў сувязі з аптымізацыяй затрат і прафілактыкай распаўсюджвання каранавіруса. Да пераносу Алімпійскіх гульняў планавалася, што на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця будзе задзейнічана каля 11 тысяч спартсменаў з 200 краін. Аднак праз пандэмію цырымонію скарацілі. Цяпер галоўная задача арганізатараў — пазбегнуць вялікай колькасці людзей у зоне выхаду на стадыён.

  • Будаўніцтва Вёскі атлетаў да зімовых Алімпійскіх гульняў 2022 скончыцца ў чэрвені 2021 года. «Зараз вядзецца актыўнае будаўніцтва жылога комплексу. У ім падчас спаборніцтваў размесціцца больш за 2300 атлетаў і членаў афіцыйных дэлегацый. Асноўныя работы павінны скончыцца ў чэрвені», — расказаў намеснік дырэктара адміністрацыйнага камітэту Алімпійскага парка Ян Пін. У кітайскай сталіцы будуць жыць прадстаўнікі відаў спорту, спаборніцтвы па якіх пройдуць у кітайскай сталіцы. Біятланісты, снаўбардысты і лыжнікі будуць выступаць у горадзе Чжанцзякоў, які размешчаны за 193 кіламетрах ад Пекіна, там узводзіцца яшчэ адна Алімпійская вёска.

У Пекіне ўжо гатовы Нацыянальны канькабежны цэнтр, Дзяржаўны палац спорту, дзе будуць разыграны медалі ў фігурным катанні і шорт-трэку. Гатовы і Нацыянальны плавальны комплекс, які прыме алімпійскія спаборніцтвы па кёрлінгу. Усяго спаборніцтвы будуць прымаць 25 аб’ектаў, размешчаныя ў трох кластарах — Пекіне, Чжанцзякоў і Яньцыне. Арганізатары ў поўнай меры выкарыстоўваюць спадчыну летніх Алімпійскіх гульняў, якія Пекін прымаў у 2008 годзе. 

XXIV зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Кітаі з 4 па 20 лютага 2022 года. Медалі будуць разыграны ў 109 дысцыплінах. Упершыню будуць прадстаўлены спаборніцтвы ў жаночым слоуп-стайле (фрыстайл), мужчынскім і жаночым біг-эйры (снаўборд), змяшанай эстафеце ў шорт-трэку і жаночых адзіночных заездах у бобслеі. 


  • Арганізацыйны камітэт Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у Пекіне прадставіў афіцыйныя піктаграмы спаборніцтваў. На 24 піктаграмах адлюстраваны дысцыпліны, уключаныя ў праграму Алімпіяды-2022, яшчэ шэсць — дысцыпліны Паралімпіяды. 

Піктаграмы распрацаваны на аснове традыцыйнага кітайскага пісьменства і адлюстроўваюць дынамічнасць зімовых відаў спорту і багатую графічную культуру Кітая. Як адзначаецца, аўтараў натхнілі піктаграмы летніх гульняў у Пекіне, якія прайшлі ў 2008 годзе. 

Упершыню спартыўныя піктаграмы былі прадстаўлены на Алімпійскіх гульнях 1964 года ў Токіа. Яны неабходныя для візуальных зносін міжнародных груп спартсменаў і аматараў. Яны дапамагаюць ідэнтыфікаваць пэўны від спорту, выкарыстоўваюцца ў дызайне білетаў, плакатаў і іншай друкаванай прадукцыі. Разам з талісманам і лагатыпам піктаграмы надаюць кожным Алімпійскім гульням унікальны вобраз. 


  • Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту зацвердзіў генеральны план правядзення Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 2024 году ў Парыжы, які прадставіў арганізацыйны камітэт алімпіяды. 

Разам з міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту, Міжнародным паралімпійскім камітэтам, зацікаўленымі бакамі арганізатары распрацавалі адноўленую канцэпцыю галоўных стартаў чатырохгоддзя. Аптымізаваная стратэгія Алімпіяды — 2024 азначае новую эру ў правядзенні Гульняў. Яна прадугледжвае скарачэнне колькасці новых пабудоў, магчымасць сумеснага выкарыстання некаторых аб’ектаў, эканомія бюджэту і строгі кантроль над расходамі, беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. 

Напрыклад, у дэпартаменце Сен-Сен-Дэні будзе пабудавана новая база для спартыўнага скалалажання. У гэтым раёне будуць праводзіцца алімпійскія спаборніцтвы па пяці відах спорту: лёгкая атлетыка, водныя віды, скалалажанне, рэгбі і стральба. У дэпартаменце будуецца Палац водных відаў спорту, які задаволіць патрэбы насельніцтва.  

Генеральны план прадугледжвае перанос некаторых спаборніцтваў на іншыя арэны. Імкненне выкарыстоўваць ужо існуючыя аб’екты, а не будаваць новыя акажа станоўчы ўплыў на намаганні Парыжу ў галіне ўстойлівага развіцця. У параўнанні з дзвюма апошнімі Алімпійскімі гульнямі, форум у Парыжы выклікае ўдвая меншы выкід вуглякіслага газу. Гэта стане магчыма дзякуючы таму, што ў Парыжы будзе выкарыстана 95 % ужо існуючых спартыўных арэн, а не будуць стварацца новыя. 

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: ski.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?